Выбрать главу

Польская і літоўская армія ў другой палове XVI ст.

Другая палова XVI ст. была пэрыядам вялікіх зьменаў у польскай і літоўскай вайсковай справе. Разьвіцьцё ваеннага майстэрства патрабавала сталых наёмных войскаў, што было зьвязана зь неабходнасьцю павялічыць эфэктыўнасьць падатковай сыстэмы. У той час усё больш адыходзілі ад выкарыстаньня паспалітага рушаньня на карысьць наёмных войскаў. Аднак, нягледзячы на крытыку з боку манархаў або гетманаў, паспалітае рушаньне надалей склікалася і разглядалася (прынамсі тэарэтычна) як падтрымка для наёмнай арміі.

У Кароне паспалітае рушаньне ацэньвалася прыблізна на 50 тысяч чалавек, хоць у такой колькасьці ўзброеная шляхта ніколі не зьбіралася. Яно магло быць склікана толькі са згоды Сойму, яго нельга было дзяліць, а камандаваньне над рушаньнем ня мог ажыцьцяўляць адзін кароль, якому падпарадкоўваліся ваяводы, кашталяны і харужыя. Аднак ужо малдаўскі паход Яна Ольбрахта відавочна паказаў поўны крах гэтага інстытуту. Усе спробы рэформаў, якія рабілі Ягайлавічы, або спробы замены паспалітага рушаньня на падатак, пацярпелі няўдачу. Таму да яго зьвярталіся ня надта часта, разглядаючы як «апошнюю абарону» дзяржавы. Пэўную баявую каштоўнасьць усё ж захоўвала паспалітае рушаньне рускіх ваяводзтваў, на што паўплывалі частыя татарскія набегі, якія не дазвалялі тамтэйшай шляхце адкладаць зброю.

Значна большую ролю адыгрывала ў той час паспалітае рушаньне ў Літве[6]. Хоць слабасьцю ўзбраеньня ці дысцыпліны яно не адрозьнівалася ад кароннага, усё адно падчас войнаў з Масковіяй за апошніх Ягайлавічаў досыць часта зьвярталіся па яго дапамогу, і таму рушаньне захавала крыху большую баяздольнасьць. Абавязкі, зьвязаныя з паспалітым рушаньнем, ускладаліся ў Вялікім Княстве на ўсіх землеўладальнікаў (таксама на татараў, казакоў і г. д.), а ўдакладнялі іх літоўскія статуты 1529 і 1566 гг. Памеры вайсковай павіннасьці акрэсьліваліся на падставе т. зв. «службаў» (двароў або дымоў), таму літоўскае паспалітае рушаньне часта называлі «земскай службай». Пачынаючы з 1566 г. з кожных дзесяці двароў належала выставіць аднаго цалкам узброенага коньніка, а калі хтосьці меў менш маёмасьці, зьяўляўся на вайну паводле сваіх магчымасьцяў.

Прыбылых на паход групавалі на Літве ў павятовыя харугвы, ачоленыя мясцовымі харужымі, а потым аб’ядноўвалі згодна з тэрытарыяльным прызнакам у земскія і ваяводскія харугвы з ваяводамі на чале. У адрозьненьне ад Кароны земскую службу Вялікага Княства можна было дзяліць на меншыя аддзелы, яна падпарадкоўвалася вялікаму гетману літоўскаму, а ў асобных выпадках яе можна было склікаць, не азіраючыся на Сойм.

Попіс 1567 г. ацаніў земскую службу Вялікага Княства Літоўскага на 28 056 чалавек, у тым ліку 24 395 коньніцы і 3664 пяхоты. Аднак трэба памятаць, што ўключэньне ў Карону Падляшша, Валыні і Ўкраіны ў 1569 г. паменшыла тэрыторыю Літвы напалову, таму ў час Батуры нельга было разьлічваць на такую колькасьць узброеных сілаў.

Наёмныя войскі складаліся перадусім з аддзелаў, якія пэрыядычна склікаліся ў выпадку пагрозы вайны або ўжо падчас ваенных дзеяньняў. Іх фармавалі за падаткі, зацьверджаныя шляхтай адмыслова на гэтую мэту. Акрамя дзяржаўных наёмных войскаў, часта сустракаліся прыватныя злучэньні, якіх пасылалі за свой кошт наймагутнейшыя магнацкія роды, а таксама прыдворныя роты, выстаўленыя на сродкі манарха. Наёмныя аддзелы распускаліся пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў, пакідаліся толькі невялікія роты ў ключавых замках памежжа.

Толькі Карона мела ва Ўкраіне рэгулярныя наёмныя палявыя аддзелы, якія былі на ўтрыманьні манарха — т. зв. «паточная абарона». Яе колькасьць вагалася ў межах 2–3 тысяч коньніцы і некалькіх соцень пяхоты, а галоўнай задачай была барацьба з татарскімі чамбуламі. У выніку рэформаў выканаўчага сойму (1562/63), «паточную абарону» замяніла кварцянае войска, якое ўтрымлівалася з чацьвёртай часткі (кварты) чыстага даходу з каралёўскіх уладаньняў. Прынцыпы арганізацыі кварцянага войска былі канчаткова акрэсьлены на Люблінскім сойме 1569 г., калі быў утвораны адмысловы скарб у Раве Мазавецкай. За грошы, якія туды ўносілі старасты і арандатары каралеўшчын, можна было ўтрымаць каля 3 тысяч коньніцы і тысячу пяхоты. Пэўнай падтрымкай для кварцяных ротаў маглі быць казакі з т. зв. Нізу, упершыню прынятыя на службу Рэчы Паспалітай у 1568 г. Аднак іх было заледзьве 300.

Нягледзячы на неаспрэчныя баявыя каштоўнасьці, кварцянае войска было нешматлікім і, акрамя таго, пастаянна заставалася на ўкраінскім тэатры ваенных дзеяньняў. Яно не адыгрывала значнай ролі ў баёх з Масквой, дзе цяжар баёў ляжаў на аддзелах, пэрыядычна найманых згодна з пастановай Сойму.

вернуться

6

Літва — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.