Дапамогай у адміністрацыйных, скарбовых і арганізацыйных справах гетману служылі розныя чыноўнкі: абозны, стражнік і некалькі палявых пісараў. Камандаваньне артылерыяй і ўсе зьвязаныя зь ёй адміністрацыйныя справы былі ў руках старшага над гарматамі.
Тактыка, якая выкарыстоўвалася ў другой палове XVI ст. войскамі Рэчы Паспалітай, была цесна зьвязана з характарам арміі. Польская і літоўская коньніца складалася ў пачатку панаваньня Батуры зь пяці, а пяхота зь сямі розных фармаваньняў. За панаваньне апошняга зь Ягайлавічаў колькасныя адносіны коньніцы да пяхоты складалі зазвычай 2:1. Калі пры Жыгімонту Аўгусту пяхота была дапаможным фармаваньнем у дачыненьні да коньніцы, то пры Батуру імкнуліся як павысіць яе колькасны стан, так і павялічыць ранг на полі бою. Акурат на пяхоту і артылерыю клаўся галоўны цяжар абложных дзеяньняў.
Вынік бітвы ў адкрытым полі надалей вырашала коньніца. Строй, які ёй выкарыстоўваўся, быў нашмат больш плыткі, чым той, у якім строілі коньніцу на захадзе Эўропы. Ён меў глыбіню чатырох шэрагаў, а паглыбленьне ўдару адбывалася праз увядзеньне ў бой аддзелаў другога і трэцяга эшалёнаў. Коньніца Рэчы Паспалітай ў той час ужо набыла такую характэрную для яе рухавасьць і ўстаноўку на змаганьне халоднай зброяй. Падчас аблогаў крэпасьці яна праводзіла глыбокія рэйды ў тыл праціўніка, разьбівала аддзелы ворага, якія сьпяшаліся на дапамогу, а пры патрэбе падтрымлівала штурм пяхоты.
ВЫТОКІ КАНФЛІКТУ
СТРАТА ПОЛАЦКА Ў 1563 г.
Маскоўска-Літоўскія войны
Пад канец XVI ст. Вялікае Княства Маскоўскае, якім кіраваў здольны і амбітны Іван III, скінула татарскае ярмо і распачала палітыку «зьбіраньня зямель рускіх». У выніку натуральнай хады падзеяў галоўным ворагам маскоўскай дзяржавы стала ўрэшце Вялікае Княства Літоўскае, межы якога ў той час сягалі верхняй Акі, Вугры і Масквы. Стасункі паміж суседзямі рэгулявала мірная дамова 1449 г., але ўжо пад канец панаваньня Казімера Ягелончыка дайшло да канфліктаў на тэрыторыі Верхаўскіх княстваў. У 1492 г. усчалася першая літоўска-маскоўская вайна, у якой ліцьвіны панесьлі паразу. Шмат верхаўскіх князёў перайшлі на бок Івана III, але тэрытарыяльныя страты яшчэ не былі вялікімі. Была падпісана новая мірная дамова, падмацаваная шлюбам Аляксандра Ягелончыка з Аленай Іванаўнай.
Значна больш трагічным аказаўся для Літвы наход арміі Івана III, распачаты вясной 1500 г. 14 ліпеня літоўская армія на чале з Канстанцінам Астроскім панесла паразу пад Вядрошай, у выніку чаго маскоўскія войскі занялі вялізныя тэрыторыі, падпарадкаваныя Вялікаму Княству Літоўскаму. Спробы адбіць страчаныя землі былі марныя, і ў 1503 г. Аляксандар Ягелончык прыняў жорсткія ўмовы Івана III. У маскоўскія рукі патрапіла рэшта Верхаўскіх княстваў, Севершчына, Чарнігаўшчына і паўночна-ўсходняя Смаленшчына з Тарапцом, Дарагобужам і Вязьмай. Літва страціла траціну сваіх уладаньняў, а Смаленск, Віцебск і Полацак апынуліся ў непасрэдным суседзтве зь мяжой.
Празь некалькі гадоў пасьля заключэньня няўдалай мірнай дамовы адбылася зьмена на маскоўскім і літоўскім тронах. На першы ўзышоў Васіль III, а на другі — Жыгімонт І Стары. У 1507 г. выбухнула чарговая літоўска-маскоўская вайна, аднак яна не прынесла значных тэрытарыяльных зьменаў. Наступны канфлікт, які адбываўся ў 1512–1522 г., прынёс Літве чарговыя страты на ўсходзе. У 1514 г. армія Васіля III змусіла да капітуляцыі залогу смаленскай крэпасьці, якой не ўдалося вярнуць, нягледзячы на бліскучую перамогу Канстанціна Астроскага пад Воршай.
Амбіцыі Васіля III заходзілі так далёка, што падчас перамоваў у 1517–1518 гг. ён акрэсьліў Віцебск і Полацак як спадчыну сваіх продкаў і, больш за тое, запатрабаваў Кіеў. Калі яшчэ апошні знаходзіўся па-за абсягам яго магчымасьцяў, то віцебская і полацкая землі сталі мэтай зьнішчальных маскоўскіх паходаў. Першая моцная маскоўская армія зьявілася пад Полацкам улетку 1518 г. і, разгарнуўшыся на беразе Дзьвіны, пачала блякаду гораду. Аднак полацкі ваявода Альбэрт Гаштольд здолеў наладзіць сувязь з войскамі пад камандаваньнем Яна Батарынскага, якія ішлі на дапамогу. Начная атака з двух бакоў на маскоўскі лягер скончылася разгромам войскаў праціўніка. Аднак у наступным годзе маскоўскія войскі правялі зьнішчальны рэйд, які сягаў амаль Вільні. У такіх абставінах у 1522 г. было заключана замірэньне.