Зь Дзьвінску царская армія рушыла па цячэньні Дзьвіны. Маскоўскія авангарды спалілі тады невялікі замак Круцборг (Крустпілс)[12], але Іван IV даручыў адбудаваць яго і ўкамплектаваць залогай на 120 чалавек. Маскоўскія палкі, якія прасоўваліся ўздоўж ракі Айвіекстэ, якая ўпадала ў Дзьвіну, занялі і разбурылі Ляўдону, пасьля чаго 20 жніўня падышлі пад Сэсвэген (Цесвайнэ). Замак ня здаўся на першы заклік. Хворы камандзір, які быў пры сьмерці, не хацеў капітуляваць. Ён памёр празь некалькі гадзін, і толькі тады нямецкая залога адкрыла брамы. Царскія ваяводы палічылі, што такая ўпартасьць выключае літасьць, таму ўсе мужчыны былі жорстка забітыя. Іх саджалі на калы, чвартавалі або разрывалі коньмі. Жанчын гвалтавалі, пасьля чаго гналі разам зь дзецьмі ў няволю. Горад зруйнавалі. Так Іван скінуў маску ласкавага ўладара, якую з чыстага разьліку надзеў на пачатку выправы.
Перайшоўшы праз раку Айвіекстэ, маскоўскія войскі апынуліся на тэрыторыі, занятай Магнусам. Дацкі князь лічыў, што цар будзе паважаць умовы дамовы, згодна зь якой заходняя частка Лівоніі мусіла быць маскоўскім леньнікам. Аднак Іван Жахлівы не давяраў Магнусу, падазраючы яго ў закулісных перамовах з польскімі ротмістрамі. Акрамя таго, праз слабасьць абароны правінцыі ён ўжо ня бачыў патрэбы здабываць прыхільнасьць жыхароў абяцаньнямі якой-небудзь, нават ілюзорнай, самастойнасьці. Царскія ваяводы атрымалі загад заняць гарады, якія прысягнулі на вернасць Магнусу, і ўвесьці ў іх маскоўскія гарнізоны.
25 жніўня 2 тысячы царскіх жаўнераў пад камандаваньнем Пятра Тацева і Данілы Салтыкова падышлі пад Кукейнос. Аднак жыхары гораду не хацелі адкрываць брамаў безь ліста ад Магнуса, якога ўсяго толькі пару дзён таму прызналі сваім уладаром. Даведаўшыся пра супраціў, пад горад прыехаў Іван Жахлівы. Убачыўшы, што гэта ня жарты, камандзір залогі палічыў, што далейшыя перамовы ня маюць сэнсу, і пусьціў у горад маскоўскіх жаўнераў. Аднак было ўжо позна. Разьятраны цар загадаў забіць усіх жыхароў і ўсю залогу, за выключэньнем чатырох чалавек, якія ад пачатку былі за тое, каб адчыніць брамы. Дваіх зь іх паслаў у Кесь зь лістом, поўным абвінавачаньняў Магнуса. У Кукейносе пакінуў тысячу маскоўскіх жаўнераў, 20 гармат і шматлікія запасы рыштунку.
Чарговыя замкі, якія на пачатку кампаніі перайшлі ў рукі Магнуса, царскія войскі занялі без асаблівага супраціву, пасьля чаго скіраваліся на поўнач, дзе на Гаўі абаранялася яшчэ некалькі гарадоў, укамплектаваных каралеўскімі залогамі. Цалкам адрэзаныя ад рэшты краю, занятага ворагам, яны ня мелі шанцаў на даўжэйшы супраціў.
Самым значным з гэтых гарадоў была Вальміера, якую абаранялі каля 200 жаўнераў на чале з Аляксандрам Палубінскім. Горад блякавалі невялікія сілы Магнуса і маскоўскія ўжо зь сярэдзіны ліпеня. 8 жніўня Аляксандар Палубінскі паслаў ліст да літоўскіх станаў з драматычным заклікам аб дапамозе:
Далей мы ня зможам вытрываць, нас і сотні не застанецца ні для абароны, ні аблогі. Праз голад і недахоп стрэльбы [артылерыі — Д. К.] возьмуць нас тымі ж немцамі і тутэйшымі сялянамі… як і ў іншых замках, Люцыне, Рэжыцы, Марыенгаўзе рабілі (…) дзеля Пана Бога памажыце і выратуйце нас, бо, разьлічваючы на каралеўскія абяцаньні, мы згінем марна праз такую нядбаласьць усіх. Гэта ўжо апошні раз да Вашмосьцяў пішам, маючы перад вачыма войска, гарматы, люд, гатовы нас выдаць, і адступленьне сярод здрады. (…) Прашу, пачніце Вашмосьці помніць, як Полацак і іншыя землі пагінулі без ратунку, каб і гэта правінцыя вось-вось без ратунку не загінула, і мы самі просім па-другое, па-трэцяе і па-чацьвертае ратунку, бо мы ўжо адусюль ворагам абкружаныя, і калі мы ня здолеем ад Вашмосьцяў мець ратунку, вы ў кароткім часе пачуеце, што з намі зробіцца.
Абставіны падзеньня Вальміеры пераказваюць досыць па-рознаму. Ва ўсякім разе Палубінскі здолеў выстаяць увесь жнівень, хоць, найверагодней, у сувязі зь ненадзейнай пазыцыяй лівонскіх мяшчанаў адышоў тады з залогай у замак. Становішча асаджаных стала безнадзейным толькі тады, калі падчас маршу да Гаўі Іван Жахлівы адправіў сюды цяжэйшыя гарматы і 2600 жаўнераў. 1 верасьня залога зрабіла вылазку на ворага, што рыхтаваўся да штурму, але панесла адчувальную паразу. Яшчэ ў той жа дзень замак пачаў гарэць, і абаронцы капітулявалі. Старога князя Палубінскага ўратавалі ад імклівага пажару маскоўскія жаўнеры, якія спусьцілі яго ў кашы з акна вежы. Іван Жахлівы загадаў укамплектаваць Вальміеру залогай з 545 жаўнераў.