Максымальнай стратэгічнай мэтай караля, якая выходзіла за межы адной кампаніі, было
радыкальна зьнішчыць расейскую пагрозу праз марш на Маскву і дасягнуць такім чынам канчатковага заканчэньня кампаніі ў полі.
У гэтым кантэксьце толькі вяртаньне Полацку дазваляла пачаць дзеяньні супраць Смаленску, а ўзяцьце апошняга адкрывала шлях на Маскву і павышала верагоднасьць таго, што ўдасца вымусіць царскія войскі прыняць адкрытую бітву на полі. Перамога, здабытая ў такой бітве, дазволіла б хутка скончыць вайну на ўмовах, прадыктаваных Рэччу Паспалітай. Калі б не ўдалося рэалізаваць гэтую найбольш эфэктыўную канцэпцыю, заставаўся крыху сьціплейшы варыянт стратэгічных дзеяньняў. Ім быў удар з ваколіц Полацку і Віцебску на поўнач, каб адрэзаць Лівонію ад тэрыторый маскоўскай дзяржавы і тым самым асудзіць маскоўскія залогі, разьмешчаныя ў лівонскіх замках, на капітуляцыю.
Калі Батура хацеў як мага даўжэй захаваць у таямніцы свае пляны наконт кампаніі 1579 г., то выбар Сьвіры як месца канцэнтрацыі арміі быў проста дасканалым крокам. Сьвір знаходзілася на 80 кілямэтраў на ўсход ад Вільні, а гэта значыла, што сабраныя там войскі амаль да апошняй хвіліны баранілі літоўскую сталіцу. Блізкія Міхалішкі на Вяльлі былі канцавой станцыяй суднаходзтва, да якой даходзіў транспарт ваеннага абсталяваньня і харчоў. Сплаўлялі іх зь Віслы ў Нарву, адтуль перацягвалі ў Нёман, каб ад месца, дзе ў яго ўпадала Вяльля, цягнуць іх у верх гэтай ракі да Міхалішак. Зь Міхалішак іх перацягвалі ў Дзісну, прыток Дзьвіны. Але найважней было тое, што канцэнтрацыя ў Сьвіры ня выявіла сапраўднай мэты кампаніі, бо адтуль разыходзіліся шляхі на Дзьвінск (г. зн. у Лівонію), Полацак і Смаленскую Браму.
Лінія Дзьвіны і межы Вялікага Княства Літоўскага ахоўваліся часткай літоўскай палявой арміі і залогамі прымежных замкаў. Такім чынам літоўскія войскі забясьпечвалі адначасова прыкрыцьцё месца канцэнтрацыі. Калі казаць пра Лівонію, то паведамлялася, што яны засталіся без палявых войскаў, абароненыя залогамі замкаў на чале з ротмістрамі.
Да вясны 1579 г. межы Літвы ахоўвалі каля 1700 жаўнераў, разьмешчаных у ста зь нечым замках. Сілы раскладаліся кардонам, пачынаючы з Гомелю і Любечу на поўдні, да Браслава і Дрысы на поўначы. У траўні вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды правёў рэарганізацыю абароны літоўскага памежжа. Каб павялічыць палявыя сілы, агульная колькасьць замкавых залог была зьменшана да 1120 чалавек, а галоўны націск быў зроблены на абарону вакол Полацку. Былі ўмацаваны залогі Дзісны, Лепелю, Вулы і Віцебску. Расклад стратэгічных сілаў непасрэдна літоўскай мяжы з боку маскоўскай дзяржавы выглядаў наступным чынам: Браслаў — 20 жаўнераў, Дрыса — 60, Дзісна — 100, Вушачы — 30, Варанец — 50, Лепель — 160, Цётча — 30, Вула — 170, Віцебск — 100, Сураж — 30, Ворша — 40, Барысаў — 15, Амсьціслаў — 60, Крычаў — 25, Гомель — 140, Любеч — 50, Вільня — 40.
Астатнія харугвы паволі сьцягваліся на месца канцэнтрацыі галоўнай арміі або дзейнічалі ў іншых раёнах шырокага памежжа. У выніку ваенная мабілізацыя Рэчы Паспалітай у 1579 г. была вялізнай. Паводле Г. Катарскага, Карона выставіла напярэдадні аблогі Полацку 25 519 жаўнераў, а Літва 30 550, што разам давала каля 56 тысяч чалавек.
Зразумела, частка войска не была выкарыстана ў маскоўскай вайне або дзейнічала далёка ад Полаччыны, дзе мусілі адбывацца вырашальныя ваенныя дзеяньні. Кварцяныя войскі, якія заставаліся ва Украіне, налічвалі 750 жаўнераў і ўвогуле не ўзялі ўдзелу ў вайне з Масквой. Затое частка літоўскіх войскаў змагалася на другарадных тэрыторыях або ахоўвала памежныя замкі. Лівонскія залогі, залічаныя да ўзброеных сілаў Вялікага Княства, налічвалі больш за 2850 чалавек, а вайсковым камандзірам, які каардынаваў абарону ўсёй правінцыі, стаў ротмістар Мацей Дэмбінскі. Як ужо згадвалася, літоўскія замкі ахоўвалі 1120 жаўнераў. Дывэрсійныя дзеяньні маскоўскіх войскаў з боку Лівоніі прывялі да таго, што пад Полацак ня трапіла жамойцкае паспалітае рушаньне, якое ацэньвалася прыблізна на 2 тысячы коньніцы. Корпус са 100 гусараў, 100 казакоў і 14 тысяч казацкай пяхоты дзейнічаў пад камандаваньнем Філона Кміты ў раёне Смаленску. Урэшце з 2 тысяч запароскіх казакоў, якія добраахвотна зьявіліся на кампанію, большасьць была выкарыстана для дывэрсійных дзеяньняў на Смаленшчыне і Севершчыне, дзе яны дапамагалі Філону Кміту, Яну Саламярэцкаму і князям Астроскім. Дзеля дакладнасьці трэба заўважыць, што пад Полацкам былі адзначаны прозьвішчы некалькіх казакоў, якія вылучыліся мужнасьцю. Аднак пра агульную іх колькасьць падрабязьней не вядома.