Выбрать главу

Хоць ня ўсе магнаты, якія заявілі пра жаданьне ўдзельнічаць у кампаніі, прыбылі ў Сьвір, але іх замянялі іншыя, якія раней не заяўлялі свайго ўдзелу. Магнацкія войскі, дапоўненыя добраахвотніцкімі аддзеламі, складалі сур’ёзны даважак да ўзброеных сілаў дзякуючы высокай, як правіла, якасьці ўзбраеньня, а таксама значнай колькасьці. Тут рэй вялі ліцьвіны, якія прывялі каля 10 тысяч ваяроў (у тым ліку больш за 8 тысяч конніцы, пераважна казацкай і пяцігорскай). Канечне, ніхто ня мог параўнацца з Радзівіламі, якія выставілі разам 1800 коньніцы і 100 пяхоты, але ўсё ж сам віленскі кашталян Ян Хадкевіч прывёў 900 коньнікаў і некалькі дзясяткаў пехацінцаў, троцкі кашталян Яўстах Валовіч — 700 коньніцы, а Ян Кішка — 300 коньніцы і 100 пяхоты. Іншыя пасылалі зазвычай адну ці дзьве роты. Магнацкія аддзелы і шляхецкія ахвотнікі з Кароны былі не такія шматлікія, што тлумачылася, напэўна, значнай аддаленасьцю ад тэатру ваенных дзеяньняў. Канцлер Ян Замойскі выставіў 600 пяхоты, а вялікія аддзелы коньніцы прывялі таксама князь Канстанцін Астроскі, Андрэй Збароўскі, войніцкі кашталян Ян Тэнчынскі, сандамірскі кашталян Станіслаў Шафранец і шмат іншых. Разам іх можна ацаніць на 5 тысяч чалавек.

МАРШ НА ПОЛАЦАК У 1579 г.

Вясна 1579 г. была ў Літве выключна халоднай, замаразкі працягваліся аж да сьвятога Яна, а трава амаль яшчэ не расла, што надзвычай ускладняла пераход аддзелаў коньніцы на месца канцэнтрацыі. Першыя роты (вугорскія і літоўскія) пачалі падцягвацца ў Сьвір толькі ў чэрвені. Падаткі паступалі, як звычайна, паволі, таму набор жаўнераў праходзіў ня вельмі гладка. Здараліся выпадкі, што некаторым харугвам коньніцы не выплачвалі традыцыйных авансаў на рыштунак. Ня ўсе таксама своечасова прыбылі ў Сьвір. Нават калі 11 ліпеня туды прыбыў Батура, не ставала многіх ротаў, асабліва з найбольш аддаленых раёнаў Кароны, г. зн. з рускіх зямель, Малапольшчы і Вялікапольшчы.

Як ужо згадвалася, на ваеннай нарадзе, праведзенай у Сьвіры, найвышэйшае камандаваньне было азнаёмлена з мэтамі кампаніі. Аднак Батура хацеў, каб мэты і задачы, пастаўленыя перад арміяй, былі зразумелыя і шараговым жаўнерам і шляхецкім валянтэрам. Канечне, у гэтым выпадку гаворка не ішла аб дэталёвых тактычных канцэпцыях, але аб прадстаўленьні прычыны кампаніі і агульных ваенных намераў. Гэта было незвычайным пачынам у эўрапейскім маштабе, паколькі тагачасныя ўладары і вайскаводцы ня мелі звычаю тлумачыць жаўнерам уласныя рашэньні. Адпаведны маніфэст быў выдадзены абознай друкарняй 12 ліпеня на лацінскай мове, а потым быў перакладзены на польскую, нямецкую і вугорскую.

Паводле Батуры, кампанія, распачатая Рэччу Паспалітай, — гэта слушная і справядлівая вайна з падступным праціўнікам, які парушае ўсялякія дамовы і міжнародныя трактаты. Напэўна, пад уплывам каралеўскіх дарадцаў у тэксьце апэлявалася да шэрагу прыкладаў з гісторыі, згадваліся агрэсіўныя ініцыятывы маскоўскай дзяржавы ў час Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста. Тыя няспынныя акты агрэсіі выключалі, на думку манарха, якую-небудзь надзею на мірнае разьвязаньне спрэчкі. Кароль заклікаў да вернасьці і мужнасьці, абяцаў узнагароды для самых адважных і забараняў рэпрэсіі супраць цывільнага насельніцтва, хоць іх ня раз выкарыстоўвалі маскоўскія войскі.

16 ліпеня гетман Мялецкі сабраў ротмістраў, выступіў з адпаведнай прамовай і загадаў прачытаць перад харугвамі вайсковыя артыкулы. У той жа дзень і ў наступны кароль правёў агляд усіх літоўскіх сілаў і, прынамсі, некаторых каронных ротаў.

Частка літоўскіх войскаў пакінула месца канцэнтрацыі, напэўна, ужо ў першы дзень агледзін. Каля сярэдзіны ліпеня ў Сьвір прыйшлі навіны, атрыманыя ад палонных, схопленых на памежжы. З данясеньняў вынікала, што частка войскаў, канцэнтраваных царом пад Псковам, павінна вырушыць або ўжо вырушыла да Полацку. Быў гэта нібыта корпус, складзены з 8 тысяч пяхоты і 200 баяраў. Нельга было недаацэньваць гэтых навінаў, таму трэба было зрабіць адпаведныя крокі ў адказ, каб не дапусьціць умацаваньня полацкай залогі. Дзеля гэтага Батура паслаў моцны авангард, які складаўся з аддзелаў літоўскай коньніцы пад камандаваньнем Мікалая і Крыштапа Радзівілаў, а таксама аддзел вугорскай пяхоты на чале з Каспэрам Бэкешам. Задачай гэтага корпусу было заблякаваць Полацак з поўначы і не дапусьціць да яго маскоўскіх падмацаваньняў.

Сьледам за авангардам павінна была вырушыць галоўная армія. Полацак можна было атакаваць з трох бакоў, г. зн. трактам, які вёў з поўдня, з усходу або з захаду. Шлях, які дазваляў атакаваць крэпасьць з поўдня, быў найкарацейшым, але занадта небясьпечным празь неабходнасьць фарсіраваць Дзьвіну паблізу варожай фартэцыі або атакаваць яе з-за гэтай ракі. Атака з усходу была адносна выгадным вырашэньнем, бо амаль да канца трымала б праціўніка ў няпэўнасьці адносна каралеўскіх намераў. Выбіраючы яе, трэба было весьці армію ў кірунку Улы і Віцебску, а гэта магло навесьці царскіх шпегаў на думку пра атаку на Смаленск. Мінусам гэтай канцэпцыі было значнае падаўжэньне маршруту, які мусіла бы прайсьці войска, і маскоўскія замкі, каля якіх яно мусіла б праходзіць. На поўдні ад Полацку, сярод лепельскіх лясоў, балот і азёр знаходзіліся Туроўля, Краснае і Суша, а іх залогі маглі б пагражаць камунікацыйным лініям. Таму заставалася яшчэ трэцяе вырашэньне, а менавіта атака з захаду. Для гэтага трэба было выбраць шлях да Дзісны, што знаходзілася ў руках Рэчы Паспалітай. Тады пераправа адбылася б на сваёй тэрыторыі, што дазволіла б пазьбегнуць маскоўскага стратэгічнага ўмацаваньня і адносна хутка дасягнуць Полацку. Было зразумела, што падзеньне Полацку прадвызначыць лёс трох маскоўскіх замкаў на левым беразе Дзьвіны, таму было вырашана не вылучаць з галоўнай арміі ніякіх сіл для авалоданьня імі.