Выбрать главу

Пэўны момант здавалася, што маскоўская пагроза аддалілася ад ўладаньняў Рэчы Паспалітай у Лівоніі. Узімку з 1575 на 1576 г. цар зноў скіраваў свае войскі на швэдзкія ўладаньні, узяўшы ўсю Эстонію, за выняткам Рэвэлю. Маскоўская і татарская коньніца прабраліся па лёдзе на востраў Саарэмаа і зрабавалі ўладаньні дацкага караля.

Між тым у сьнежні 1575 г. пад Варшавай пачаўся другі элекцыйны зьезд, на якім кандыдатура Івана IV яшчэ карысталася пэўнай папулярнасьцю сярод ліцьвінаў. Хоць цар не спадзяваўся ўсур’ёз на карону Рэчы Паспалітай, тым ня менш адбылася выгадная для яго падвойная элекцыя: імпэратара Максыміліяна ІІ і трансыльванскага князя Сьцяпана Батуры. Як заўважыў К. Алейнік, у Лівоніі ў той час актывізавалася гонка з часам. Рэч Паспалітая старалася зацягнуць замірэньне і ўмацаваць абарону тых замкаў, якія яшчэ знаходзіліся ў яе руках, а Масковія пачала рыхтавацца да далейшых захопаў, каб заняць як мага больш тэрыторыяў, першы як на трон узыдзе новы кароль.

Батура досыць хутка зьявіўся ў Кракаве, дзе правёў каранацыю. У той час аказалася, што дзяржаўны скарб зусім пусты і знайсьці жывыя сродкі на абарону Лівоніі немагчыма. Акрамя таго, становішча Батуры ў Рэчы Паспалітай і няпэўнасьць яго дачыненьняў з імпэратарам Максыміліянам ІІ прымушалі яго ангажавацца ў іншым кірунку. Не знайшоўшы іншага спосабу стрымаць праціўніка, кароль паслаў у Маскву мірнае пасольства на чале з Юр’ем Грузьдзінскім і Лявом Букавецкім. Аднак цар ставіў жорсткія ўмовы, патрабуючы ўступіць яму ўсю Лівонію.

Нягледзячы на перамовы, у каралеўскім двары баяліся, што ў кожны момант можа пачацца чарговая маскоўская атака на Лівонію. Замірэньне, адноўленае падчас бескаралеўя, было падоўжана да жніўня 1576 г. У гэты час Батура рыхтаваўся да вайны з Гданьскам, які не хацеў прызнаваць яго ўлады, таму зь цяжкасьцю здабыў крыху грошай на вярбоўку палявому гетману літоўскаму Крыштапу Радзівілу. Крыху сродкаў удалося сабраць дзякуючы пастановам рады літоўскага сэнату, сабранай у Кнышыне. У жніўні манарх правёў нараду з колам вышэйшых военачальнікаў, дзе было вызначана, што палявы гетман літоўскі нойме 1500 коньніцы, а каля 500 жаўнераў, пасланых з князем Аляксандрам Палубінскім, умацуюць лівонскія замкі. Далейшыя рашэньні наконт ваенных набораў мусілі залежаць ад вальнага сойму, скліканага на кастрычнік 1576 г. у Торуні. Аднак той замест прызначэньня чаканых падаткаў згадзіўся толькі на скліканьне пры неабходнасьці паспалітага рушаньня.

Невялікія сродкі, якія каралеўскі і літоўскі скарбы маглі прызначыць на абарону Лівоніі, дазволілі наняць нешматлікія залогі для тамтэйшых 15 замкаў. Паводле ацэнак Г. Катарскага, Вальміеру абаранялі 100 коньнікаў і 100 пяхоты, Трэйдэн (Triden, Treyden) —100 коньнікаў і 50 нямецкай пяхоты, Даўгаўгрыва або Дунамюндэ (Dynamont) — 150 драбаў, па 100 чалавек налічвалі залогі Марыенгаўзу (ням. Marienhaus, лат. Vilaka), Кукейносу і Дзьвінску, затое астатнія замкі мелі для абароны ня больш за 50 наёмных драбаў. Разам у лівонскіх замках апынулася ня болей як 1300 наёмных жаўнераў, якіх тэарэтычна маглі падтрымаць жыхары гарадоў. Лівонію павінны былі абараняць таксама аддзелы, адданыя пад камандаванне тамтэйшага адміністратара Яна Хадкевіча. Аднак ацэнкі В. Навадворскага, паводле якіх ён меў у распараджэньні 4 тысячы жаўнераў, адназначна завышаныя. На літоўскае памежжа былі скіраваны па 100 ваяроў казацкай коньніцы ў Віцебск, Лепель, Амсьціслаў і Воршу, а 50 — у Улу, разам — 450 чалавек. Да гэтага даходзіла палявая армія гетмана Крыштапа Радзівіла, якая празь недахоп грошай складалася ўсяго толькі з 600 коней (150 гусараў і 450 казакоў).

Нягледзячы на выправу на Гданьскае памор’е, Батура ўважліва сачыў за становішчам на лівонскім памежжы. У лютым 1577 г. ён даручыў адміністратару Яну Хадкевічу, каб той асабіста скіраваўся ў Лівонію і пракантраляваў падрыхтоўку правінцыі да абароны. Асаблівую ўвагу раіў зьвярнуць на фартыфікацыі Рыгі. Ён наказаў таксама разгарнуць шырокую выведчую кампанію, а ў сувязі з навіной пра судзеяньне лівонскіх немцаў Магнусу загадаў прызначаць камандзірамі замкаў толькі правераных і надзейных людзей. Ён нават склаў плян абароны на выпадак маскоўскага нападу. Плян грунтаваўся на ўзаемадзеяньні харугвы коньніцы Крыштапа Радзівіла з войскамі вальміерскага старасты Аляксандра Палубінскага, аддзеламі курляндзкага князя і войскамі гораду Рыгі. У выпадку няўдачы гэтыя сілы меўся падтрымаць корпус Яна Хадкевіча, які быў галоўнакамандуючым усім войскам, прызначаным для абароны Лівоніі.

Тым часам Іван IV ужо быў гатовы да вырашальнага ўдару па Лівоніі. Спачатку маскоўская атака скіравалася на Рэвэль — адзіны пункт Эстоніі, які яшчэ заставаўся ў швэдзкіх руках. Аблога не ўдалася і была скончана ў траўні 1577 г. Калі ўвесну Іван IV пачаў зьбіраць пад Ноўгарадам і Псковам чарговыя палкі, многія польскія сэнатары меркавалі, што ён рыхтуецца зноў атакаваць Рэвэль. Аднак на каралеўскім двары чакалі найгоршага. Батура зьвярнуўся тады да каронных і літоўскіх соймікаў з просьбай новых падаткаў, а ліцьвінам нагадаў пра намер склікаць паспалітае рушаньне ў выпадку маскоўскай атакі на Лівонію.