Выбрать главу

Батура — пераможца

Сьцяпан Батура не чакаў у Полацку канчатковага посьпеху кампаніі. Ужо 17 верасьня ён аддаў галоўнае камандаваньне арміяй у рукі гетмана Мялецкага і адправіўся ў Вільню. 4 кастрычніка ён урачыста ўехаў у сталіцу Літвы, прывітаны лацінскай прамовай папскага легата і вяльможаў Вялікага Княства. Літва сьвяткавала трыюмф над небясьпечным суседам, якога не здабывала дзесяцігодзьдзямі. Амаль адразу перамогу праславілі шматлікія панэгірыкі, сярод якіх апынуліся паэмы Яна Каханоўскага з Чарналясу. Са шматлікіх эўрапейскіх двароў паступалі віншаваньні.

Батура мог быць задаволены як арміяй, так і вынікамі кампаніі. Яшчэ ў Полацку, а потым у Вільні ён узнагародзіў многіх жаўнераў, гэтак выканаўшы свае абяцаньні, дадзеныя перад паходам. Значныя сумы грошай былі выдаткаваны вугорскай коньніцы і пяхоце. Польскай пяхоце, абдзеленай трафэямі, кароль выплаціў разам 2100 злотых. Ротмістры атрымалі некалькі дзясяткаў талераў кожны, а шарагоўцы — па адным талеры. Тых, хто адзначыўся асабліва гераічнымі чынамі, кароль адмыслова ўшанаваў высокімі грашовымі ўзнагародамі. У некалькіх выпадках жаўнеры плебэйскага паходжаньня атрымалі шляхецкую годнасьць, а быў сярод іх гераічны чаляднік з-пад Львова, празваны цяпер Палатынскім.

Добраахвотнікі, якія зьявіліся пад Полацак, атрымалі спэцыяльныя ўзнагароды. І нават тыя, якія прыбылі на чале шляхецкіх злучэньняў, як і казакі зь Нізу. Ротмістрам і паручнікам раздалі ўсе свабодныя стараствы. Такія магнаты, як Філон Кміта, Мікалай Драгастайскі, Яўстах Валовіч, Ян Кішка ці трое Радзівілаў (Крыштап, Мікалай Крыштап і Альбрэхт) атрымалі багатыя стараствы і сэнатарскія пасады. Зь іншаземцаў асаблівай міласьцю манарха цешыўся Каспэр Бэкеш. Ён атрымаў шляхецкую годнасьць, а таксама стараствы ў Літве і Кароне.

Ад’яжджаючы ў Вільню, кароль падбаў пра бясьпеку здабыткаў полацкай кампаніі. Пасьля заканчэньня галоўных ваенных дзеяньняў, г. зн. пад канец кастрычніка, гетман Мялецкі распусьціў згодна з загадам манарха амаль усю польскую, нямецкую і вугорскую пяхоту (за выняткам прыдворнай), затое затрымаў на службе мноства польскай наёмнай і прыдворнай коньніцы. Яна была падзеленая на тры палкі прыблізна па 1500 коней і стала на зімовы пастой пад Галоўчыным, Шкловам і Магілёвам. Адначасова гетман літоўскі Мікалай Радзівіл умацаваў літоўскімі навабранцамі залогі замкаў маскоўскага памежжа, асабліва Полацку, Дзісны, Улы, Віцебску. А наёмную коньніцу скіраваў, як і Мялецкі, на зімовы пастой. Такім чынам лінія абароны перасунулася пад самую мяжу, а разьмешчаная ў тыле замкаў коньніца магла ў кожны момант адбіць магчымыя маскоўскія дывэрсіі.

Паводле падлікаў Г. Катарскага, якія ахоплівалі таксама частку вугорскай коньніцы і пяхоты, дапаможную роту прускага князя, лівонскія залогі і войскі Філона Кміты, пасьля полацкай кампаніі на галоўным тэатры ваенных дзеяньняў было пакінута каля 17 500 жаўнераў. Дзякуючы гэтаму Батура ня толькі абараніў памежжа ад Лівоніі да Смаленшчыны, але і стварыў аснову для наступнай кампаніі. З думкай пра яе ён утварыў у Дзісьне тэхнічную базу. Загадаў зьвезьці туды спраўныя гарматы і інжынэрнае абсталяваньне, затое ў Вільню трэба было перавезьці для пераплаўкі пашкоджаныя гарматы.

Затраты на кампанію, ацэненыя прыблізна на мільён 200 тысяч злотых, былі вельмі вялікія, аднак, здаецца, адэкватныя атрыманай выгадзе. Акрамя вяртаньня страчаных тэрыторый, была здабыта значная колькасьць боепрыпасаў і ваеннага абсталяваньня, у тым ліку каля 120 гармат і некалькі соцень штук ручной агнястрэльнай зброі. Праціўніку былі нанесены значныя страты, хоць падлікі Г. Катарскага, якія кажуць пра 20 тысяч забітых і ўзятых у палон, завышаныя.

ЗАКАНЧЭНЬНЕ

Першая маскоўская кампанія Батуры, пачатая ў прынцыпе з моманту выправы караля зь Вільні (30 чэрвеня), працягвалася да заняцьця Сушы 6 кастрычніка. Здабыцьцё Нешчарды ў сьнежні было ўжо толькі вынікам дзеяньняў полацкай залогі пасьля адпраўкі арміі на зімовы пастой. Такім чынам, кампанія працягвалася крыху больш за тры месяцы, у тым ліку 20 дзён аблогі Полацку і два месяцы сапраўдных баявых дзеяньняў. Гэта была адносна кароткая кампанія. Ваенныя дзеяньні ахапілі амаль усё маскоўскае памежжа ад Лівоніі да Чарнігаўшчыны. Як мы ўжо згадвалі, сутычкі ў Лівоніі і на Смаленшчыне былі вельмі істотныя для змаганьня на галоўным фронце, аднак мелі дапаможны характар. Дзеяньні галоўнай каралеўскай арміі набылі форму абложнай вайны і не выходзілі за адносна невялікі абшар Полаччыны. Нягледзячы на гэта, кампанія 1579 г. скончылася значным посьпехам у ваенным маштабе, а перадусім — у палітычным.