Магчымасьцяў атакаваць крэпасьць было некалькі, таму выбар кірунку ўдару на Полацак стаў прадметам нарады кіраўніцтва. Ужо 11 жніўня, адразу пасьля прыбыцьця пад горад, Батура агледзеў у таварыстве гетманаў яго ўмацаваньні. Ён прыйшоў да высновы, што абстрэл і штурм павінен быць нацэлены на валы Верхняга замку. Іх можна было атакаваць толькі з паўночнага боку, праз Палату на вузкім адрэзку паміж Запалоцьцем і Стралецкім замкам. Найперш трэба было фарсіраваць рэчку, а потым ударыць па досыць стромкім схіле, які вёў пад валы. Нягледзячы на такія цяжкасьці, здабыць у першую чаргу Верхні замак было магчыма, а гэта, у сваю чаргу, гарантавала канчатковы посьпех. У выпадку здабыцьця Верхняга замку, валы і вежы якога ўзвышаліся над умацаваньнямі Стралецкага замку і Запалоцьця, апошнія ня мелі б шанцаў на супраціў. А вось калі б найперш быў здабыты Стралецкі замак або Запалоцьце, баі зацягнуліся б, бо і так лёс Полацку залежаў ад авалоданьня Верхнім замкам.
Паводле Р. Гайдэнштайна, дыямэтральна процілеглую пазыцыю займаў Каспэр Бэкеш. Ён прапаноўваў спачатку ўдарыць з захаду на Запалоцьце,
бо хоць пасьля яго здабычы непрыяцель схаваецца ў замку, але карысна тое, што ўсе жудасьці аблогі праз загон у адно месца ўсіх абаронцаў значна ўзмоцняцца, а да таго ж асаджаныя ўпадуць духам, а нашым будзе менш працы і дадасца адвагі; здабыцьцё замку [Верхняга. — Д. К.] з боку гораду ня будзе значна цяжэйшым, чым зь іншага боку, паколькі рака Палата, якая, здавалася б, ускладняе гэтыя захады, мае воды ледзьве да калена і яе амаль усюды можна перайсьці ўброд (…).
Да найбольш гарачых прыхільнікаў каралеўскай канцэпцыі ад пачатку належаў канцлер Ян Замойскі. Аднак калі ён самастойна выправіўся на другую рэкагнасцыроўку, заўважыў трэцюю магчымасьць атакі на Полацак. Дайшоўшы да пагарэлішча, што засталося ад Вялікага Пасаду, ён заўважыў, што роў, якія ахоўвае Стралецкі замак, не такі глыбокі, як меркавалася, і ўверх падымаецца досыць плаўна, што дае шанец на досыць эфэктыўную і імклівую атаку на крэпасьць з усходняга боку, а значыць з таго ж кірунку, зь якога яе штурмавалі войскі Івана Жахлівага ў 1563 г.
Урэшце нараду над кірункам атакі спынілі жаўнеры. Немцы прайшлі вакол умацаваньняў крэпасьці і разьмясьціліся насупраць Стралецкага замку, пачаўшы насыпаць шанцы, а вугорцы пачалі рыць апрошы (г. зн. вузкія, зыгзагападобныя равы, якія дазвалялі схавана падысьці пад асаджаную крэпасьць) зь месца, на якім у той час спыніліся зь берагу Дзьвіны ў кірунку Запалоцьця. Зразумела, яшчэ была магчымасьць стрымаць жаўнераў і вярнуцца да каралеўскай канцэпцыі, але Батура, напэўна, палічыў, што можна прыступіць да абложных працаў зь некалькіх бакоў адразу. Ён матываваў гэта жаданьнем пазьбегнуць сварак паміж жаўнерамі рознай нацыянальнасьці, скіраванымі на адзін участак крэпасьці.
Войскі стаялі ў парадку паводле нацыянальнага крытэра, пачынаючы з правага берагу Дзьвіны. Вугорскі лягер быў разьмешчаны насупраць Запалоцьця. Адразу за мостам, пры самай Дзьвіне, стаяла пяхота, а зьлева ад яе вугорская коньніца пад агульным камандаваньнем Каспэра Бэкеша. Зьлева ад вугорцаў, таксама на правым беразе Палаты, стаялі ліцьвіны на чале зь Мікалаем і Крыштапам Радзівіламі. Першы літоўскі лягер, у якім стаялі наёмныя роты, набыў форму пляцу, абкружанага колам намётаў. Ён знаходзіўся адразу ж за літоўскім лягерам. Намёты літоўскіх добраахвотнікаў і магнацкіх аддзелаў, разьбітыя асобна, занялі ўсю прастору уздоўж лесу аж да царквы, якая была пабудаваная пры Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры непасрэдна на беразе Палаты. Паводле пляну С. Пахалавецкага, на поўдзень ад той царквы, на правым беразе Палаты стаяла яшчэ прыдворная коньніца, якой камандаваў Ян Збароўскі.
На левым беразе Палаты стаяў польскі лягер, які набыў авальную форму.
Тут стаялі табарам амаль усе сэнатары і польская коньніца, а таксама Мікалай Крыштоп Радзівіл, прыдворны маршалак літоўскі, які пры адсутнасьці кароннага маршалка быў начальнікам над усім каралеўскім дваром. Цэнтар лягеру займала каралеўская стаўка і намёты сэнатараў, зь якіх чым хто вышэйшую займаў пасаду, тым бліжэй пры каралю знаходзіўся. Тры шэрагі намётаў, якія абкружалі галоўную стаўку, утваралі як бы два сёлішчы, аддзеленыя адно ад аднаго роўнай прасторай; да іх было два падыходы празь дзьве брамы. Столькі ж было абозных брамаў, якія ахоўваліся вартаўнікамі і пляцоўкамі. Звонку табар вазоў, счэпленых жалезнымі ланцугамі, польскім звычаем засланяў лягер.