Выбрать главу

Аднак сытуацыя выглядала сур’ёзна. Пад польскія і вугорскія акопы вярнуўся як кароль, так і Замойскі зь Мялецкім. Манарх яшчэ раз распарадзіўся дадаткова ўмацаваць дарогу да Сокалу, а падканцлер і гетман адправіліся да пазыцый пяхоты і артылерыі. Падчас маскоўскай контратакі абложнікі пэўны момант баяліся за лёс гармат — і небеспадстаўна, калі ўлічыць самавольны ўдзел часткі пяхоты ў баях за Верхні замак. Можа, калі б не згаданая вышэй рота Замойскага, абаронцы спакусіліся б на гарматы і атакавалі польскія ці вугорскія пазыцыі за Палатой.

Вядома, вяртаньне караля і вышэйшых камандзіраў заўважыла залога крэпасьці. Яны зразумелі гэта як падрыхтоўку да новага штурму і адкрылі шчыльны агонь. Польскія гарматы не заставаліся ў даўгу, і артылерыйская кананада працягвалася яшчэ некалькі гадзін. Абаронцы Верхняга замку былі занятыя перадусім гашэньнем пажару, таму на гэты раз больш актыўнымі былі гарматы Стралецкага замку. Як заўсёды, асаблівай трапнасьцю адзначаліся артылерысты, якія стралялі з высокай вежы на дзядзінцы. Менавіта адтуль выстралілі ядро, якое забіла коньніка з каралеўскага эскорту, які знаходзіўся паблізу манарха ў момант, калі Батура зноў прыбыў на правы бераг Палаты.

Каралеўскія камандзіры яшчэ празь некалькі гадзінаў пасьля злашчаснай атакі мусілі ўпарадкоўваць зьмешаныя аддзелы пяхоты і супакойваць узаемную непрыхільнасьць. Палякі вінавацілі вугорцаў у легкадумнасьці, а тыя — сваіх праціўнікаў ва ўніканьні бою. Дайшло нават да таго, што адзін з вугорскіх ротмістраў злавіў гетмана Мялецкага і адкрыта пачаў скардзіцца на палякаў, быццам тыя не хацелі дапамагаць падчас атакі на Замак. Выведзены з раўнавагі, вайскаводца нібыта адказаў:

«Дык вось я паляк і хачу памагчы», — і, саскочыўшы з каня і ўзяўшыся за рондэль, сам пайшоў на штурм, пакуль яго ледзьве адвёў ад гэтага Яжына, каралеўскі падстолі.

Апісаныя вышэй інцыдэнты сьведчаць пра цяжкасьці, якія стварала камандаваньне шматнацыянальнай арміяй. Толькі ў наступны дзень удалося суняць усе скаргі і ўзаемныя абвінавачаньні.

Паводле афіцыйных дадзеных каралеўскай канцылярыі, у баях за 29 жніўня загінула 27 каралеўскіх жаўнераў і 200 чалавек з гарнізону крэпасьці. Апошняя лічба, заснаваная на ацэнках, безумоўна, моцна завышаная.

Тым часам абаронцы пад выглядам нарадаў над каралеўскім лістом атрымалі час да паўдня 30 жніўня, ашукваючы польскае камандаваньне надзеяй на перамовы. Дзякуючы гэтаму яны дагасілі агонь і ўсю ноч з 29 на 30 жніўня працавалі над умацаваньнем валу, які ўжо раз стрымліваў вугорцаў і палякаў. Збудавалі яго паміж дзьвюма яшчэ не кранутымі агнём вежамі, дзякуючы чаму адрэзалі рэшту ўмацаваньняў ад спаленай бастэі і загарадзілі падыход да Верхняга замку. Гэта была драўляная канструкцыя, набітая зямлёй, узятай з подступаў да крэпасьці, што, як мы згадвалі, прывяло да ўзьнікненьня рову — дадатковай абароны. Выкарыстоўваючы начны перапынак у ваенных дзеяньнях, абаронцы ня толькі ўмацавалі вал, але і паставілі на ім некалькі лёгкіх гармат, набіваючы іх сечанымі аскепкамі жалеза.

Урэшце, каля паўдня 30 жніўня маскоўскія камандзіры прынялі перад валамі польскага пасланца. Сказалі яму, што ня могуць адкрыць брамаў крэпасьці,

бо ключы мае іх вялікі князь, а калі нехта зможа іх адкрыць, то няхай Яго Каралеўская Мосьць гэта зробіць.

Адначасова маскоўскія жаўнеры пачалі ўкамплектоўваць спалены бастыён Верхняга замку. Рэшткі ўмацаваньняў гэтай бастэі, адпаведна адрамантаваныя і ўмацаваныя, напэўна, дазвалялі стварыць зь яго першую лінію абароны.

Неўзабаве з польскіх і вугорскіх шанцаў заўважылі маскоўскіх жаўнераў, якія займалі разбураную бастэю Верхняга замку, і паведамілі пра гэта каралю. Батура адразу ж загадаў адкрыць агонь з гармат і пачаць атаку. Праводзілі яе адначасова з паўночнага ўсходу, з поўначы і з захаду ад спаленага Запалоцьця. Апошні кірунак меў, хутчэй, дапаможны характар. Як і ў папярэдні дзень, польская і вугорская пяхота, падтрыманая на гэты раз добраахвотнікамі з коньніцы, уварвалася ў Верхні замак з паўночнага боку.