Польскія і вугорскія артылерысты не маглі пахваліцца посьпехамі. Дзень пры дні яны стралялі па валах абодвух замкаў, не здабываючы значных вынікаў. Звычайныя ядры забіваліся ў вал, ня робячы асаблівай шкоды. Таму былі выкарыстаныя запальныя, але і тыя не дапамаглі,
а ўсё таму, што пры стральбе ў крыху вышэйшыя пункты гэтыя ядры прабівалі, як і звычайныя ядры, сьцены навылет [і загразалі ў зямлі, што запаўняла ізьбіцу. — Д. К.]; калі цэлілі ніжэй, блізка падмуркаў, з надзеяй, што ядры змогуць там затрымацца, снарады найчасьцей ударалі ў пагорак, на якім стаяў замак, які так узвышаўся, што процілеглы пункт, дзе знаходзіліся каралеўскія гарматы, хоць і высокі, але ляжаў ніжэй за замак, — і зарываліся ў зямлю.
Тут варта згадаць, што маскоўскія камандзіры выдатна ўсьведамлялі ўстойлівасьць драўляна-земляной канструкцыі ізьбічных валоў пад артылерыйскім абстрэлам. Падчас наступных кампаній Батуры яны, баронячы свае крэпасьці, наўмысна рабілі танчэйшым вонкавы пласт драўніны да аднаго або двух шэрагаў бэлек, каб запальныя ядры маглі іх лягчэй прабіць і завязнуць у зямлі.
Убачыўшы безвыніковасьць артылерыйскага абстрэлу, кароль і яго камандзіры прыйшлі да высновы, што адзіны спосаб заняць Полацак — гэта падпаліць яго драўляныя ўмацаваньні. Тады Батура зьвярнуўся да добраахвотнікаў, прызначыўшы высокую ўзнагароду тым, хто здолее раскласьці агонь. Першымі выказалі жаданьне вугорцы, заахвочаныя Бэкешам, аднак хутка да іх далучыліся палякі і ліцьвіны.
Першыя спробы падпаліць умацаваньні крэпасьці апісаныя ў крыніцах досыць асьцярожна. Калі параўнаць усе вядомыя нам пераказы, то вынікае, што было сфармавана некалькі групаў добраахвотнікаў. Пад прыкрыцьцём артылерыйскага агню, які вёўся з шанцаў польскай і вугорскай пяхоты, яны перайшлі Палату
праз мост уверх проста пад замак.
Такім чынам, несумненна быў атакаваны Верхні замак празь яшчэ ня зьнішчаны мост Барнэмішы, пабудаваны насупраць яго ўмацаваньняў. Нельга выключаць, што частка добраахвотнікаў рушыла па другім мосьце да валоў Стралецкага замку. У абодвух выпадках тэрыторыя была надзвычай складаная, паколькі левы бераг Палаты ўздымаўся ў гэтым месцы досыць стромка,
што нашы, калі ішлі туды, аж пад’ёмы сабе парабілі, а хто валіўся, плюхаўся проста ў Палату.
Як толькі добраахвотнікі з лучынамі пачалі падымацца пад замкавую гару, на іх пасыпаўся град куляў, стрэлаў, камянёў і вялізных кавалкаў дрэва, якія, сапхнутыя з умацаваньняў, каціліся па схіле, зьмятаючы па дарозе многіх каралеўскіх жаўнераў. Нягледзячы на гэта, у некалькіх месцах пад валамі і вежамі зьявіўся дым і невялікае цяпло. Абаронцы адразу ж кінуліся гасіць пажар. Дапамагалі ўсе. Р. Гайдэнштайн згадвае пра старых, жанчын і дзяцей, якія падавалі ваду, не зважаючы на шчыльны абстрэл з польскіх шанцаў. На зьдзіўленьне абложнікаў,
вельмі многім з залогі загадвалі спускацца па сьцяне звонку на канатах і так, вісячы ў паветры, вадой, якая падавалася зьверху іншымі, залівалі падкладаныя звонку лучыны; а калі яны ад прыцэльных стрэлаў нашых пагінулі, увесь час гэтага нападу было дастаткова сьмелых, якія, падобна як і папярэднікі, мелі адвагу пагарджаць небясьпекай і займалі месца палеглых.
Двухбаковая ўзмоцненая кананада, якая працягвалася падчас вылазак добраахвотнікаў пад валы крэпасьці, прынесла з сабой першыя сур’ёзныя страты для абодвух бакоў. Найбольшыя страты панесьлі абаронцы і няшчасныя «падпальшчыкі», але ад агню маскоўскай артылерыі загінула таксама некалькі жаўнераў, якія займалі шанцы, у тым ліку ротмістар вугорскай пяхоты Міхал Бадані (было гэта 15 жніўня).
Пэўныя страты панесла таксама нямецкая пяхота, і то зь віны камандзіраў, якія ня здолелі захаваць дысцыпліну. Праўда, гарматы, пастаўленыя на пабудаваных тут шанцах, вялі агонь па ўмацаваньнях як Стралецкага замку, так і Верхняга, аднак канцэнтрацыя дзеяньняў на паўночным і заходнім участках аблогі прытупіла крыху пільнасьць пехацінцаў. Яны пачуваліся так бясьпечна, што першыя дні аблогі праводзілі бесклапотна, папіваючы алькаголь або дрэмлючы на траве сярод пладовых дрэў. Гэта адразу заўважыў маскоўскі камэндант Стралецкага замку Дзьмітры Шчарбаты і арганізаваў нечаканую начную вылазку праз усходнюю браму, якая выходзіла на сады прадмесьця. Маскоўскія жаўнеры засьпелі некаторых немцаў падчас сну, таму былі вялікія страты — шмат забітых, параненых і схопленых у палон.