Заваёву Лівоніі завяршыў захоп царом «каралеўства» Магнуса. 31 жніўня галоўная армія Івана IV падышла пад Кесь, дзе пад брамай Магнус ужо чакаў свайго ўладара. Царскія войскі бесьперашкодна ўвайшлі ў горад, адна спалоханая нямецкая залога закрылася разам з часткай мяшчан у замку і не паддалася закліку аб капітуляцыі. Пасьля некалькіх дзён аблогі ў іх заставалася ўсё менш надзеяў і шанцаў на царскую літасьць. Урэшце, 5 верасьня са згоды капітана Гэнрыка Бойсмана абаронцы падпалілі порах і ўзьляцелі разам з замкам у паветра! Яны выбралі хуткую сьмерць, а не павольны скон у руках катаў.
Заняцьце некалькіх апошніх замкаў паміж Гаўяй і Айвіекстэ не стварыла маскоўскім войскам значных праблем, і ў першыя дні верасьня амаль уся Лівонія апынулася пад упадай Івана Жахлівага.
Толькі Рэвэль з аднаго боку і Рыга з другога былі па-за яго ўладай і задзьвінская Куляндыя. Паводле маскоўскай традыцыі Іван не хацеў браць адразу зашмат. Курляндыя наагул была яму менш патрэбная, а супраціў вялізнай, багатай і выдатна ўмацаванай Рыгі мог быць такім жа эфэктыўным, як супраціў Рэвэлю, і сапсаваць усю справу. Хвалячыся здабычай 27 гарадоў за тры месяцы і асьмейваючы пераможаных, Іван ад’ехаў у Маскву. Магнусу пакінуў каралеўскі тытул і шэраг замкаў у Лівоніі (Обэрполен (Iberpol), Коркгаўз, Хелме, Эргеме (Эрмэс) і некалькі меншых), не баючыся за яго вернасьць, паколькі ўвесь поўдзень краю з Кесьсю і лініяй Дзьвіны быў у маскоўскіх руках.
Ад’яжджаючы, цар запрасіў князя Палубінскага і польскіх ротмістраў, узятых у палон, у госьці, дзе быццам бы заявіў: «Высокая рука мая, вы былі сьведкамі маёй магутнасьці, скажыце яму (каралю Сьцяпану), што ён таксама павінен яе пакаштаваць». Пагражаў, хоць увесь час падкрэсьліваў, што не ваюе зь Літвой, а толькі зь немцамі. Усё ж з фармальнага гледзішча замірэньне паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй не было разарвана!
Адказ Батуры
Посьпехі маскоўскай арміі ў Лівоніі сапраўды былі значнымі. Нешматлікія літоўскія войскі не былі ў стане даваць адпор пераважным сілам ворага. Аўтарытэт Рэчы Паспалітай упаў да таго, што нават у неатакаванай Рызе і Курляндыі думалі пра перамовы з царом. Тым часам, знаходжаньне ў руках Рэчы Паспалітай Рыгі, галоўнага парта Лівоніі, сьведчыла, што Іван IV не здабыў поўнай стратэгічнай перамогі. Яго посьпехі вынікалі з занятасьці Сьцяпана Батуры ў баёх пад Гданьскам, і было зразумела, што раней ці пазьней польскія і літоўскія войскі пачнуць контранаступ. Аднак цар меркаваў, што клопаты караля пад Гданьскам не дазволяць яму правесьці эфэктыўнай контраапэрацыі польска-літоўскіх войскаў прынамсі некалькі гадоў. Моцных залогаў, пакінутых ува ўзятых лівонскіх замках, мусіла быць цалкам дастаткова, каб уцягнуць праціўніка ў доўгачасовыя абложныя дзеяньні, даючы маскоўскай арміі час на канцэнтрацыю і свабоду манэўраў. Акурат таму Іван засяродзіў усе намаганьні на ўмацаваньні сваіх набыткаў уЛівоніі, не намерваючыся пераходзіць Дзьвіну.
Пра рашэньне Івана IV ня ведалі ні на каралеўскім двары, ні ў Літве, таму ўсё лета 1577 г. баяліся, што зьнішчальныя маскоўскія аддзелы зьявяцца ў паўночных ваяводзтвах Вялікага Княства. Адзіным сродкам абароны, да якога мог зьвярнуцца кароль, заняты вайной з Гданьскам, было скліканьне літоўскага паспалітага рушаньня. Адпаведныя ўнівэрсалы былі выдадзены ўжо 25 ліпеня 1577 г. — у момант найбольшых посьпехаў Івана IV ў Лівоніі. Шляхецкія злучэньні мусіў узначаліць вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды, які павінен быў рушыць у Лівонію супраць маскоўскай арміі або пагражаць ёй, ударыўшы па тэрыторыі маскоўскай дзяржавы.
Як можна было прадбачыць, літоўская шляхта зьбіралася вельмі паволі. Пад канец жніўня 1577 г. у Ракішках, прызначаных на месца канцэнтрацыі, знаходзіліся амаль выключна магнацкія аддзелы. Г. Катарскі ацэньваў іх прыблізна на 4 тысячы збройных, хоць дапускаў, што ў верасьні магло сабрацца 18 тысяч чалавек, г. зн. большасьць абавязаных да ўдзелу ў паспалітым рушэньні. Аднак паспалітае рушэньне не магло ўратаваць Лівоніі. Зрэшты, у жніўні 1577 г. яе лёс быў збольшага прадвызначаны. Разьлік быў больш на тое, што збор шляхты, якому спадарожнічала пашырэньне чутак быццам бы пра заканчэньне баёў пад Гданьскам і маршы караля на Літву, стрымае маскоўскае войска прынамсі ад пераходу празь Дзьвіну. На загад гетмана Мікалая Радзівіла Рудога ліцьвіны рушылі ў пачатку верасьня пад Сэлпілс, каб не дазволіць варожым аддзелам перайсьці праз раку, аднак апошнія, як мы ўпаміналі, не намерваліся пераходзіць на левы бераг Дзьвіны.