што гэтая атака абудзіць непакой польскага камандаваньня і прымусіць адмовіцца да пастаўленых [ваенных. —Д. К.] мэтаў, і, прынамсі, створыць няпэўнасць, асабліва ў шэрагах літоўскага войска.
Весткі пра маскоўскі набег на Жамойць дайшлі да караля ўжо пад Дзісной. Напэўна яны выклікалі пэўны непакой сярод ліцьвінаў, але не такі вялікі, як спадзяваліся царскія камандзіры. Батура паслаў у рэгіён, што апынуўся пад пагрозай, жамойцкага кашталяна Мікалая Талваша на чале тамтэйшага паспалітага рушаньня (каля 2 тысяч чалавек). Аднак да ўзброенай сутычкі не дайшло. Перш чым Талваш дабраўся да Біржаў, маскоўскія загоны адступілі за Дзьвіну, а потым пачалі адступленьне да галоўнай царскай арміі, якая ў гэты час перасунулася пад Пскоў.
Акурат у Пскове цар атрымаў вестку пра ўваход войскаў Батуры на Полаччыну. Ужо 23 ліпеня літоўскія казакі занялі і зраўнялі з зямлёй замак Казяны. Уначы 31 ліпеня казакі Францішка Жука зь Цётчы, падтрыманыя жаўнерамі з Улы, напалі на Краснае і, прыставіўшы да вала драбіны, авалодалі ім разам з запасамі зброі і харчоў.
4 жніўня пала Сітна, зь якога можна было падтрымліваць Полацак водным шляхам. Таксама пачалася блякада самога Полацку пасланымі перад галоўнай арміяй літоўскімі аддзеламі Радзівілаў і вугорскімі Бэкеша. С. Гэрбст мяркуе, што гэта адбылося 4 жніўня, г. зн. у той жа дзень, калі літоўска-вугорскі аддзел, пасланы літоўскімі гетманамі, спаліў Сітна. Аднак гэта немагчыма, бо Сітна знаходзілася за 50 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Полацку, у верхнім цячэньні Палаты, каля тракту на Вялікія Лукі. Здаецца, што спачатку корпус Радзівілаў заблякаваў Полацак і дарогі, якія вялі зь яго на Вялікія Лукі і Пскоў, а толькі потым вылучаныя роты правялі нечаканую атаку на Сітна. Пацьвярджае гэта Р. Гайдэнштайн, пішучы, што спаленьне Сітна адбылося, калі пад Полацкам ужо ішлі сутыкеньні варты Радзівіла з патрулямі абаронцаў, якія зьяўляліся перад гарадзкімі брамамі. Вельмі верагодна, што, вырушыўшы са Сьвіры 16 (найпазьней 17) ліпеня, ліцьвіны і вугорцы прайшлі каля 180 кілямэтраў, якія аддзялялі іх ад Полацку, за 15–16 дзён і прыбылі пад крэпасьць у першыя дні жніўня (безумоўна, да 4 жніўня).
Іван IV даведаўся пра марш каралеўскіх аддзелаў у кірунку Полацку ўжо 1 жніўня. Ён прыняў тады крыху дзіўнае рашэньне разьмясьціць свае сілы на подступах да Пскова. Пярэдні полк на чале зь Фёдарам Мсьціслаўскім, Сямёнам Пронскім і Дымітрам Хварастыніным быў скіраваны пад Фэлін у паўночнай Лівоніі. Полк правай рукі пад камандаваньнем Пятра Шайдзякова, Івана Шуйскага і Івана Турэніна перасунуўся пад Астроў на Вялікай, разьмешчаны за нейкіх 40 кілямэтраў на поўдзень ад Пскова. На дапамогу полацкаму гарнізону адправіліся ўсяго 5 тысяч жаўнераў і данскіх казакоў, якімі камандавалі ваяводы Фёдар Шарамецеў, Барыс Шэін, Міхаіл Лыкаў, Васіль Крываборскі і Дзьмітры Палецкі.
Адпраўка 5 тысяч чалавек на дапамогу Полацку, які апынуўся пад пагрозай, здавалася натуральнай. Гэта былі сілы, якія маглі значна падмацаваць залогу крэпасьці, аднак замалыя, каб даць бітву каралеўскай арміі. Зрэшты, гэтай другой магчымасьці цар нават ня браў пад увагу, забараняючы Шарамецеву і Щэіну біцца ў адкрытым полі, калі яны не пасьпеюць своечасова дабрацца да Полацку. Тады яны мусілі непакоіць армію Батуры, а цар меркаваў, што ўмацаваньні Полацку ўблытаюць яе ў працяглыя абложныя баі.
Аднак застаецца пытаньне: якую мэту ставіў маскоўскі ўладар пры разьмяшчэньні пярэдняга палка і правай рукі? Першы, апэруючы на базе Фэліна, мог ахоўваць царскія ўладаньні ў паўночнай Лівоніі ад магчымай атакі з боку швэдзкага Рэвэлю або прыналежнай Рэчы Паспалітай Кесі (залога каля 1200 жаўнераў). Другі папросту ахоўваў тракт, які вёў з Полацку да Пскова, г. зн. абараняў царскую армію ад нечаканага рэйду польска-літоўскай коньніцы. Можна меркаваць, што, як і ў працяглых кампаніях, кожны з гэтых палкоў налічваў 3–4 тысячы чалавек.
Войска, якое засталося пад Псковам, было нанова падзелена на 6 палкоў (г. зн. гасударскі, вялікі, пярэдні, правай рукі, левай рукі, вартаўнічы і артылерыйскі). Гасударскім палком камандаваў князь Мікіта Трубяцкой, вялікім — князь Сямён Цьвярской. Разьмеркаваньне камандных пасадаў у іншых адзінках выклікала пэўнае замяшаньне сярод царскіх ваяводаў. Ужо далі пра сябе знаць «месьніцтвы» (гл. разьдзел «Армія Івана IV Жахлівага»). Цягам некалькіх дзён Івану IV даводзілася выслухоўваць жальбы сваіх камандзіраў, якія скардзіліся, што іх канкурэнты зь ніжэйшага ўзроўню іерархіі атрымлівалі важнейшыя пасады.