Выбрать главу

Далейшыя распараджэньні датычна ваеннай падрыхтоўкі выдавала каралеўская канцылярыя з Горадні, куды кароль прыбыў усярэдзіне лютага 1579 г., а потым зь Вільні. У першыя месяцы 1579 г. Вільня стала галоўнай базай забесьпячэньня плянаванай ваеннай кампаніі. Туды былі дастаўлены гарматы з тыкоцінскага арсэналу і дзьве гарматы, падараваныя каралю брандэнбурскім электарам. Яшчэ летась у сталіцу Літвы перанесьлі каралеўскую людвісарню з Мальбарку. Цяпер у ёй ператоплівалі гарматы, пашкоджаныя падчас аблогі Гданьску, і адлівалі цалкам новыя. У апошнім выпадку гаворка ішла пра фугасныя гарматы, якіх найбольш не хапала. Здаецца, што да лета 1579 г. была сабраная колькасьць гармат, заплянаваная на варшаўскім сойме, г. зн. 87 штук, у тым ліку 30 меншых (шмыгаўніц). На жаль, нельга ўстанавіць, ці ўсе былі ўзяты на полацкі паход.

Варта дадаць, што новыя гарматы адлівалі ў Вільні на падставе інструкцый, якія даваліся асабіста каралём. Батура загадаў таксама збудаваць пераносны мост, а адпаведныя працы ў гэтым кірунку распачаліся і былі завершаны ў Коўне.

Складаўся ён з чаўноў, аб’яднаных паміж сабой з дапамогай памостаў такім чынам, што, калі ўзьнікала патрэба, іх можна было разабраць, а пакладзеныя па адным разам з памостам на воз маглі перавозіцца з дапамогай дзьвюх пар валоў або коней на любую адлегласьць.

Гэта быў вядомы ў той час від так званага каньковага мосту, аднак ён мусіў адзначацца як трываласьцю, так і прастатой канструкцыі, калі яго выкарыстоўвалі і ў пазьнейшых кампаніях.

Як вядома, жаўнеры коньніцы самі забясьпечвалі сябе зброяй і рыштункам. Нягледзячы на гэта, перад кожнай значнай кампаніяй закуп пэўнай колькасьці ручной зброі быў неабходны, а атрымлівалі яе нямецкія і вугорскія пяхотныя фармаваньні. Цэнтральныя закупкі большых партый агнястрэльнай зброі павінны былі палепшыць яе якасьць і стаць асновай уніфікацыі ўзбраеньня. Вядома, што ў Літве было закуплена для нямецкай пяхоты 340 ручніц. Большыя закупкі былі зроблены для фармаваньняў гэтага тыпу, выстаўленых Каронай. У Торуні, Гданьску, Познані і Нідзіцы (Нойдэнбургу) было набыта 1128 штук кнотавых ручніц і 324 штукі з колавым замком. Затое невядома, ці ўдалося рэалізаваць дамову, укладзеную з купцом Гансам Лямпэ з Браўншвайгу наконт вырабу 2200 ручніц і парахаўніц.

Таксама рыштунак і іншыя ваенныя матэрыялы закупаліся як у краіне, так і за мяжой. Айчынная мэталюргія разьвівалася ў той час перадусім на тэрыторыі Каралеўскай Прусіі і ў Старапольскай Акрузе на рацэ Каменная блізка Кельцаў. У абодвух рэгіёнах існаваў шэраг ліцейняў і кузьняў, якія ўжывалі т. зв. «штырыйскія печы», што былі лепшыя за дымаходныя. Яны прадукавалі як чыгун-сырэц для ліцьця ядраў, якое адбывалася звычайна на месцы, або лупняк для ліцьця. Перад выправай на Полацак праводзіліся закупкі гарматных ядраў у Мальбарку, Гданьску, Быдгашчы, Квідзыне і Радаме. Удалося сабраць 2572 штукі гэтага рыштунку, аднак гэта было значна менш, чым плянавалася. У сувязі з гэтым яшчэ ўлетку 1579 г. ядры зьбіраліся пры дапамозе нейкіх закупак у Літве.

Жалеза высокага гатунку дастаўлялі з Вугоршчыны, затое патрэба ў сьвінцы, медзі і серы цалкам задавольвалася празь мясцовыя радовішчы. Гэтак жа было і з порахам, якога закупілі больш за 400 цэнтнэраў. З Кракава ў Вільню прывезьлі 40 вазоў сякер і столькі ж вазоў матык. З Варшавы ў Мальбарк даставілі 67 намётаў і вялікую колькасьць сукна на «барву», г. зн. на ўніформу, прызначаную для пяхоты і артылерыі.

Была закуплена пэўная колькасьць харчоў, г. зн. мукі, сала і валоў для пяхоты. Зразумела, цана харчоў, вылучаных пяхотным фармаваньням, потым вылічалася з жаўнерскага жолду, таму здараліся выпадкі, што некаторыя фармаваньні адмаўляліся іх прымаць, спадзеючыся, што закупяць іх самі падчас ваенных дзеяньняў. Каб спрасьціць жаўнерам забесьпячэньне харчамі, Батура ў Вільні прызначыў сем спэцыяльных адміністратараў, каб аблягчаць купцам падарожжа ў ваенны лягер і кантраляваць цэны.

Як падлічыў Г. Катарскі, на зброю і сыравіну было выдаткавана 85 тысяч злотых. Жалеза, сьвінец і тканіна перавозіліся ў Вільню на вазох, а гарматы, ядры, порах, ручніцы і намёты зьбіраліся ў Мальбарку. Адтуль іх дастаўлялі ў Вільню водным шляхам праз Ногат, Вісьлінскую (цяпер Калінінградзкую) затоку, Прагону, Нёман і Вяльлю на рачных суднах.