Выбрать главу

Ужо 17 ліпеня, а значыць празь дзесяць зь нечым гадзін пасьля адпраўкі корпусу Радзівілаў, з-пад Сьвіры рушылі першыя аддзелы каралеўскай арміі, падзеленыя на дзьве калёны. Большасьць жаўнераў, табараў і ўсё цяжкае ваеннае абсталяваньне ішлі ў левай калёне дарогай праз Паставы і Глыбокае. Тут знаходзіўся кароль і сэнатары, якія спадарожнічалі яму. З прычыны вялікай масы людзей, коней і вазоў прасоўваліся досыць павольна і, паколькі калёна не магла хутка разьвярнуцца, была асабліва адкрытая для варожага нападу (напрыклад, з боку Туроўлі). Уласна таму кароль вылучыў правую калёну, якая складалася пераважна з коньніцы. Яе камандзір Мікалай Мялецкі прасоўваўся паралельным, хоць і крыху даўжэйшым шляхам, які праходзіў за дзесяць зь нечым кілямэтраў ад маршруту каралеўскай калёны. Гэты крок забясьпечыў галоўнай арміі бакавую варту і, з другога боку, разгрузіў галоўную вось маршу. У сваю чаргу, абедзьве калёны прыкрывалі Дзісну, па якой плыла значная частка харчоў і амуніцыі.

Паход каралеўскай арміі запавольвала жудаснае надвор’е. Дзесяць зь нечым дзён ішлі праліўныя дажджы, якія ператваралі і так не найлепшыя дарогі ў балота.

Яны да такой ступені ўскладнялі перавозку цяжкага ваеннага абсталяваньня, асабліва гармат, што кароль з уласных экіпажаў мусіў пасылаць коней, каб прысьпешыць паход.

Каралеўскія войскі дасягнулі Дзісны ў апошнія дні ліпеня або ў першыя дні жніўня. Невядома, ці першай на месцы зьявілася каралеўская калёна або калёна правага крыла, узначаленая Мялецкім. Як па дарозе да Дзісны, так і ў самой Дзісьне да арміі далучыліся запозьненыя аддзелы. Гэта былі галоўныя каронныя роты, нямецкая пяхота, а таксама 900 адзінак коньніцы, прыведзенай Янам Хадкевічам. 5 жніўня Батура зрабіў агледзіны каронных войскаў, прадстаўленых гетманам Мялецкім, нямецкай пяхоты Разражэўскага і невялікага дапаможнага аддзелу, прыбылага з князем Курляндыі. Зрэшты, апошні атрымаў тут інвэстытуру на княства Курляндыі і Зямгаліі. Адначасова каралеўскія інжынэры пачалі ўзводзіць каньковы мост на Дзьвіне, і зрабілі гэта сапраўды маланкава, за тры гадзіны. Дарога на Полацак была адкрытая.

Паўстае пытаньне, што рабіў Іван Жахлівы ў сувязі з ужо відавочным польска-літоўскім наступам. Да восені 1578 г. кіраўніцтва маскоўскай дзяржавы магло разглядаць лякальныя сутычкі ў Лівоніі як своеасаблівае высьвятленьне адносін перад перамовамі аб замірэньні. У Крамлі не спадзяваліся, што Рэч Паспалітая ў блізкім часе будзе здольная да значнай ваеннай мабілізацыі. Толькі параза пад Кесьсю і лютаўска-сакавіцкі рэйд Радзівіла пад Дорпатам прымусіў цара адчуць непазьбежнасць блізкага канфлікту. Таму ён сабраў на нараду баяраў і, паведаміўшы ім пра пачатае каралём узбраеньне, паабяцаў распачаць выправу

на зямлю нямецкую і літоўскую.

Маскоўская ваенная падрыхтоўка пачалася раньняй вясной 1579 г. У першую чаргу Іван IV даручыў узмацніць залогі каля 80 прымежных замкаў уздоўж Волгі, Дону, Дняпра і Дзьвіны, а таксама прызначыў іх камэндантаў. У Смаленску імі былі Васіль Пронскі і Іван Гагін, у Вяліжы — Міхаіл Чыхачоў, ва Усьвятах — Міхаіл Веліямінаў, у Вялікіх Луках — Іван Злобін і Фёдар Замыцкой, у Азярышчах — Уладзімер Веліямінаў, у Сокале — Іван Какошкін, у Красным — Васіль Веліямінаў, у Нешчардзе — Іван Талбузін і г. д.

Былі ўзмоцнены таксама залогі лівонскіх замкаў, куды да ліпеня 1579 г. пасылалі новых людзей і шматлікі транспарт харчоў. Цар праявіў асаблівы клопат аб замках, разьмешчаных на Дзьвіне (Ленвардт (Ліелвардэ), Кукейнос і Кройцбург), якія яшчэ заставаліся ў яго руках. З гэтага вынікае, што ён разглядаў іх як каштоўны пляцдарм, які аблягчаў маскоўскім войскам арганізацыю вылазак на землі Вялікага Княства Літоўскага, што неўзабаве мусілі адчуць на сваёй скуры жыхары Жамойці.