Маскоўскія здабыткі ў Лівоніі значна паўплывалі на ўсю палітыку тагачаснай Рэчы Паспалітай. Ужо ў кастрычніку 1577 г. Батура згадзіўся пачаць перамовы з магістаратам безвынікова абложанага Гданьску. Ён атрымаў перапрашэньне, клятву вернасьці і 200 тысяч гульдэнаў кантрыбуцыі, якія маглі прыдацца на маскоўскую вайну. У той жа час ён пацьвердзіў гарадзкія прывілеі, а рэгуляцыі Карнкоўскага,[13] якія маглі прынесьці Рэчы Паспалітай большую карысьць, чым аднаразовая аплата, забыліся.
Саступкі караля і сэнату на карысьць Гогенцолернаў прынамсі часткова зьвязваліся з маскоўскай вайной. За 200 тысяч гульдэнаў і прысягу вернасьці каралю маркграф Ансбаху Георг Фрыдрых павінен быў атрымаць апеку над душэўнахворым прускім князем Альбрэхтам Фрыдрыхам. І атрымаў яе на найбліжэйшым сойме, нягледзячы на пратэсты большасьці паслоў і прадстаўнікоў Усходняй Прусіі.
Пасьля заканчэньня гданьскай вайны Батура думаў паслаць войска з Памор’я праз княскую Прусію на Дзьвіну, пра што паведамляў Яну Хадкевічу. Аднак увесь час ён быў не гатовы да шырокамаштабнай узброенай канфрантацыі. Таму дзейнічаў адначасова ўдвух кірунках. З аднаго боку, падтрымліваў дыпляматычныя крокі, з другога — схіляў сваіх ротмістраў да ўзброеных нападаў на страчаныя землі.
Польска-літоўскім дзеячам было важна, каб новая, навязаная Рэчы Паспалітай мяжа на Дзьвіне «не засохла», каб шляхта не згадзілася моўчкі, за кошт часовага міру ад Масквы са стратай Лівоніі.
Паслы на перамовы з Масквой былі прызначаны ўжо вясной 1577 г. Аднак ім давялося перачакаць набег Івана Жахлівага на Лівонію, і толькі ўвосень яны рушылі ў шлях да Масквы. Прыбылі туды ў студзені 1578 г. і пачалі перамовы, хоць і не хацелі прымаць царскіх патрабаваньняў адмовіцца ад Лівоніі, Смаленшчыны, а таксама здачы Рыгі, Курляндыі, Віцебску і Кіева. Затое атрымалі згоду на трохгадовае замірэньне, пры тым былі складзены два прынцыпова розныя тэксты дамовы — для Рэчы Паспалітай і Масковіі. Калі на каралеўскім двары даведаліся, што ў апошнім Лівонія запісаная на баку царскіх уладаньняў, то адмовіліся ад ратыфікацыі — і дамова засталася пустой паперай. Рэч Паспалітая была ў той час у значна больш выгадным становішчы і не баялася аднаўленьня ўзброенага канфлікту. Зрэшты, на добры лад ваенныя дзеяньні не спыняліся і вяліся на тэрыторыі Лівоніі нават падчас перамоваў.
Польска-літоўская канцэпцыя дзеяньняў, скіраваных супраць маскоўскіх войскаў, якія акупавалі Лівонію, выкрышталізавалася, напэўна, раньняй восеньню 1577 г. Яна грунтавалася на абароне межаў Літвы і пачатку мясцовых дзеяньняў у Лівоніі для вяртаньня як мага большай колькасьці страчаных замкаў. З канца 1577 г. пачалося паступовае павелічэньне палявых сілаў, якія апэравалі на Дзьвіне, а таксама залогаў тамтэйшых замкаў. Не захавалася крыніцаў, якія б дазвалялі ўстанавіць колькасьць войскаў, скіраваных на барацьбу за Лівонію. Аднак трэба меркаваць, што асобныя ротмістры стаялі на чале невялікіх груповак, якія налічвалі ня больш за некалькі соцень ваяроў.
Маскоўскія камандзіры кіравалі ў Лівоніі цьвёрдай рукой, эксплюатуючы мясцовае насельніцтва, якое досыць хутка затужыла па апецы Рэчы Паспалітай. Шмат страчаных лівонскіх замкаў было вернута дзякуючы дапамозе лівонцаў і нядбайнасьці маскоўскіх жаўнераў. Першым і найбольш яскравым прыкладам быў тут Дзьвінск, дзе згаладалая царская залога прыняла ў лістападзе 1577 г. асаблівы прэзэнт ад ліцьвінскіх ротмістраў. Быў ім запас харчоў і напояў, сярод якіх апынулася невялікая бочка гарэлкі. Уначы, калі алькаголь змарыў маскоўскую залогу, жаўнеры Вільгельма Плятэра з падтрымкай казакоў Барыса Савы прыставілі да валоў драбіны і маланкава забраліся на муры.
Вяртаньне Дзьвінску зьменшыла пагрозу нечаканай атакі на Вільню і палепшыла тактычна становішча аддзелаў Рэчы Паспалітай, якія апэравалі пры лівонскай мяжы. Дзьвінск знаходзіўся на правым, лівонскім беразе Дзьвіны і мог стаць асновай для чарговых апэрацыяў углыб тэрыторыі, занятай праціўнікам.
На самым пачатку 1578 г. ротмістар Мацей Дэмбінскі правёў сьмелы рэйд на Гаўю і хітрасьцю заняў Кесь (Вэндэн). Сярод яго людзей
13
Рэгуляцыі Карнкоўскага (