Слаба аснашчанае і недасьведчанае паспалітае рушаньне было непрыдатным для паходу на маскоўскія землі. Яно б ня справілася зь цяжкасьцямі аблогі крэпасьцяў, паколькі не магло нават вытрымаць абознага жыцьця. Бедная шляхта ня мела шмат грошай і харчоў, а дарагоўля, якая панавала на купецкіх латках, пастаянна памяншала яе колькасьць. Кароль не супрацьдзейнічаў, дэманстрацыя зброі ўжо дасягнула сваёй мэты, і было вырашана, што паспалітае рушаньне вернецца дадому. Далейшыя дзеяньні мусілі распачаць наёмныя войскі, скіраваныя на чале з гетманам Хадкевічам пад Барысаў. Жыгімонт Аўгуст вярнуўся ў Горадню.
Галоўныя літоўскія сілы Рыгора Хадкевіча пачалі дзейнічаць толькі ў студзені 1568 г., калі на Маскву абрынулася нашэсьце крымскіх татараў. З-пад Барысава ў той час вырушыла на здабычу Улы войска прыкладна на 10–12 тысяч коньніцы і 6 тысяч пяхоты, якім камандаваў жамойцкі стараста і адміністратар Лівоніі Ян Геранім Хадкевіч.
Ула знаходзілася на доўгім вузкім мысе, які ўзьнік пры сутоку аднайменнай ракі і Дзьвіны. Над драўляным замчышчам дамінавала 7 вежаў з байніцамі і зубцамі. Ад асновы мысу ніжняя частка валу і вежы амаль па ўсёй вышыні былі пакрытыя глінай для абароны ад агню. Ахову гэтага боку фартыфікацый
дадаткова ўмацоўваў роў, а менавіта напоўнены вадой раскоп, які злучаў Дзьвіну з Улай. Адразу за ім усю шырыню рову перагароджваў шэраг кабылін,[10] якія ускладнялі доступ да перадпольля валу.
Пачатая ў лютым 1568 г. трохтыднёвая аблога замку праводзілася вельмі няўдала. Хоць і абстрэльваліся валы, але замкавая сьцяна, «моцна збудаваная і набітая зямлёй, ніяк не магла абваліцца». Да таго ж Хадкевіч ня мог захаваць дысцыпліну ў падпарадкаваных яму аддзелах і, нягледзячы на дэтанацыю міны, пяхота не пайшла на штурм. Толькі другая атака на Улу, па-майстэрску праведзеная князем Раманам Сангушкам уначы 20 жніўня 1568 г., скончылася ўзяцьцем замку. Здабыча Улы была сур’ёзным посьпехам каралеўскіх войскаў. Царскія ваяводы маглі адказаць толькі партызанскай вайной. Яна вялася на ўсім памежжы ад Смаленскай зямлі да Лівоніі да канца 1569 г., аднак не паўплывала на зьмену тэрытарыяльнай пазыцыі абодвух бакоў. У большай ступені, чым ваенныя дзеяньні, на іх уплывала зьмена міжнароднага становішча.
З часу ўзяцьця Полацку Масква не дасягнула ніводнага значнага посьпеху ў змаганьні з Польшчай і Літвой. Тым часам вайна паўплывала на зьмякчэньне жорсткай пазыцыі ліцьвінаў наконт уніі з Польшчай, і 1 ліпеня 1569 г. быў урачыста прыняты акт Люблінскай уніі. Узьнік новы палітычны арганізм, названы Рэччу Паспалітай Абодвух Народаў. Да кароны далучаліся ўкраінскія ваяводзтвы, дзякуючы чаму яна атрымала непасрэдную мяжу з паўднёвымі раёнамі Маскоўскай дзяржавы. Гэта абяцала непазьбежную заангажаванасьць Польшчы ва ўсе канфлікты на ўсходзе. У выніку перавароту ў Стакгольме Іван IV страціў свайго хаўрусьніка Эрыка XIV Шалёнага. Швэдзкі трон здабыў Ян III Фінляндзкі, жанаты з Кацярынай Ягелонкай, што пад канец вайны дало плён ў аднаўленьні замірэньняў. Швэды пачалі супрацоўнічаць з Рэччу Паспалітай, а датчане — з Масковіяй.
У пачатку 1570 г. у Маскву прыбыло каралеўскае пасольства, якое Іван Жахлівы прыняў досыць ласкава. Аднак перамовы былі доўгія і няпростыя. Ніводзін з бакоў не хацеў адмаўляцца ад Полацку, дый разьвязаньне лівонскага пытаньня яшчэ не сасьпела, таму не ўдалося падпісаць мірнай дамовы. 22 чэрвеня было заключана трохгадовае замірэньне, а за аснову браўся тагачасны статус-кво. Масква пакідала сабе Полацак, частку Лівоніі з Дорпатам, усходнюю Эстонію і Нарву. Перамовы ў Шчэціне, распачатыя ў верасьні таго ж году, прывялі да пагадненьня з Даніяй і Швэцыяй. Першая захоўвала пры сабе астравы Дага і Саарэма, другая — заходнюю Эстонію з Рэвелем.
Згодна з дамовай аб замірэньні, у 1571 г. адбылася сустрэча камісій Рэчы Паспалітай і Масковіі, якія мусілі адмежаваць полацкую і віцебскую землі, г. зн. царскую тэрыторыю, ад Літвы. Аднак бакі ня здолелі паразумецца, а разыходжаньні ў актах даходзілі да соцень, і нават тысяч квадратных кілямэтраў. Нельга было разьлічваць нават на дапамогу мясцовага насельніцтва.
У выніку зьнішчальнай ваеннай стыхіі і акупацыйнага спусташэньня дэпапуляцыя Полаччыны была такой вялікай, што царскія камісары, пасланыя для перапісу новых уладаньняў і межаў нованабытых зямель, ня раз ня мелі ў каго пытацца пра гэтыя межы. Акрамя двух папоў, а дакладней аднаго, які добра арыентаваўся ў справе, пратапопа Рыгора, яны не сустрэлі нікога, да каго маглі б зьвярнуцца па інфармацыю.
10
Кабыліна (іначай кабыліца) — перашкода, выкананая з гарызантальна складзеных камлёў з каротка абсечанымі і завостранымі кутамі.