Выбрать главу

На зьдзіўленьне камандзіраў, моцная залога Сокалу не перашкаджала пераправе. Хоць яна адбывалася на ўсход ад замку, па-за абсягам маскоўскіх гармат, але ўдар коньніцы мог выклікаць сумятню ў шэрагах. Тым часам падчас пераправы ў полі зроку жаўнераў зьяўляліся толькі невялікія маскоўскія разьезды, якія стараліся напалохаць праціўніка, імітуючы татарскія воклічы. Іх адганяла коньніца Збараскага, абмяжоўваючыся дробнымі сутычкамі так званых наезьнікаў.

Толькі калі ўсе аддзелы Мялецкага апынуліся за ракой, Шэін і Шарамецеў вывелі значную частку сваіх войскаў пад муры замку. Аднак яны ня рушылі наперад, увесь час застаючыся пад прыкрыцьцём уласнай артылерыі. Яна нанесла нападнікам значныя страты, як аддзелам коньніцы, якія стараліся адцягнуць маскоўскіх жаўнераў ад замку, так і пяхоце, якая ўзялася за абложныя працы. Урэшце, царскія ваяводы завялі свае войскі назад за валы Сокалу, адкладаючы магчымую бітву на наступны дзень.

Польскае камандаваньне намервалася праводзіць аблогу з аднаго магчымага кірунку, г. зн. з усходу. Яшчэ 10 верасьня пачалі насыпаць шанцы пад валамі крэпасьці. Польская пяхота прасоўвалася ў іх кірунку ўздоўж Нішчы, а нямецкай — уздоўж Дрысы. Неўзабаве ўдалося зацягнуць на шанцы гарматы, і артылерысты на чале з Марцінам Дабраслаўскім пачалі абмен агнём з маскоўскімі гарматамі.

У наступны дзень Дабраслаўскі здолеў паслаць у кірунку замку некалькі запальных ядраў. Паводле Р. Гайдэнштайна, два зь іх адразу распалілі агонь, які непрыяцель хутка пагасіў. Трэцяе ўдарыла ў ніжнюю частку паркану, трапіўшы ў дрэва. Не заўважанае абаронцамі, яно толькі празь нейкі час распаліла агонь, які ахапіў значную частку яловай сьцяны. Мялецкі загадаў адразу трубіць трывогу, ставячы ўсе роты на зыходных пазыцыях для штурму.

Спалоханыя гэтым нечаканым выпадкам, маскалі кожную хвілю чакалі штурму і, акрамя таго, не маглі пагасіць пажару. У выніку гэтага яны апынуліся ў немалой небясьпецы, і пачалі ўцякаць з замку праз процілеглую браму.

У той час адбыўся адзін з найбольш крывавых баёў ва ўсёй кампаніі 1579 г. Частка маскоўскай коньніцы з Шарамецевым на чале вырвалася на поўнач, спрабуючы ўцячы ў Пскоў. Аднак тамтэйшы шлях пільнавала коньніца Збараскага, і толькі нешматлікія маскоўскія коньнікі прабіліся паасобку або малымі групамі ў навакольныя лясы. Большасьць з Шарамецевым на чале лучыла ў няволю.

Ня меў такога шчасьця аддзел Шэіна, які кінуўся наўцёкі на ўсход. Тут на Дрысе яму загарадзіла дарогу нямецкая пяхота. Разгарэлася бойня, бо немцы, помсьцячы за сваіх суродзічаў, закатаваных у Полацку, ня мелі літасьці. Спалоханыя маскоўскія жаўнеры пачалі ўцякаць назад, у бок замку, а тыя, што ў ім засталіся, малілі аб захаваньні ім жыцьця, гатовыя ўзамен здацца. Аднак калі нямецкія пехацінцы ўварваліся ў замак, «седзячы на карках» тых, што ўцякалі, і пачалі забіваць усіх без выключэньня, абаронцы ў парыве роспачы апусьцілі краты, якія віселі ўверсе брамы. Так частка каралеўскіх жаўнераў апынулася ў пастцы і, нягледзячы на зацяты бой, была выразана пад корань. Толькі празь нейкі час рэшта пяхоты пад камандаваньнем Крыштапа Разражэўскага здолела выбіць браму і ўварвалася на дзядзінец замку, поўны польскіх, літоўскіх, нямецкіх і маскоўскіх трупаў. Пачаўся апошні этап разьні. Многія абаронцы зацята біліся да канца, іншыя кідаліся ў агонь або спрабавалі ўцячы праз бакавыя брамкі, аднак усюды чакалі каралеўскія жаўнеры.

Вынік бітвы быў жудасны. Нават калі перабольшаныя данясеньні крыніц, якія казалі пра 4 тысячы палеглых царскіх падданых і 500 каралеўскіх (пераважна немцаў) паменшыць напалову, то і так яны надзвычай высокія, як на той час. Здолела ўцячы ня больш за 200 маскоўскіх жаўнераў, а рэшта залогі трапіла ў палон. Тым разам, насуперак ранейшай практыцы, нікога не адпусьцілі. Мялецкі прывёў палонных пад Полацак, дзе паказаў іх усяму войску, а потым найважнейшых перадаў каралю і хаўрусьніцкім магнатам. Пяхоце дасталіся багатыя трафэі, здабытыя ў замку, што пэўным чынам кампэнсавала жаўнерам расчараваньне, якое зазналі пад Полацкам.

На жаль, у баявым запале не было каму гасіць пажар замку, які згарэў датла. Такім чынам, была здабыта тактычная перамога, але Сокал часова ня мог выконваць функцыі вартаўніка пскоўскага тракту.

Суша, Нешчарда

Пасьля падзеньня Сокалу ўладаньні Івана Жахлівага на Полаччыне скурчыліся да адной толькі Сушы. Разьмешчаная на левым беразе Дзьвіны на высьпе возера, з умацаваньнямі на пляне чатырохкутніка, Суша здаўна была найдалей высунутым на поўдзень маскоўскім пляцдармам. Яна мела шматлікую залогу (800 жаўнераў) і вялікія запасы зброі, харчоў і боепрыпасаў, аднак, абкружаная замкамі з каралеўскімі залогамі, ня мела шанцаў пратрымацца доўга. У такім абставінах Іван IV рэкамэндаваў залозе затапіць гарматы, зьнішчыць запасы харчоў і боепрыпасаў і адступіць бяз бою. Аднак царскі ліст патрапіў у рукі аднаго з каралеўскіх разьездаў. Мялецкі адразу ж адправіў пад Сушу полацкага ваяводу Драгастайскага. Той, гарантуючы залозе бясьпечнае адступленьне ў Масковію, схіліў яе пакінуць замак і здацца 6 кастрычніка ў разам з усімі запасамі. Так, была захоплена 21 гармата, 136 гакаўніц, 123 ручніцы, 100 бочак пораху вагай 400 цэнтнэраў, 4822 жалезныя ядры для гармат і мноства іншага рыштунку.