Урэшце на маскоўскім баку засталася большая частка Полацкага ваяводзтва па правым баку Дзьвіны (за выключэньнем ваколіц Дрысы), а таксама клін уладаньняў на левым беразе ракі, на поўдзень ад Полацку (Туроўля, Краснае, Суша).
На занятых абшарах Полаччыны цар праводзіў калянізацыйную акцыю, падобную да той, якая раней ажыцьцяўлялася ў некаторых раёнах Лівоніі (Нарва, Дорпат). Мы ўжо згадвалі пра высяленьні ўглыб царскіх уладаньняў і ўцёкі значнай часткі жыхароў Полацкага ваяводзтва ўглыб Літвы. У першую чаргу былі дастаўлены каляністы ў сам Полацак, а былі імі сем’і баярскіх дзяцей і стральцоў, якія складалі залогу. Празь некалькі гадоў царскія намесьнікі пачалі раздаваць уладаньні літоўскіх палонных і ўцекачоў.
Раздача зямлі значна ажывілася ў 1570–1571 гг., калі, як пісаў Р. Мяніцкі,
у сувязі з укладаньнем замірэньня цар паскорыў паглыбленьне тут свайго панаваньня з дапамогай калянізацыі, умацаваньня і ўкараненьня карэннага маскоўскага насельніцтва. Насаджаў тады роі баярскіх дзяцей, якія ў значнай колькасьці рэкрутаваліся з ноўгарадзкай зямлі, прышчапляў казакоў, розных іхных сотнікаў, пяцідзясятнікаў і казацкіх галоў, перасаджваў аж з далёкай Волгі на Дзьвіну казанскіх татараў, абдорваў дзякоў, замкавых прыказчыкаў і ключнікаў. Гэтая калянізацыя была наступным этапам пасьля правядзеньня калянізацыйнай кампаніі Масквы ў землеўладаньнях невельскіх і себескіх зямель, адкуль цяпер далей на захад, на зямлю Рэчы Паспалітай, ішла ўсходняя хваля.
Здавалася, нішто ня можа пагражаць царскаму панаваньню на полаччыне.
БАРАЦЬБА ЗА ЛІВОНІЮ Ў 1575–1578 гг.
Сьцяпан Батура на троне Рэчы Паспалітай
У 1572 г. памёр кароль Жыгімонт Аўгуст, і Рэч Паспалітая Абодвух Народаў упершыню трапіла ў небясьпечны пэрыяд бескаралеўя. Некаторыя тагачасныя дзяржаўныя дзеячы баяліся, што Іван IV парушыць замірэньне, аднак цар, цешачы сябе надзеяй на карону Рэчы Паспалітай, захаваў укладзеныя дамовы. Нават калі б палякі і ліцьвіны не далі яму кароны, уладар Масковіі мог мець надзею, што на трон узыдзе чалавек, які не захоча працягваць вайну за далёкую Лівонію. Тут ён меў на думцы перадусім кандыдата Габсбургаў, якія традыцыйна падтрымлівалі добрыя стасункі з Масковіяй. Аднаму зь літоўскіх пасольстваў ён нават заявіў, што гатовы вярнуць Полацак узамен за перадачу яму ўсёй Лівоніі ажно да Дзьвіны. Іншаму прапанаваў парваць сувязі з Каронай і ўкласьці унію зь Вялікім Княствам Маскоўскім. Так ці інакш Іван згадзіўся падоўжыць замірэньне, і на літоўскім памежжы панаваў мір.
Перапынак у збройных акцыях супраць Рэчы Паспалітай цар вырашыў выкарыстаць, атакуючы швэдзкія ўладаньні ў Лівоніі. На мяжы 1572 і 1573 гг. маскоўскія войскі ўзялі Вайсэнштайн (Weissenstein, цяпер Пайдэ). Пад мурамі замку загінуў царскі любімец Малюта Скуратаў, за што маскалі адпомсьцілі, спаліўшы жыўцом усіх узятых у палон жаўнераў праціўніка. Узімку 1574 г. царскія войскі спусташалі Эстонію. Хоць яны не ўзялі ніводнага значнага гораду, але ўмацавалі царскае панаваньне ў паўночнай Лівоніі.
Як бы з нагоды паходу на Эстонію, войскі Івана Жахлівага ўварваліся ў студзені 1575 г. у ўладаньні Рэчы Паспалітай ў Лівоніі. Наход закрануў землі паміж рэкамі Пярну і Салаца, якія былі найдалей высунутыя на поўнач. Пры царскай арміі знаходзіўся дацкі князь Магнус. Гэты досыць амбітны брат караля Даніі ўжо некалькі гадоў быў зьвязаны з Іванам IV. Ажаніўшыся з маскоўскай князёўнай, ён насіў ганарысты тытул караля Лівоніі і меў надзею, што як васал Масквы ў будучым авалодае ўсёй правінцыяй. А пакуль што ён са згоды цара ўладарыў у некалькіх меншых замках і дапамагаў Івану захопліваць ўладаньні Рэчы Паспалітай і Швэцыі, прадстаўляючыся як адзіная асоба, якая можа ўратаваць насельніцтва ад гневу жорсткага цара. Да ліпеня яму здаліся пазбаўленыя залог Салаца, Хелме, Эрмісту і Руена, якія ня мелі надзеі на дапамогу. Урэшце 9 ліпеня пала Пярну, пасьля чаго Іван, не зважаючы на пратэкцыю Магнуса, «з розных каралеўскіх уладаньняў каля 40 000 чалавек у няволю павёў».
Каралеўскі адміністратар Лівоніі Ян Хадкевіч меў замалыя сілы, каб думаць аб стрыманьні маскоўскага нападу. Толькі ўвосень, калі царскія войскі сышлі з поля, разьмясьціўшыся ва ўзятых замках, ён арганізаваў набег на маскоўскую Лівонію. Аднак, акрамя вяртаньня замку Руена з дапамогай войскаў Рыгі, ён не дасягнуў ніякіх значных вынікаў.