Пад Вэндэн (Кесь) прыбылі тры маскоўскія палкі: вялікі, пярэдні і вартаўнічы пад агульным камандаваньнем Івана Юр’евіча Галіцына, якія ацэньваліся прыблізна на 18 тысяч чалавек і некалькі дзясяткаў гармат. 15 кастрычніка галоўныя сілы Галіцына асадзілі горад, і адначасова маскоўскія татары пачалі дывэрсійныя дзеяньні, дасягаючы прадмесьцяў Рыгі. Палявы гетман літоўскі Крыштап Радзівіл у той час знаходзіўся ў астрогу на Валыні, дзе нядаўна браў шлюб з Кацярынай Астроўскай. У такіх абставінах вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды даручыў арганізацыю дапамогі гораду Андрэю Сапегу, які зімаваў са сваёй харугвай пад Рыгай.
Кесь абаранялі ўсяго 200 жаўнераў Сухадольскага з падтрымкай жыхароў, таму кожны дзень прамаруджваньня мог прывесьці да падзеньня гораду. На шчасьце, маскоўскія ваяводы не спакусіліся на імгненны штурм, а пачалі інжынэрныя працы, узяўшыся за рэгулярную аблогу. Сапега адразу ж паслаў у горад трох шпегаў з абяцаньнем хуткай дапамогі, пасьля чаго правёў імгненную канцэнтрацыю палявых каралеўскіх сілаў, якія стаялі на Дзьвіне. Сабраў каля 2000 чалавек, а менавіта харугвы коньніцы Мацея Дэмбінскага, Ленарта Кетліча, Вацлава Жабы, Дзьмітрыя Рагозы, Гаўрылы Збышэўскага і ўласную. Некалькі ротаў лівонскай шляхты пад кіраўніцтвам Яна Бігрынга, Мікалая Корфа і Вільгельма Плятэра, а таксама 400 «пешых віцебскіх стральцоў». Акрамя таго, дадаў 18 лёгкіх палявых гармат. Гэта былі занадта сьціплыя сілы, каб спакусіцца на атаку маскоўскіх войскаў, якія асаджалі Кесь. Таму быў усталяваны кантакт са швэдзкім корпусам Георга Бае, які налічваў 3500 жаўнераў, а апошні прыслаў прапанову супрацы.
Сустрэча польска-літоўскіх і швэдзкіх войскаў адбылася 20 кастрычніка ў сярэдзіне дарогі паміж Вальміерай і Кесьсю. Дзень быў вельмі непагодны, ішоў халодны дождж. Нягледзячы на гэта, войскі адразу рушылі на дапамогу асаджанай залозе. Пасьля ўсяночнага маршу, падчас якога адбыліся сутычкі з маскоўскімі разьездамі, аб’яднаныя войскі спыніліся на Гаўі раніцай 21 кастрычніка. Асаджаны горад, абкружаны высокімі абложнымі шанцамі, знаходзіўся на левым беразе ракі.
Калі маскоўскія камандзіры заўважылі набліжэньне аддзелаў, яны кінулі на раку каля тысячы коньніцы абараняць пераправу. Маскоўскія коньнікі адразу ж абсыпалі палякаў, ліцьвінаў і швэдаў стрэламі з лукаў.
Калі ваяводзіч [Сапега. — Д. К.] убачыў, што Масква коней псуе, загадаў паставіць чатыры невялікія гарматы, зь якіх адразу Маскву абстраляць. Затым польскія людзі ўплаў пераправіліся, трымаючыся кожны за коней лівонскіх ваяроў.
Калі першыя харугвы выходзілі на бераг, маскоўская коньніца хацела загнаць іх назад у ваду, але спраўны агонь хаўрусьнікаў астудзіў іх імпэт да атакі.
У выніку маскоўскія камандзіры адступілі з прырэчных палёў. Спадзеючыся на сваю колькасную перавагу, яны не намерваліся ўхіляцца да бітвы. Вырашылі пакінуць частку сваіх сілаў у шанцах і ў лягеры пад асаджанай Кесьсю, а рэшту расставілі на ўзвышшы, каб нешматлікія польска-літоўска-швэдзкія войскі былі вымушаны атакаваць падгару.
Бітва распалалася каля чацьвёртай гадзіны апоўдні польска-літоўскай атакай з правага і швэдзкай зь левага флянгаў. Рэзкі ўдар коньніцы зьмяшаў маскоўскія аддзелы. Татары ўцякалі ў навакольныя лясы, а дваранская коньніца адступіла проста на свой лягер. Сьледам за імі ў лягер уварваліся палякі, ліцьвіны і швэды, якія меркавалі, што бітва скончыцца з хвілі на хвілю.
Аднак у шанцах яшчэ былі людзі, і яны зноў, раней уцёкшы, паказаліся зь лясоў, хочучы зноў бітву даць нашым, разумеючы, што нашы разьбегліся або аддаліся рабунку, але мелі за што рукі зачапіць, ня вельмі на рабунак квапіліся. Загадаў гетман [Сапега.—Д. К.] людзей назад трубой склікаць. Зьехаўшыся, раіліся, што ім рабіць, бо ў шанцах люду жывога было з чатыры тысячы, якія ўжо задумалі горла ў тых шанцах аддаць, бо лічылі, што ім усё адно дзе памерці — там або ў Маскве.
Становішча маскоўскай пяхоты, якая хавалася ў шанцах, было не найлепшае. Разьбітая коньніца ўцякла і хоць, як згадваў храніст, некаторыя аддзелы зьявіліся ў ваколіцы, аднак урэшце не ўступілі ў бой. Больш за тое, падчас польска-літоўска-швэдзкай атакі на лягер быў выпадкова падпалены порах, і маскоўская пяхота ня мела чым страляць са сваіх ручніц. Нягледзячы на гэта, яна адзначылася нязвыклай рашучасьцю. Калі ўвечары пад маскоўскімі шанцамі зьявілася польска-літоўская і швэдзкая пяхота, яе атакаваў аддзел на 1200 чалавек, узброены толькі халоднай зброяй. Дайшло да забойчага рукапашнага бою, які працягваўся яшчэ дзьве гадзіны да зьмярканьня, і толькі зьнішчэньне маскоўскага аддзелу схіліла ворага да адступленьня.