Выбрать главу

Пераможцы захапілі вялізны маскоўскі табар.

Зь Літвы даносілі:

Больш за пяць тысяч вазоў у ім знаходзілася. Акрамя зброі, панцыраў і кірасаў, акрамя сабалёвых футраў і іншых прыладаў для аховы ад марозу, было поўна дываноў, усякага правіянту і срэбнага посуду. (…) І праз гэта ў нашым войску такі дастатак і таннасьць усяго, што жаўнеры вымушаны харчы сялянам дарма пакідаць, а дасьпехі па чырвоным злотым вугорскім прадаюцца.

На вестку пра паразу палкоў Шуйскага маскоўская армія, сканцэнтраваная пад Воршай, не наважылася ісьці далей на захад і пачала сьпешна адступаць на Смаленск. Ліцьвіны вырашылі сабраць большыя сілы і, атрымаўшы абяцяньне ў дапамозе з боку Польшчы, пачалі плянаваць удар на Полаччыну. Улетку 1564 г. літоўская армія Радзівіла аб’ядналася з польскім дапаможным корпусам Станіслава Лясьнёўскага, які налічваў 4900 коньніцы і 3700 пяхоты. Войскі, якія налічвалі дзесяць зь нечым тысяч жаўнераў, пераправіліся празь Дзьвіну і скіраваліся ўздоўж яе паўночнага берагу на Полацак, больш разьлічваючы, напэўна, на капітуляцыю гораду, чым на змаганьне. Але гарадзкія валы былі ўжо адноўленыя пасьля папярэдніх разбурэньняў, а былыя жыхары замененыя вернападданымі Івана IV. 16 верасьня пачалася блякада гораду. Ліцьвіны і палякі зрабілі два штурмы з-за Палаты, але празь нешматлікую артылерыю яны былі загадзя асуджаныя на няўдачу. Хоць меркавалася даставіць цяжкія абложныя гарматы,

але на дапамогу полацкаму гарнізону выйшлі зь Вялікіх Лукаў шматлікія сілы на чале з князямі Сярэбраным і Пронскім. У такіх абставінах пасьля ўсяго 17-дзённай аблогі гетман Радзівіл пераправіў войскі назад за Дзьвіну і адышоў ад Полацку, не чакаючы прыбыцьця маскоўскіх ваяводаў.

Так, першая спроба вярнуць Полацак скончылася няўдачай. На шчасьце, агульная стратэгічная сытуацыя пачала зьмяняцца на карысьць Польшчы і Літвы. Параза пад Чашнікамі запаволіла далейшае прасоўваньне царскіх войскаў, а на ваенныя ініцыятывы Івана IV пачалі ўплываць канфлікты з баярствам. Усё часьцейшыя выпадкі жорсткасьці і барацьба з баярскай апазыцыяй прывялі за эміграцыі некаторых прадстаўнікоў баярства на літоўскія землі. Незадаволенасьць панаваньнем Івана IV узрасла, калі ў 1565 г. ён увёў рэжым апрычніны.

Аднак ліцьвіны ня здолелі напоўніцу выкарыстаць цяжкасьцяў, зь якімі сутыкнуўся Іван Жахлівы, і марнавалі свае сілы на партызанскую вайну, не адважваючыся на якую-небудзь сур’ёзную акцыю. У 1565 г. аршанскі стараста Філон Кміта спаліў Почап і дабраўся аж да Старадубу; князь Карэцкі хадзіў разам з Курбскім пад Вялікія Лукі, а каронныя роты Станіслава Лясьнёўскага спусташалі Смаленшчыну. Аднак удалося дасягнуць таго, што літоўскія аддзелы і нашэсьце каралеўскага хаўрусьніка хана Даўлат Гірэя вымусілі Івана IV пачаць перамовы.

Улетку 1565 г. было складзена замірэньне на два гады з намерам пачаць мірныя перамовы. Палякі і ліцьвіны выкарысталі іх, каб выбіць швэдаў зь Лівоніі, а Іван IV — для чарговай расправы над апазыцыяй. Аднак неўзабаве, не зважаючы на замірэньне, царскія ваяводы пачалі ўрывацца на літоўскія землі. Яны папросту будавалі драўляныя замкі на тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага, прылеглых да сваіх нядаўніх набыткаў. Апісаная вышэй спраўнасьць і добрая арганізацыя ў будове тых умацаваньняў прынесла ім вялікія посьпехі, асабліва на Полаччыне. Мэтай было, зразумела, прыкрыцьцё Полацку ланцугом зь як мага большай колькасьцю зьвёнаў — меншых замкаў.

У ліпені 1566 г. падданыя Івана IV узьвялі замак Ула ля сутоку аднайменнай ракі і Дзьвіны, а таксама Сокал каля тракту да Пскова, у месцы, дзе Нішча ўпадала ў Дрысу. Пакуль дзейнічала замірэньне, паўсталі яшчэ Тураўля, Нешчарда, Казяны і Суша. У выніку дзякуючы сыстэматычнаму будаўніцтву замкаў царскія войскі ўварваліся прыблізна на 50 кілямэтраў углыб Літвы (ад Полацку да возера Суша) безь неабходнасьці весьці баі ў полі.

Спачатку літоўскія пасланцы, якія падчас замірэньня курсавалі паміж Вільняй і Масквой, пратэставалі супраць падступнай тактыкі Івана IV. Калі дыпляматычныя захады не далі плёну, было вырашана будаваць такія ж замкі, як і Масква, з тым адрозьненьнем, што іх узводзілі не на землях, занятых праціўнікам. Узводзілі іх насупраць маскоўскіх замкаў, або стараліся выбіраць такія месцы, якія не дазвалялі б падданым Івана IV прасоўвацца далей на літоўскія землі. На поўдзень ад Полацку, на высьпе возера, якое ўтварала рака Лепель, узьнік лепельскі замак, далей — Варонін, Дрыса і Дзісна, а потым яшчэ некалькі меншых. Пра іх забесьпячэньне можа сьведчыць прыклад Крывіна, узьведзенага князем Раманам Сангушкам. У гэты замак паслалі: лёгкіх гармат з Барысава — 4; жалезных ядраў для гэтых гармат — 400; гарматнага пораху — 4 цэнтары; пораху для рушніц — 6 цэнтараў; пораху для гакаўніц — 4 цэнтары; волава — 4 цэнтары; зь Вільні гакаўніц — 600; рушніц —100; а зь Пінску —100 рушніц.