У палітычным аспэкце падкрэсьліваўся найперш факт вяртаньня васьмі замкаў: Полацку, Сокалу, Сітны, Краснага, Казьянаў, Туроўлі, Сушы і Нешчарды. Хоць некаторыя зь іх і былі спалены пры баявых дзеяньнях, але здабыча выраўноўвала тэрытарыяльныя страты з часу Жыгімонта Аўгуста. Полацак вяртаўся пад уладу Вялікага Княства Літоўскага праз 16 гадоў маскоўскай акупацыі, што як згадвалася, знайшло шырокі розгалас у Эўропе. Параза падарвала прэстыж цара, а для Батуры мела вялізнае значэньне, бо пачаткі яго панаваньня, пазначаныя няўдалай вайной з Гданьскам, не выглядалі дужа добра. На вернутыя тэрыторыі ў свае даўнія ўладаньні маглі вярнуцца полацкія выгнаньнікі, прагнаныя Іванам IV і маскоўскай калянізацыяй.
У ваенным аспэкце гэта была перадусім перамога тактычнага маштабу. Быў вернуты кантроль над верхняй і цэнтральнай Дзьвіной, а адзіным месцам, якое яшчэ знаходзілася на рацэ ў руках маскоўскай залогі, застаўся Кукейнос.
Выбар кірунку атакі ў 1579 г. быў ва ўсіх адносінах правільны, за што Батуру хвалілі як яго сучасьнікі, так і гісторыкі. К. Гурскі пісаў:
Хоць канчатковым намерам Батуры было вяртаньне Лівоніі, непасрэдна заваёва стварала шмат цяжкасьцяў, бо прымушала да ўзяцьця мноства замкаў, якімі ўсеяны гэты край, а значыць дамазольнай і ўтомнай вайны. Немалой перашкодай было яшчэ і тое, што Лівонія падчас папярэдніх войнаў была цалкам вынішчаная і зрабаваная з харчоў і запасаў. Што ж было найважнейшым аргумэнтам супраць гэтага спосабу дзеяньня, дык гэта тое, што пры глыбокім пранікненьні ў Лівонскі край сталіца Літвы, Вільня, выстаўлялася пад небясьпеку магчымых спакус з боку Івана IV з Полацку. Таму трэба было пачаць апэрацыю акурат з гэтай крэпасьці, што, як казаў Батура, стала каркам Літвы.
Абраны кірунак удару даваў найбольшыя шанцы посьпеху пры найменшай рызыцы.
Трэба таксама заўважыць, што польска-літоўскі бок перахапіў ініцыятыву ў ваенных дзеяньнях, затое цар скарыстаўся абарончай тактыкай. Аднак нельга казаць пра нейкія посьпехі ў стратэгічным маштабе. На памежжы Полаччыны надалей знаходзіліся моцныя царскія крэпасьці: Себеж, Завалочча, Невель, Усьвяты і Азярышча. Большая частка Лівоніі яшчэ знаходзілася ў маскоўскіх руках, а са Смаленшчыны Іван мог трымаць ў няпэўнасьці свайго суседа. Галоўныя маскоўскія сілы, сканцэнтраваныя пад Псковам, былі некранутыя, а мабілізацыйныя магчымасьці маскоўскай дзяржавы былі такія значныя, што дазвалялі папоўніць панесеныя страты.
Калі кароль хацеў дасягнуць асноўнай мэты вайны, г. зн. вярнуць Лівонію і аслабіць праціўніка настолькі, каб ён перастаў пагражаць Рэчы Паспалітай, ён мусіў пашырыць баявую тэрыторыю і ўзяцца за плянаваньне наступнай кампаніі. Амаль адразу ж пасьля вяртаньня ў краіну Батура пачаў рабіць захады, каб схіліць шляхту да працягу вайны. Зрэшты, гэта адпавядала ваеннай канцэпцыі Батуры, які разумеў, што ў сутычцы з моцным праціўнікам нават самыя бліскучыя аднаразовыя перамогі не заменяць доўгачасовага ваеннага высілку, здольнага зламаць яго моц.
Кароль, плянуючы кампанію, разумеў, што вайна прынясе жаданую выгаду толькі тады, калі ўдасца насесьці праціўніку сур’ёзны ўдар. Аднак вораг быў моцны і нельга было толькі на працягу адной кампаніі нанесьці такога ўдару, які б замацаваў перавагу Рэчы Паспалітай над маскоўскай дзяржавай. З гэтай прычыны Батура плянаваў разьмеркаваць ваенныя дзеяньні на даўжэйшы час.
Таму тэрытарыяльныя набыткі 1579 г. умацоўвалі ня толькі абароназдольнасьць паўночна-ўсходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага, але і пасьпяхова маглі служыць асновай для далейшых ваенных дзеяньняў. Вернутая крэпасьць дазваляла пачаць наступны паход, ты м разам ужо ўглыб маскоўскай дзяржавы. Яна знаходзілася на важных камунікацыйных шляхах, якія вялі ў Лівонію, Пскоў і Вялікія Лукі. Яна была настолькі вялікая, што магла зьмяшчаць вялікія запасы харчоў, боепрыпасаў і значную колькасьць войска. Рачная сыстэма забясьпечвала лёгкую перапраўку тавараў зь Вільні, а Усьвята і Дрыса адкрывалі водныя шляхі ўглыб варожага краю.