Асобнай праблемай было забесьпячэньне войска пэўнай колькасьцю лекараў. Нямецкія роты зазвычай мелі па адным хірургу ў сваіх штабах, лекары былі таксама ў вугорскіх фармаваньнях, затое ў астатніх падразьдзяленьнях наагул не было сталай мэдычнай службы. Таму Батура стварыў часовую групу лекараў, якую ўзначаліў каралеўскі хірург Вільгельм Люцэнбэрг. Лекі павінен быў дастаўляць італьянскі аптэкар Анёл (Angelo) Каборці, а лячэньне параненых адбывалася за кошт караля.
Батура разумеў ролю агітацыі і ваеннай прапаганды, якую запусьціў ўжо 1576 г. Плянуючы наступальную кампанію супраць маскоўскай дзяржавы, ён паклапаціўся, каб ёй спадарожнічала цэлае кола сакратароў, пісараў і лягерная друкарня, якой кіраваў Валенты Лапчынскі.
Бадай, упершыню ў гісторыі ваеннай справы Рэчы Паспалітай апэрацыйнае плянаваньне павінна было абапірацца на мапы. Батура ня мог ім цалкам давяраць, паколькі меў у распараджэньні толькі агульную мапу Эўропы Мэркатара. У той час яе выдалі двойчы, у 1554 і 1572 гг., аднак у дачыненьні да ўсходняй часткі эўрапейскага кантынэнту на яе адрас выказвалі шэраг прэтэнзій. Каб забясьпечыць сабе больш дакладныя пляны і мапы тэрыторый маскоўскага памежжа, кароль задзейнічаў на службу Мацея Струбіча, Станіслава Пахалавецкага і Пятра Франкуса, родам з Італіі, аднак іх мапы і пляны былі выкананы толькі пасьля кампаніі 1579 г.
26 чэрвеня 1579 г. Батура паслаў зь Вільні ў Маскву пасла Базыля Лапацінскага з афіцыйным актам абвяшчэньня вайны. Ён ужо ведаў, што Іван IV ўрэшце адпусьціў з Масквы папярэдняга каралеўскага пасла Міхала Гарабурду, даючы яму лісты з заклікам да мірных перамоў. Зрэшты, гэта былі чарговыя няшчырыя запэўніваньні з боку суседа Рэчы Паспалітай. Кароль не намерваўся іх прымаць, ускладаючы ўсю віну за разьвязваньне вайны на Івана IV. Кароль абураўся:
А за караля Гэнрыха [Валюа. — Д. К.] абяцаны мір празь ліст твой паміж дзяржавамі стрымаць і захаваць, згадай як ты стрымаў (…) Пярну і іншыя замкі захапіў, нягледзячы на абяцаньне і напаміны свае, што як у цябе, так і продкаў тваіх рабіць не навіна. (…). У Жыгімонта Аўгуста пад гэтай аховай ты забраў Полацак і дакладна гэтак жа сябе паводзіў, як і супраць нас, падстрахаваўшыся мірам, вайну пачаў і авалодаў лівонскай зямлёй, і не супакоіўшы той вайны, адводзіш Нас і дзяржавы нашы, Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае ад яе абароны такім падступным пісаньнем. А так паколькі твой розум ня хоча стаць сьціплейшым і ты ўсё больш і больш спрычыняесься да вялікіх і значных, даўніх і цяперашніх крыўд, і ня маеш ніякага паважнага міру, а толькі шукаеш, як подступам узяць нас, таму Мы, зрабіўшы тое, што належала хрысьціянскаму каралю, ужо рэшту Пану Богу свайму заручаем (…) і за ўсе шкоды і праліцьцё крыві падданых нашых хочам з Божай дапамогай спагнаць.
Каралеўскі ліст выклікаў такі гнеў Івана IV, што няшчасны пасол Лапацінскі апынуўся насуперак усім цывілізаваным звычаям у вязьніцы. Праз некалькі дзён пасьля напісаньня ліста да цара манарх пакінуў Вільню, накіраваўшыся на месца канцэнтрацыі вайсковых аддзелаў, дзе павінны былі прымацца канчатковыя рашэньні адносна мэтаў кампаніі.
Кароль здаўна задумваўся над стратэгічнымі мэтамі кампаніі. «Pacta conventa», падпісаныя пасьля выбараў, абавязвалі яго вярнуць тэрыторыі, страчаныя Рэччу Паспалітай, якімі трэба было лічыць таксама Лівонію, як і Полацкую, Смаленскую, Северскую і Чарнігаўскую землі.
Ужо ў верасьні 1577 г., а значыць празь некалькі тыдняў пасьля страты рэшты Лівоніі, Батура напісаў ліст да Яна Хадкевіча, дзе заўважыў значныя цяжкасьці, зь якімі маглі сутыкнуцца наступальныя дзеяньні ў гэтай правінцыі. Указваў на вялікую колькасьць абарончых замкаў, укамплектаваных моцнымі маскоўскімі залогамі, здабыча якіх заняла б шмат часу і крыві. Урэшце, ён браў пад увагу дэпапуляцыю і зьнішчэньне Лівоніі доўгачасовымі ваеннымі дзеяньнямі, што магло некарысна адбіцца на забесьпячэньні войска харчамі. Прапанаваў два іншыя кірункі, г. зн. Смаленск і Полацак, якія давалі, на яго думку, большыя шанцы на посьпех.
Ужо ў першыя тыдні знаходжаньня ў Літве ў 1579 г. кароль абмеркаваў у коле давераных памочнікаў мэты будучай ваеннай кампаніі. Напэўна, у лютым, падчас знаходжаньня манарха ў Горадні, частка сэнатараў згадзілася зь неабходнасьцю адмовіцца ад удару на Лівонію. Гэтым самым меркавалася ўвесьці Івана IV у зман, падказваючы яму, што мэтай каралеўскага наступу павінна быць менавіта Лівонія, а мо нават сам Пскоў. Камандаваньне спадзявалася, што адпаведна моцны дывэрсійны ўдар па Лівоніі будзе ўспрыняты царом як рэкагнасцыроўка перад галоўнай кампаніяй. Батура ведаў, што цар ужо пачаў канцэнтрацыю сваіх войскаў у раёне Пскова, і хацеў яго там як мага даўжэй затрымаць. Таму было прынята рашэньне арганізаваць узброеную вылазку літоўскай коньніцы ў кірунку Дорпату — адной з галоўных маскоўскіх крэпасьцей у Лівоніі, якая знаходзілася за некалькі дзясяткаў кілямэтраў на паўночны захад ад Пскова.