На валах і вежах Полацку было разьмешчана 29 гармат, у тым ліку адна 12-фунтавая фэльдшлянга і адзінаццаць 6-фунтавых фальканэтаў. Пры кожнай гармаце знаходзілася «стойка (…), штэмпэль і тры зарады», а рэшта ядраў захоўвалася ў скрынях. Акрамя таго, у замку было пакінута некалькі дзясяткаў гакаўніц і, напэўна, частка трафэйных маскоўскіх гармат.
На просьбу гетмана Мікалая Радзівіла кароль прызначыў гараднічым полацкага замку Францішка Жука, зрабіўшы яго адказным за стан узбраеньня і ўмацаваньняў крэпасьці. Галоўнакамандаваньне ўсёй залогай было даручана полацкаму ваяводу Мікалаю Драгастайскаму. Гарнізон крэпасьці налічваў 900 чалавек, у тым ліку 500 пяхоты і 400 коньніцы, а таксама 19 пушкароў на чале з каптэнармусам Тамашом зь Вільні. Позьняй восеньню ў Полацак на зімовы пастой адправілі яшчэ некалькі ротаў, дзякуючы чаму Драгастайскі меў у распараджэньні 1350 жаўнераў і мог нават рабіць дывэрсіі на тэрыторыі ворага.
ЭПІЛЁГ КАМПАНІІ
Адваёва Полацку была галоўнай мэтай кампаніі 1579 г., аднак нельга было скончыць ваенных дзеяньняў, не заняўшы астатніх замкаў Полаччыны, якія яшчэ знаходзіліся ў маскоўскіх руках. Яны пагражалі, можа, ня столькі самому Полацку, колькі камунікацыйным шляхам, якія вялі да яго. Каб Полацак выконваў функцыю адміністрацыйнага і ваеннага цэнтру на сярэдняй Дзьвіне, трэба было ачысьціць ваколіцы крэпасьці ад варожых войскаў. Якраз для гэтага неўзабаве пасьля ўзяцьця Полацку кароль вылучыў з сваёй арміі некалькі корпусаў, якія былі кінутыя на акалічныя маскоўскія замкі.
На загад Батуры вялікі гетман літоўскі паслаў у экспэдыцыю аддзел зь літоўскай коньніцы і казацкай пяхоты на Туроўлю, разьмешчаную на поўдзень ад Полацку, каля тракту на Барысаў. Выправай камандавалі Канстанцін Лукомскі і Марцін Курч. Аднак абышлося бяз бою, бо маскоўская залога, даведаўшыся пра падзеньне Полацку, адышла. 4 верасьня ліцьвіны ўвайшлі ў некрануты замак. Абаронцы ня зьнішчылі нават гармат і харчовых запасаў.
Бітва за Сокал
Найвялікшыя сілы, якімі камандаваў вялікі гетман каронны Мікалай Мялецкі, рушылі пад Сокал. Налічвалі яны, напэўна, каля 5 тысяч чалавек, у тым ліку прынамсі 3200 польскай і нямецкай пяхоты, каля тысячы польскай коньніцы на чале з брацлаўскім ваяводам Янушам Збараскім і частку прыватных разьездаў. Вядома, што сярод апошніх апынуліся 300 адзінак коньніцы Збараскага і конныя або пешыя роты Спытка Ёрдана, Станіслава Стадніцкага, Мікалая Угравецкага і шматлікія прыдворныя разьезды (між іншым, Жалкеўскіх).
Сокал, які знаходзіўся прыблізна за 30 кілямэтраў на поўнач ад Полацку, меў значную абарончую каштоўнасьць. З поўдня яго прыкрывала Дрыса, а з поўначы і захаду ў яе ўпадала пад замкам Нішча. Ня вельмі шырокі доступ да ўмацаваньняў з усходняга боку ахоўваў роў. Драўляна-земляныя ўмацаваньні з ізьбічнай канструкцыяй былі пабудаваныя зь яловых бэлек у форме замкнёнай падковы. Іх умацоўвала ажно дзесяць вежаў. Праз адзінаццатую, якая выходзіла на поўнач, вяла галоўная брама. Каб патрапіць у яе, трэба было ісьці дастаткова вузкім праходам паміж валам і ракой Нішчай.
Сілы Шэіна і Шарамецева, якія тут стаялі, панесьлі пэўныя страты ў партызанскіх баёх, што вяліся ў жніўні з аддзеламі Крыштапа Радзівіла. Акрамя таго, на вестку пра надыход корпусу Мялецкага здрадзілі данскія казакі, якія пакінулі замак без дазволу і адправіліся ў свае сядзібы. Варта зыходзіць з таго, што ў Сокале надалей знаходзілася каля 5 тысяч жаўнераў, бо да войскаў, пасланых сюды царом з Пскова, трэба дадаць залогу замку і згаданы аддзел стральцоў Булгакава.
Войскі Мялецкага вырушылі з-пад Полацку найпазьней 7 ці 8 верасьня і прасоўваліся вельмі павольна. Хоць яны ня бралі з сабой цяжкіх табарных вазоў, коні і людзі досыць хутка растапталі размоклую дарогу, якая ператварылася ў бруд. На шчасьце, гарматы сплавілі Дзьвіной, а потым Дрысай амаль пад сам Сокал.
10 верасьня корпус Мялецкага зьявіўся непадалёк ад замку, даходзячы да правага берагу Дрысы. Пераправа аказалася цяжэйшай, чым меркавалася. Не было і гаворкі пра тое, каб на другі бераг ракі перабралася пяхота. У такіх абставінах Януш Збараскі пераправіўся з часткай коньніцы па паўночны бераг Дрысы ўплаў і заблякаваў дарогу да Пскова. Толькі празь нейкі час ротмістар Мікалай Угравецкі прыйшоў да думкі пабудаваць памост з дрэва. Адразу адправіў частку пяхоты ў суседні лес, там яны падрыхтавалі тоўстыя камлі дрэў, якія счапілі жалезнымі ланцугамі і паставілі ўпоперак ракі. Канечне, гэта быў часовы мост, аднак пяхота здолела прайсьці па ім на другі бераг ракі.