— Другі выпадак вар’яцтва за гадзіну. Гэта ні ў якія вароты не лезе! — Казанцаў быў злы. — Зачыніце яго ў першым тэхнічным модулі!
Грабеню павялі.
— Кіраўніцтву гэта не спадабаецца!.. Я хачу, каб усе сабраліся ў кают-кампаніі праз трыццаць хвілін!.. Аляксандр Мікалаевіч, калі ласка, затрымайцеся!.. Дазвольце пацікавіцца, дзе вы ўзялі плашч-палатку?
Медзелец ускінуў брыво — пытанне здалося яму неістотным.
— На складзе ў левым крыле.
— Зрабіце ласку, праводзьце нас!
Склад не меў ніякага дачынення да акадэмічнай навукі — ад падлогі да столі ён быў застаўлены пафарбаванымі ў зялёны колер скрынямі з армейскай маркіроўкай.
Дацэнт не змог стрымаць вокліч здзіўлення — акрамя амуніцыі і рыштунку тут захоўвалася зброя і боепрыпасы.
— А што вы тут рабілі?
— Працягваў праводку, — без паўзы адказаў электрык. Погляд Казанцава ён вытрымаў спакойна.
— Ну так, што ж яшчэ? — цікавасць прафесара неяк адразу аслабела.
— «Полюс недаступнасці» ўсё менш паходзіць на навуковы аб’ект. Вы не зна ходзіце, Глеб Міхайлавіч?
— У вашых словах ёсць рацыя, калега. Як толькі скончыцца бура, я неадкладна звяжуся з кіраўніцтвам і запатрабую тлумачэнняў!
— Калі атрымаецца звязацца.
— Чорт! — прафесар ляпнуў сябе па ілбе. — Усё нервы!.. Яўген Святаслававіч адпраўляйцеся ў радыёрубку і ацаніце маштаб шкоды... Аляксандр Мікалаевіч папрашу нікога не пускаць унутр. Я схаджу па ключ.
Падлога радыёрубкі была літаральна абсыпана абломкамі. Пастараўся не толькі Грабеня, але і палярнікі. Медзельцу хапіла чвэрці гадзіны, каб ва ўсім разабрацца.
— Ну што? — Казанцаў нібы пастарэў на некалькі гадоў.
— Усё, што мы прывезлі з сабой, цалкам знішчана. Станцыйны перадатчык пацярпеў менш, але я не ўпэўнены, што змагу адрамантаваць яго!
— Яўген Святаслававіч, пастарайцеся — вельмі трэба!
— Разумею і зраблю ўсё магчымае!
— Вялікі дзякуй! Я пакуль пагутару з людзьмі — лепш самыя дрэнныя навіны, чым поўная іх адсутнасць. Паспрабую пераканаць персанал захоўваць спакой... Прышлю вам Судзерава.
Працаваць адной рукой было нязручна, аднак дацэнт неяк прыстасаваўся. У тры рукі праца пайшла хутчэй, хоць і не ў такім тэмпе, які планаваў Медзелец.
Кныш уварваўся ў радыёрубку без груку і з парога сказаў:
— Грабеня павесіўся!
Да прыходу дацэнта радыста выцягнулі з драцяной завесы і, паклаўшы на падлогу, накрылі памятым сцягам СССР. Кабуш быў змрочны. На ілбе Казанцава заляглі глыбокія маршчыны. Прафесар масіраваў грудзі.
— Містыка! — голас Кныша дрыжаў, а погляд быў поўны ірацыянальнага страху.
— Пакіньце гэта зараз жа! — запатрабаваў Казанцаў. — Усё мае сваё тлумачэнне!
— Перадсмяротную запіску знайшлі? — Медзелец здзіўляўся, як у Грабені атрымалася вызваліцца. «Вязалі» на сумленне — Хмара служыў у разведвальнай роце ПДВ.
— Не, — пакруціў галавой лекар.
— Нядобрая знаходка!
— Аляксей Аляксеевіч, досыць! — павысіў голас прафесар, прымусіўшы вадзіцеля замаўчаць. — Наяўнасць прамой сувязі паміж смерцю і артэфактам не даказана!.. Віктар Канстанцінавіч, Грабеню аднесці ў медпункт, Кнышу дайце заспакаяльнае — мне толькі панікёраў не хапала для поўнага шчасця!
— Добра, Глеб Міхайлавіч!
— Спадары, нам усім цяпер цяжка, тым не менш, я прашу вас вярнуцца да працы! — дацэнт кіўнуў — у закрытай прасторы няма нічога горш за гультайства. — Хай застануцца толькі тыя, хто дапаможа несці цела!
Добраахвотнікаў было так шмат, што Казанцаву давялося выбіраць.
— Ці атрымалася адрамантаваць радыёперадавальнік?
— Пакуль не, Глеб Міхайлавіч.
— У такім выпадку вяртайцеся!.. І вы, Аляксандр Мікалаевіч!.. Хаця не, хутка ж абед.
— Я не галодны.
— Мне таксама нешта не хочацца.
Прафесар паглядзеў на аднаго, перавёў погляд на другога, пасля чаго сказаў:
— Баюся, і ўсім астатнім кавалак у горла не палезе... Што ж, не маю права затрымліваць!
Для таго, каб знайсці патрэбныя дэталі, давялося разабраць некалькі прыбораў з навукова-даследчага модуля. Судзераў працаваў адвёрткай, Медзелец інструктаваў. Якая ж была радасць дацэнта і электрыка, калі эфір напоўніўся трэскам перашкод.
Судзераў пабег паведаміць навіну Казанцаву, за што Медзелец быў яму ўдзячны — галаву металічнымі абцугамі сціснула мігрэнь. Да горла падступіла млоснасць. Дацэнт намагаўся ігнараваць боль, аднак ён нагадваў пра сябе непрыемным паколваннем у раёне скроняў.
У аптэчцы знайшоўся толькі пратэрмінаваны анальгін.
Медзелец адправіўся да Кабуша. Ля другога тэхнічнага модуля яго ўвагу прыцягнуў дзіўны гук, які паўтараўся.
— Хто тут? — адказу не было, і дацэнт асцярожна прыадчыніў дзверы. Пасля нападу Грабені асцярожнасць была зусім не залішняй. Святло адзінай лямпы з цяжкасцю разганяла змрок. — Ёсць тут хто-небудзь?