Спробы вярнуць Полацак
Страта Полацку ў 1563 г. узрушыла ўсю Літву і Карону, падобна як калісьці капітуляцыя Смаленску. Чарговы раз выявілася слабасьць Вялікага Княства Літоўскага, якое не магло справіцца з сур’ёзным праціўнікам бяз больш рашучай дапамогі Кароны. Хоць цар не заняў усю Дзьвіну, але праз заваёву Полацку
панішчыў польскі гандаль з Рыгай, разбураў асновы гандлёвай палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, якая разьвівалася з XV cт. і галоўным цэнтрам якой быў Полацак. Зноў жа, маскоўскае праваслаўнае духавенства ў здабыцьці Полацку сваім манархам бачыла трыюмф «благочестия» над каталіцызмам і ерэтычным горадам, бо — як усклікалі з захапленьнем — у Полацку цар сьвятыя цэрквы ад іконаборцаў-лютаранаў ачысьціў.
На вестку пра падзеньне Полацку Жыгімонт Аўгуст быццам бы заплакаў і, часта выціраючы сьлёзы, заклікаў шляхту і сэнатараў, сабраных на пётркаўскім сойме, зацьвердзіць падаткі на войска. Просьбы манарха былі задаволеныя, аднак, пакуль паступілі грошы, не было войскаў прыкрываць межаў. Таму ў Маскву былі пасланыя адно за адным два пасольствы, якія пераканаліся ва ўсё большай пыхлівасьці Івана IV. Зьдзіўленыя дыпляматы пачулі, што за мір цар патрабуе цяпер ня толькі Лівонію да Дзьвіны і Полацак, але і сьцьвярджае, што «і Вільня, і падольская зямля, і галіцкая зямля, і ўся валынская» — гэта яго спадчына! Урэшце цар згадзіўся ўкласьці замірэньне і абмежаваць свае патрабаваньні Полацкам ды Інфлянтамі, але ліцьвіны палічылі гэта занадта цяжкімі ўмовамі.
Замірэньне, укладзенае на час перамоваў, скончылася 6 сьнежня 1563 г. У пачатку студзеня ў межы Вялікага Княства ўварваліся дзьве маскоўскія арміі, якія налічвалі дзесяць зь нечым тысяч чалавек кожная. Першая, на чале зь Пятром Сярэбраным, вырушыла са Смаленску і стала табарам за дзьве мілі на захад ад Воршы. Тут да яе павінна была далучыцца другая армія, якая пад камандаваньнем князя Пятра Шуйскага пакінула лягер пад Полацкам. Над Літвой навісла пагроза зьнішчальнага паходу і страты чарговых замкаў.
На гэты раз навіны пра маскоўскія пачынаньні дайшлі да Мікалая Радзівіла «Рудога» маланкава. Літоўскі гетман зразумеў, што ён павінен запабегчы злучэньню варожых армій. Сабраўшы 6 тысяч чалавек (пераважна коньніцы) ён рушыў з Лукомлю супраць бліжэйшага праціўніка, г. зн. супраць Шуйскага. Падчас сямімільнага маршу праз засьнежаныя дарогі невялікі аддзел пяхоты застаўся далёка ззаду. 26 студзеня 1564 г. Радзівіл дайшоў з адной коньніцай
да мястэчка пані Кішчынай-Чашнік, дзе прыбеглі вартаўнікі, паведамляючы, што бачылі маскоўскія разьезды.
Шуйскі, папярэджаны пра надыход ліцьвінаў, расставіў свае палкі на чашніцкіх палях пры рацэ Уле. Нягледзячы на раньнія зімовыя прыцемкі Радзівіл не намерваўся адкладаць сутыкненьня з праціўнікам на наступны дзень. Першымі рушылі ў атаку літоўскія харугвы, якія вёў чаркаскі стараста Юры Зяновіч і князь Багдан Саламярэцкі. Маскоўская коньніца сьмела выйшла ім насустрач. Хвалі ваяроў абрынуліся адна на адну і на замерзлым полі загуў трэск ламаных дзідаў і звон шабляў. Літоўскія шыхты на момант пахіснуліся пад націскам большых сіл ворага, але Радзівіл адразу кінуў ім на дапамогу новыя роты. Дзьве гадзіны працягваўся зацяты кавалерыйскі бой, а шалі перамогі хіліліся то адзін, то на другі бок. Як толькі сьцямнела, Шуйскі быў паранены і мусіў пакінуць поле бою. Напэўна, ніхто не спадзяваўся, што гэта стане пераломным момантам бітвы. Зьнікненьне камандзіра выклікала такую паніку ў маскоўскіх шэрагах, што царская коньніца кінулася наўцёкі, пакідаючы як сваю пяхоту, так і гарматы на здабычу праціўніка.
Ліцьвіны пусьціліся ў пагоню, «седзячы на карках» маскоўскіх амаль 5 міляў. Так пры гэтым забыліся, што забілі каля 50 маскоўскіх ваяроў, якія годам раней перайшлі на бок караля і змагаліся ў бітве супраць сваіх землякоў. Падвёў традыцыйны маскоўскі строй, які яны захавалі. Да найвялікшай разьні дайшло пры пераправе праз Улу і Крыўчу, якая ўпадала ў яе. Маскоўскія страты дасягалі некалькіх тысяч забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон. Сярод палеглых знайшлі таксама князя Аляксея Празароўскага, князя Мікіту Адоеўскага, камандзіра артылерыі Восіпа Быкава, які вылучаўся вялізнымі памерамі, і, ўрэшце, самога князя Пятра Шуйскага, якога падчас уцёкаў засяклі ў лесе сяляне.