Маскоўскую коньніцу ўмацоўвалі шматлікія татарскія аддзелы з казанскага і астраханскага ханстваў, якія трапілі пад маскоўскі ўплыў. Дапаможныя кантынгенты выстаўлялі таксама плямёны чарамісаў, чувашоў і мардвінаў, якія насялялі ўсходнія і паўднёвыя межы маскоўскай дзяржавы. Яны ня мелі ахоўных дасьпехаў, выкарыстоўвалі зазвычай лукі і шаблі, а часамі — т. зв. «маслакі» (г. зн. конскія сківіцы, прывязаныя да кіёў). Коньніца, якая фармавалася з усходніх народаў, ахвотна выкарыстоўвалася ў маскоўскай арміі для дывэрсійна-выведчых заданьняў.
Ужо ў першыя дзесяцігодзьдзі XVI ст. у маскоўскай дзяржаве зьявілася пяхота, узброеная агнястрэльнай зброяй. Гэта былі т. зв. «пішчальнікі», якіх даваў горад. Аднак іх аддзелы былі ня вельмі шматлікія, і прытым фармаваліся яны ў надзвычайным парадку. У такіх абставінах у 1550 г. Іван Жахлівы аддаў загад аб утварэньні фармаваньня стральцоў — прататыпу рэгулярных узброеных сілаў. Спачатку яны налічвалі 3 тысячы чалавек, аселых у падмаскоўскай слабадзе Вараб’ёва. Яны былі падзеленыя на 6 аддзелаў па 500 жаўнераў, апошнія, у сваю чаргу, дзяліліся на сотні на чале з сотнікамі, якія паходзілі з «баярскіх дзяцей». Сотні складаліся зь дзясятак. Зь цягам часу ў стральцы наймаліся таксама свабодныя людзі з-пад іншых гарадоў, таму пазьней яны дзяліліся на маскоўскіх і гарадавых. Расейскія гісторыкі ацэньваюць, што ў 80-я гг. XVI ст. гарнізоны стральцоў стаялі ў 22 гарадах. Пасьля ўвядзеньня Іванам IV Жахлівым сыстэмы «апрычніны» стральцы пачалі таксама называцца дзяржаўнымі («апрычнымі») і земскімі.
Стральцы рэкрутаваліся зь беднага, але свабоднага насельніцтва прадмесьцяў і гарадоў. Узамен за вайсковую службу яны атрымлівалі невялікія надзелы зямлі, збожжа і пэнсію, якая спачатку складала 4 рублі на год для тых, хто жыў пад Масквой. Узнагарода гарадавым стральцам была значна сьціплейшай і вагалася ад 50 да 75 капеек на год. Паколькі надзелы зямлі стральцам даваліся з правам перадачы ў спадчыну, і іх сыны былі абавязаныя служыць у арміі, утвараючы разам своеасаблівую касту ваяроў. Падчас міру яны жылі разам са сваімі сем’ямі паблізу гарадоў, у асобных стралецкіх слабодах. Ураблялі зямлю, а таксама займаліся гандлем, рамесьніцтвам ці выконвалі паліцэйскія функцыі ў гарадах, пры якіх жылі. Падпадалі пад адмысловы Стралецкі прыказ.
Падчас вайны маскоўскія стральцы былі абмундзіраваныя ў асноўным аднолькава і атрымлівалі аднастайнае ўзбраеньне зь дзяржаўных арсэналаў. Яно складалася з шаблі, кнотавага пішчала або ручніцы і кароткага бердыша. Апошні быў сур’ёзнай сечнай зброяй з доўгім лязом прыблізна на 1 мэтар, прыбліжаным формай да паўмесяца. Бярдыш, убіты ў зямлю, служыў жаўнеру як падпорка для агнястрэльнай зброі, замяняючы пры страляньні фаркет,[4] ужываны заходнеэўрапейскімі мушкетэрамі. Гарадавыя стральцы зазвычай былі ўзброены значна горш за маскоўскіх. Ня раз замест агнястрэльнай зброі яны насілі яшчэ лукі ці абмяжоўваліся аднымі бердышамі.
Нягледзячы на пэўныя недахопы ва ўзбраеньні, стральцы ў кароткім часе сталі найбольш спраўным і каштоўным фармаваньнем маскоўскай арміі. За Івана IV штогод праводзіліся агляды стралецкіх аддзелаў, якія муштравалі ў страявой падрыхтоўцы і стральбе зь пішчаляў. Адзін з найбольш гучных аглядаў праводзіўся ўзімку 1557 г., калі стралковай цэльлю маскоўскім жаўнерам служыў вялізны лядовы вал даўжынёй 200 мэтраў. Хоць стралкі былі перадусім пяхотным фармаваньнем, варта заўважыць, што ўказам цара быў створаны таксама невялікі конны аддзел, для якога адабралі найлепшых жаўнераў.
Першая ваенная кампанія, у якой узялі ўдзел стральцы, была аблога і здабыча Казані ў 1552 г. Пазьней яны ваявалі ў Інфлянтах і на літоўскім памежжы. Не захавалася ніводнага маскоўскага вайсковага перапісу, які ахопліваў бы ўсе стралецкія аддзелы ў час Івана IV. Паводле ангельца Флэчара, які наведаў маскоўскую дзяржаву ў канцы XVI ст., колькасьць стральцоў ацэньвалася прыблізна на 12 тысяч — 5 тысяч маскоўскіх, 5 тысяч гарадавых і 2 тысячы конных. Здаецца, што гэтая лічба найбольш блізкая да рэчаіснасьці, аднак напэўна ў дачыненьні да часу Івана IV крыху завышаная.
Трэцяй складовай часткай маскоўскай арміі была артылерыя. У XVI ст. яна вылучалася ў самастойны род войскаў, які ўлады атулялі асаблівым клопатам. Артылерысты, або пушкары, жылі часта ў «пушкарскіх слабодах» і, як і стральцы, былі падзелены на маскоўскіх і гарадавых. Вэрбавалі іх сярод насельніцтва гарадоў і прадмесьцяў з рэкамэндацый іншых пушкароў. Іх узнагароджвалі збожжам, сукном, гадавым жолдам, а часам нават невялікімі надзеламі зямлі. Як і ў выпадку стральцоў, становішча маскоўскіх пушкароў была нашмат лепшым, чым гарадавых. Першыя былі лепей забясьпечаныя; напрыклад, у сярэдзіне XVI ст. атрымлівалі 2 рублі гадавой пэнсіі, у той час як гарадавыя пушкары — палову гэтай сумы. У склад артылерыі ўваходзілі таксама кавалі, цесьляры і нават вартаўнікі брамаў, якія пільнавалі муры з устаноўленымі на іх гарматамі.
4
Вілы (іт.