Урэшце, зьвярталася ўвага на страх маскоўскага камандаваньня ваяваць з войскамі з вышэйшым узроўнем ваеннага майстэрства, якім вызначалася армія Батуры.
Ужо ў папярэдніх разьдзелах згадвалася, што цар сканцэнтраваў свае палявыя сілы ў раёне Ноўгараду — Пскова, а таксама Смаленску. Згадвалася і тое, што гэта не была такая вялікая армія, як меркавалася раней. Колькасна яна перавышала галоўныя сілы Батуры, калі ён ішоў на Полацак, але яўна не ўдвая ці ўтрая, як пісалі.
У расейскіх крыніцах эпохі знайшлася заўвага, якая тлумачыць прычыны царскай пасіўнасьці ў кампаніі 1579 г. У ёй запісана:
Вялікі Князь Іван Васілевіч, цар усяе Русі, не пайшоў на караля Сьцяпана Батуру таму, што яго людзі былі расьцярушаны па розных старонах.
Асабліва правальным аказаўся рэйд 20-тысячнай групоўкі па Курляндыі. Цар паслаў ганца ў Курляндыю, загадваючы ваяводам вяртацца пад Пскоў, але тыя маглі зьявіцца там не раней за сярэдзіну жніўня, а значыць у час, калі ўжо ішла аблога Полацку.
Аналіз запісаў у цытаванай тут «Разрядной книге» даказвае, што цар найбольш непакоіўся якраз за лёс Лівоніі. На поўначы правінцыі актывізаваліся швэды, якія хацелі скарыстацца тым, што маскоўскі ўладар быў паглынуты вайной з Батурам. Швэдам ня шчасьціла ў гэтай вайне. Хоць яны спустошылі Інгрыю, але ўвосень панесьлі паразу пад Нарвай. У Эстоніі яны не змаглі ўзяць Хаапсалу і прайгралі бітву пад Вэзэнбэргам (Раквэрэ, у крыніцах на старабеларускай мове — Белы камень). Нягледзячы на гэта, яны зьвязвалі частку царскіх войскаў, што было выгадна з гледзішча Рэчы Паспалітай.
Дзеяньні Мацея Дэмбінскага ў Лівоніі выклікалі значны непакой камандзіраў тамтэйшых маскоўскіх залог. На іхныя заклікі аб дапамозе ў жніўні ў цэнтральную Лівонію быў высланы пярэдні полк, а пад канец верасьня — тры чарговыя палкі на чале зь Цімафеем Трубяцкім, Сямёнам Чаркаскім і Іванам Турэніным. Таму ўсё ўказвае на тое, што цар клапаціўся перадусім пра абарону сваіх уладаньняў у Лівоніі і толькі на гэтым кірунку быў гатовы распачаць больш актыўныя дзеяньні. На іншых ён карыстаўся абарончай тактыкай, ня верачы, каб сілаў, якія засталіся ў яго распараджэньні пад Псковам, хапіла для бітвы з польска-літоўскай арміяй у адкрытым полі. Напэўна, гэта не былі настолькі шматлікія палкі, каб цар
мог зь імі ісьці на Вільню і да Варшавы.
У прыняцьці абарончай тактыкі Іванам IV і яго дарадчыкамі было багата прычын, вынесеных з досьведу папярэдніх войнаў з Рэччу Паспалітай. Цар меркаваў, што спэцыфічны лад польска-літоўскай дзяржавы не дазволіць Батуру доўга і няспынна весьці ваенныя дзеяньні ў вялікім маштабе. Цар, напэўна, нават не дапускаў, што кароль здолее так хутка сабраць грошы і войска, патрэбныя для кампаніі. Калі ўсё-такі яна пачалася, ён заняў пазыцыю, якая найбольш яму адпавядала, а для праціўніка была найменш выгаднай.
Большасьць гісторыкаў згодная, што войскі Рэчы Паспалітай лепш валодалі ваенным рамяством, чым маскоўская армія. Гэта разумеў і Іван Жахлівы. Таму ён вырашыў не падстаўляць свае палкі на рызыкоўную бітву ў адкрытым полі, да якой магло б дайсьці, калі б ён распачаў наступальную акцыю. Цар не хацеў і ўвогуле ня меў патрэбы рызыкаваць бітвай у адкрытым полі.
Прымаючы абарончую тактыку, Іван IV разьлічваў на вялізныя прасторы сваёй дзяржавы і шматлікія крэпасьці, якія на сваім шляху сустрэла б варожая армія. Пачынаючы з 1578 г. ён зрабіў шэраг крокаў, якія мусілі абараніць замкі ўздоўж усяго памежжа. Як ужо згадвалася, ён парупіўся аб павышэньні колькаснага складу залог, іх забесьпячэньні харчамі, зброяй і боепрыпасамі. Таму ён разьлічваў, што польска-літоўская армія зьнясіліцца ў бітвах за чарговыя крэпасьці, а доўгачасовая кампанія акажацца такой дарагой, што вычарпае фінансавыя запасы Батуры і прымусіць скараціць наборы. Тады цар атрымаў бы свабоду, якая дазволіла б яму ўдарыць па залогах Рэчы Паспалітай у Лівоніі і ў Літве.
Абарончая тактыка Івана Жахлівага, магчыма, дасягнула б задуманага царом выніку, калі б ён сустрэў менш энэргічнага і здольнага вайскаводцу, чым Сьцяпан Батура. Тым часам цар быў засьпеты зьнянацку як колькасьцю войскаў праціўніка, так і хуткім падзеньнем Полацку. У паразах ён пачаў бачыць здраду баяраў, што дадаткова адбівала ў яго ахвоту ад якіх-небудзь наступальных дзеяньняў. У сваю чаргу, царскія камандзіры былі настолькі падаўлены сваім уладаром, што баяліся любых самастойных рашэньняў і строга прытрымліваліся царскіх наказаў. Гэта выявілася, напрыклад, у дзеяньнях аддзелаў Нізіна і Шарамецева ў Сокале, дзе царскія ваяводы не зрабілі нават спробы атакаваць каралеўскія войскі. Таму цар ня мог быць задаволены сваімі камандзірамі і жаўнерамі, але часткова гэта было вынікам яго ўласнай рэпрэсіўнай палітыкі да грамадзтва.