калі на начлег прыйшлі, пачалі іх гультаі, якія за імі ад войска [каралеўскага. — Д. К.] валакліся, абдзіраць, у чым ім дапамагалі казакі, якія былі пры іх пасланыя. Калі масква спалоханая гэта ўбачыла, пачала па лесе разьбягацца, кожны ў свой бок, то Садоўскі іх зноў сабраць ня мог.
Залога Полацку страціла скарб, аднак дабралася да некалькіх царскіх гарадоў, дзе былых абаронцаў затрымалі мясцовыя ваяводы. Сучасьнікі падзеяў дзівіліся, што цар паставіўся да іх надзвычай ласкава, разьмясьціў у Вялікіх Луках, Звалоччы, Невелі, Усьвятах і загадаў змыць зь сябе ганьбу капітуляцыі пры найбліжэйшай нагодзе. Паводзіны Івана Жахлівага маглі тлумачыцца двума матывамі. Па-першае, ён не прыслаў асаджаным эфэктыўнай дапамогі, таму цяжка было іх караць; па-другое, ласкавасьць мусіла ўмацаваць вернасьць залогу астатніх замкаў.
Яшчэ 31 жніўня быў пагашаны пажар умацаваньняў Верхняга замку, і Батура хацеў уехаць у Полацак. Аднак яму адраілі рабіць гэта з прычыны невыноснага смуроду ад вялікай колькасьці непахаваных цел. У такой сытуацыі ўрачыстае набажэнства падзякі было праведзена ў лягеры, а абодва замкі манарх агледзеў у аўторак 1 верасьня.
Аказалася тады, што нават прызначэньне адмысловых вартаўнікоў не ахавала здабытай крэпасьці ад самавольнага пранікненьня чэлядзі і прагных здабычы жаўнераў. Польскія хранікёры абвінавачвалі вугорцаў, і да Батуры мелі вялікую прэтэнзію, пішучы, што
вугорцы спусташалі і бралі здабычы з замку, нягледзячы на супраціў Нішчыцкага, Пэнкаслаўскага, Немсты, Красіцкага і іншых, каму даручылі варту. Хоць вугорцы гэтаму пярэчылі, звальваючы віну на палякаў, аднак гэтыя рэчы публічна прадаваліся, быццам бы кароль дазволіў вугорцам рабункі.
Здабыча вугорцаў не магла быць вялікай. У Полацку не было спадзяваных скарбаў. Усе больш каштоўныя ўпрыгожаньні і інвэнтар вывезьлі яшчэ ў 1563 г. на загад Івана Жахлівага, а ператварэньне гораду з гандлёва-рамесьніцкага цэнтру ў гарнізон не спрыяла абагачэньню. Хоць кароль даручыў падзяліць знойдзенае сярод жаўнераў, аднак, як можна было прадбачыць, гэта не суняло падазрэньняў і абвінавачаньняў на адрас камандзіраў або прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. Толькі аматары літаратуры маглі быць задаволены вялікай царкоўнай бібліятэкай, якая зьмяшчала творы на грэцкай і рускай мовах[20].
Затое ў Полацку знайшлі вялізныя запасы харчоў і фуража, што мела вялізнае значэньне для згаладалага войска. Было здабыта таксама 38 гармат, 300 гакаўніц, 600 доўгіх ручніц, 2500 цэнтнэраў пораху, мноства ядраў і іншага ваеннага абсталяваньня, якое крыху перабольшана ацэньвалася на 200 тысяч злотых. Гэтых запасаў аблозе напэўна хапіла б, каб вытрымаць вельмі доўгую аблогу.
Крыніцы не падаюць дакладных страт абодвух бакоў падчас аблогі Полацку. Згадкі пра палеглыя 2 тысячы царскіх падданых яўна крыху завышаныя. З каралеўскіх фармаваньняў найбольшыя страты панесла каралеўская пяхота. Мы ведаем толькі попісы польскіх і нямецкіх рот, зь якіх вынікае, што ў першых загінула, памерла або дэзэрціравала 602 чалавекі (36 %), з другіх — 860 (51 %). Вугорцы, якія вельмі актыўна ўдзельнічалі ў аблозе, страцілі прынамсі такі ж адсотак, які і палякі. Найменшыя страты, напэўна, былі ў літоўскай пяхоце, пра якую крыніцы згадваюць радзей. Зразумела, нельга вызначыць, якая частка гэтых страт была вынікам баявых дзеяньняў, а якая хвароб, голаду ці дэзэрцірства. Аднак прыклад страт, панесеных у баях 29 жніўня, сьведчыць пра тое, што баявыя страты склалі найменшы адсотак. Коньніца не панесла іх шмат, бо ў непасрэдных баявых дзеяньнях бралі ўдзел толькі добраахвотнікі і толькі 29–30 жніўня.
Фактычна назаўтра пасьля авалоданьня крэпасьцю пачалі рамантаваць умацаваньні, разбураныя падчас аблогі. За ўсім асабіста сачыў Батура, маючы ў распараджэньні інжынэраў, узятых у паход. Вугорская пяхота атрымала загад раскапаць шанцы і засыпаць апрошы, узьведзеныя вакол абодвух замкаў. Былі дастаўленыя 77 цесьляроў зь Віцебску і Дзісны, якія з дапамогай жаўнераў адбудавалі самы разбураны ўчастак умацаваньняў з боку Палаты.
Амаль цалкам былі ўзьведзены 3 куртыны і 5 вежаў Верхняга замку, для чаго выкарыстоўваліся драўляныя камлі. Звонку іх абаранілі ад агню, абляпляючы тоўстым слоем гліны, умацаванай камянямі. Скляпеньні вежаў, на якіх мусілі стаць гарматы, складаліся з трох пластоў тоўстых бэлек. Трэба прызнаць, што, нягледзячы на пэўныя ўказаньні манарха, працы не зьмянілі прынцыпова характару і формы ўмацаваньняў крэпасьці. Яны былі завершаны ўжо 16 верасьня выплатай працаўнікам з каралеўскага скарбу 7 тысяч злотых.