Своеасаблівая гонка будаваньня драўляных крэпасьцяў урэшце прывяла да ўзброеных канфліктаў, але нават яны не паўплывалі на зрыў замірэньня. Сур’ёзная бітва адбылася ў гэты пэрыяд вясной 1567 г., калі літоўскія выведнікі данесьлі, што царскія войскі рыхтуюцца будаваць чарговыя замкі, на гэты раз паблізу Віцебску. Новы вялікі гетман літоўскі Рыгор Хадкевіч паслаў у месцы, што апынуліся пад пагрозай, некалькі соцень казакоў, але неўзабаве аказалася, што князь Юры Тамакоў ужо пачаў будаваць замак Коп’е на возеры Суша. Працу прыкрывала 8-тысячная армія Пятра Сярэбранага. Найбліжэй да гэтага ўчастку, у ваколіцах Чашнікаў, знаходзіўся зяць гетмана, князь Раман Сангушка, які меў у распараджэньні 2 тысячы жаўнераў (7 харугваў коньніцы, 400 пяхоты і 500 казакоў). Уначы з 20 на 21 ліпеня ён засьпеў зьнянацку войскі Сярэбранага і разьбіў іх у кароткай бітве. На жаль, пагоню за здабычай спынілі жаўнеры Тамакова, разьмешчаныя на пагорку за лягерам Сярэбранага. Яны сьпешна акапаліся, і нагода здабыць гарадзішча незваротна мінула. Хоць ліцьвіны думалі пра рэгулярную аблогу і дастаўку гармат з Барысава, але новыя маскоўскія падмацаваньні, пасланыя на Сушу, прымусілі Сангушку адступіць.
Ваенныя дзеяньні ў большым маштабе аднавіліся ўлетку 1567 г. Іван IV рушыў да Вялікіх Лукаў з намерам заняць рэшту Лівоніі, пазбаўленую мацнейшых польска-літоўскіх гарнізонаў. У гэты ж час каралеўская армія, падтрыманая літоўскім паспалітым рушаньнем, канцэнтравалася пад Маладэчнам, пасьля чаго была перасунута пад Радашкавічы, што знаходзіліся на мяжы Менскага павету. 21 лістапада ў Радашкавічы прыбыў Жыгімонт Аўгуст, выклікаючы вялікую радасьць сярод ліцьвінаў, якія здаўна дабіваліся, каб манарх асабіста пакіраваў ваеннай выправай.
Лягер пад Радашкавічамі выклікаў у назіральнікаў супярэчлівыя пачуцьці.
Дзівіліся… асабліва з польскага боку, што ліцьвіны, якія амаль дзесяць гадоў нясуць на сваіх плячах цяжар вайны, могуць адзначацца такой ахвярнасьцю. У той час як шляхціц абавязаны быў на дзесяць падданых даць аднаго коньніка, падобна, нават тыя, што мелі два ці тры падданых, стараліся выставіць на ўзор багатых таксама па адным жаўнеру. Настрой быў спачатку бесклапотны, ліцьвіны шалелі ад радасьці, што ўрэшце бачаць сярод сябе самога караля, які ўсур’ёз бярэцца за вайну. Хоць пара году не была адпаведнай, набліжаліся дажджы, восеньская слота, а потым — зіма, якая давала перавагу Маскве, якая звычайна ваявала ў такую пару, аднак гэта не псавала настрою, бо казалі, што лепей мокнуць і мерзнуць на дажджы і марозе, чым схіліць карак пад ярмом самага жорсткага ворага.
Час таксама праходзіў весела, на бяседах і ў забавах, тым больш што багата літоўскіх паноў, цягнучыся на выправу, не забылі ўзяць з сабой жонак і фрэйлін. (…). Казалі, што непрыяцель ня мае войска на мяжы, а тое, якое меў, паслаў на поўдзень, супраць каўкаскіх плямён, якія спусташалі паўднёвыя межы Масквы. З боку Літвы Іван не павінен быў ні на што спадзявацца, разьлічваючы на абаронны вал рэк і балот, якія яго ад яе аддзяляў.
Насамрэч шпегі данесьлі Івану Жахліваму пра значныя каралеўскія сілы, сабраныя пад Радашкавічамі. У такіх абставінах у першай палове лістапада маскоўскі ўладар склікаў баяраў да Краснага на нараду. Іх меркаваньне было адназначнае. Паколькі намеры караля былі невядомыя, яны раілі адкласьці напад на Лівонію і перайсьці да абароны. Іван IV вярнуўся ў Маскву, дзе адчуў новую змову. Частку сабраных сілаў скіраваў у прымежныя замкі, а дзьве арміі пакінуў у Тарапцы і Вялікіх Луках назіраць за пачынамі каралеўскіх войскаў. Гэтыя арміі павінны былі дапамагаць землям, якім пагражала атака ліцьвінаў. Такім чынам канцэнтрацыя польска-літоўскай арміі пад Радашкавічамі ўратавала Лівонію ад немінучага нашэсьця Івана IV. Таму, напэўна, ня маюць рацыі крытыкі, якія цалкам асуджаюць т. зв. радашкавіцкі паход Жыгімонта Аўгуста.
28 лістапада пад Радашкавічамі быў праведзены попіс наёмных харугваў і шляхецкіх аддзелаў. Усе войскі былі пастроены такім чынам, каб візуальна павялічыць сапраўдную колькасьць войска, таму некаторыя хранікёры пісалі пра 50 і нават 100 тысяч чалавек, нібыта сабраных каралём. Насамрэч налічвалася каля 47 тысяч ваяроў, з чаго амаль 30 тысяч складала паспалітае рушаньне. У склад арміі ўваходзіла вялікая колькасьць пяхоты і коньніцы, нанятай за грошы са скарбу Вялікага Княства, і 2400 палякаў. Колькасьць гармат ацэньвалі прыблізна на 100.