У канцы 1579 г. палявы гетман літоўскі Крыштап Радзівіл сканцэнтраваў у раёне цэнтральнай Дзьвіны 2250 жаўнераў (2050 гусараў, 150 пяцігорцаў і 50 казакоў), г. зн. палявую літоўскую коньніцу, якую ў той час меў у распараджэньні. Перайшоўшы на правы бераг Дзьвіны, ён сьпехам рушыў на поўнач, нішчачы дарогай сустраканыя варожыя патрулі. У выніку неспадзяванай атакі яму ўдалося ўзяць замак Кірэмпэ (Кір’япіч), разьмешчаны ўсяго за 60 кілямэтраў ад Пскова. Тут было захоплена
людзей нямала і гармат некалькі, і харчоў вельмі шмат.
Аднак не было шанцаў утрымаць пляцоўку, высунутую так далёка на поўнач, у сувязі з чым замак быў разбураны. Пасьля ліцьвіны дашчэнту спустошылі ваколіцы Дорпату і, узяўшы шмат палонных і 2 тысячы штук быдла, вярнуліся на левы бераг Дзьвіны.
Кавалерыйскі рэйд прынёс чаканы вынік, хоць запазычанасьць у жолдзе перад яго ўдзельнікамі крыху зблытала пляны літоўскага камандаваньня. Харугвы Крыштапа Радзівіла, безумоўна, меліся застацца на Дзьвіне для прыкрыцьця вернутых летась лівонскіх замкаў і межаў Літвы. Аднак калі іх вайскаводца ад’ехаў на сустрэчу з каралём у Вільню, яны самавольна пацягнуліся за ім у надзеі атрымаць тут належную за сваю службу плату.
Адмова ад непасрэднай атакі Лівоніі не азначала адмовы ад барацьбы за яе. Усё ж вяртаньне і ўтрыманьне гэтага краю было непасрэднай мэтай вайны, аднак меркавалася дасягнуць яе безь неабходнасьці ўваходзіць на іх тэрыторыю. Больш затое, абмяркоўвалася, як дасягнуць значна большай выгады. Беручыся за вызначэньне стратэгічных мэтаў, Сьцяпан Батура разглядаў іх у двух аспэктах. Першая вынікала з далёкасяжнага стратэгічнага плянаваньня, разьлічанага на неабходнасьць вядзеньня даўжэйшых ваенных дзеяньняў, другая — з мэтаў кампаніі 1579 г.
Над апошнімі ён задумваўся падчас доўгага знаходжаньня ў Вільні, але, як мы ўжо згадалі, канчатковыя рашэньні былі прынятыя толькі ў ліпені 1579 г. на ваеннай нарадзе ў Сьвіры, дзе канцэнтравалася каралеўская армія. У гульню ўваходзілі тры варыянты: марш на Пскоў, Смаленск ці Полацак.
Некаторыя з прысутных у Сьвіры літоўскіх сэнатараў зьвярталі ўвагу на значныя пашкоджаньні ўмацаваньняў Пскова і выгаду, якая вынікала б зь яго здабыцьця, а менавіта — паставіла б у няпэўнае становішча маскоўскія залогі ў Лівоніі. Аднак гэта быў найбольш рызыкоўны варыянт. Па-першае, пад Псковам канцэнтравалася адна з маскоўскіх армій, па-другое, крэпасьць была занадта далёкай ад замкаў, кантраляваных каралеўскімі войскамі. Польска-літоўская армія магла б патрапіць туды або празь Лівонію, або праз тэрыторыі маскоўскай дзяржавы, трактам уздоўж ракі Вялікай. У першым выпадку трэба было ісьці праз зьнішчаную вайной Лівонію, а кароль, як мы ўжо згадалі, хацеў пазьбегнуць гэтага. Зрэшты, трэба было б спачатку заняць лівонскія замкі, укамплектаваныя маскоўскімі залогамі. Таксама марш уздоўж ракі Вялікай патрабаваў узяцьця некалькіх маскоўскіх крэпасьцяў і да таго ж быў занадта рызыкоўны без папярэдняга вяртаньня полацкіх замкаў.
Шмат прыхільнікаў мусіў мець другі варыянт, які прадугледжваў выправу на Смаленск. Літва афіцыйна ніколі не адмаўлялася ад гэтага гораду, які быў ключавым пунктам т. зв. Смаленскай Брамы. Хоць адтуль вёў найкарацейшы шлях на Маскву, аднак Смаленск быў адной з наймагутнейшых крэпасьцяў маскоўскай дзяржавы. Выбіраючы гэты варыянт, войскі Рэчы Паспалітай ублыталіся б пад ёй у доўгачасовыя абложныя дзеяньні, а тым часам Іван IV атрымаў бы свабоду на іншых кірунках дзеяньняў. Маючы ў руках Полацак і значную частку Лівоніі, ён мог бы стварыць пагрозу для арміі, якая б асаджала Смаленск, літоўскім землям, ды нават самой Вільні.
Трэці варыянт, які прадугледжваў атаку на Полацак, быў прапанаваны каралём і падтрыманы яго найбліжэйшымі дарадцамі. Гэты плян у адрозьненьне ад іншых меў адны плюсы. Па-першае, вяртаньне Полацку зноў давала кантроль над лініяй Дзьвіны і ліквідавала небясьпечны клін, якім маскоўскія ўладаньні ўразаліся ў межы Вялікага Княства. Па-другое, яно памяншала або цалкам нівэлявала небясьпеку маскоўскай атакі на Вільню. Па-трэцяе, умацоўвала пазыцыі Віцебску, які быў пад пагрозай — абедзьве крэпасьці маглі стаць найлепшым заслонам у раёне Смаленску. Па-чацьвёртае, Полацак знаходзіўся адносна блізка да мяжы, таму не існавала небясьпекі празьмернага расьцягваньня камунікацыйных ліній. Па-пятае, авалоданьне Полацкам дазваляла ў будучым рэалізаваць шырэйшыя стратэгічныя канцэпцыі, аб якіх марыў Батура.