Аўдыторыя падтрымала рэктара.
Медзелец адмаўляўся верыць у тое, што адбываецца.
— Калі вы не прызнаеце сваю віну, мне не застаецца нічога іншага, як звольніць вас! — Медзельцу адняло мову.
— Такія вучоныя нам не патрэбныя!
Аўдыторыя выбухнула апладысментамі...
— Я вельмі доўга думала і вырашыла: нам трэба расстацца! — Медзелец асалапеў — да вяселля заставалася менш за месяц. — Мы не створаны для шлюба!
— Алёна, мы ж кахаем адзін аднаго!
— Гавары за сябе! — віскнула дзяўчына. — Можа, ты мяне і кахаеш, я цябе — не!
— Як жа так? — Медзелец адчуў, як зямля імкліва сыходзіць з-пад ног. Усё так добра пачыналася і абяцала стаць яшчэ лепш, і вось...
— З табой было прыемна праводзіць час, хоць ты і страшны зануда. Гэта ўсё твая праклятая навука! Лепш бы грошы зарабляў!
— І даўно ты стала такой меркантыльнай?
— Заўсёды такой і была, проста ты не хацеў заўважаць гэтага. Трызніў нейкай жудаснай рамантыкай... А я хачу жыць прыгожа, купляць усё, што мне падабаецца! Хіба ты можаш падараваць мне забяспечанае жыццё?
— Грошы не галоўнае!
— Звычайнае апраўданне няўдачнікаў, а мне няўдачнік не патрэбны!.. Не ў стане даць таго, што я хачу?.. Што ж, тады давядзецца пашукаць іншага, больш заможнага!
— Алёна, прашу цябе — толькі не гарачыся! Я пагавару з рэктарам. Магчыма, змагу атрымаць прыбытак да зарплаты.
— Магчыма? І які ты пасля гэтага мужчына?.. Прэч з дарогі!
— Алёна, пачакай!
— Адыдзі, не хачу цябе больш бачыць! — дзяўчына схапіла чамадан і накіравалася да дзвярэй.
— Алёна!
Адказам быў выстаўлены сярэдні палец. Разумеючы, што вось-вось выпусціць з рук сваё шчасце, Медзелец кінуўся за дзяўчынай, але толькі напароўся грудзьмі на зачыненыя дзверы...
У кватэры востра пахла настойкай валяр’яны.
— Мама, чаму ты плачаш?
— Святаслава забрала «хуткая»... Інфаркт! Яго не зацвердзілі на пасаду дэкана і адправілі на пенсію, вось ён і знерваваўся. Ты ж ведаеш, што бацька не можа жыць без навукі...
— Ды чорт з ёй, з навукай! Куды яго павезлі?
— Не ведаю — мне не дазволілі ехаць з ім і нічога не сказалі!
— Што гэта за парадкі такія?.. Супакойся, а я абтэлефаную прыёмныя аддзяленні! Я знайду тату! — Медзелец доўга не мог знайсці тэлефонны даведнік. Дрыжачыя пальцы не траплялі па кнопках.
— Медзелец Святаслаў Адамавіч? Хвіліну! — паўза расцягнулася да вечнасці. Дацэнт кусаў вусны ад нецярпення. — Так, у абласную бальніцу паступіў такі, — адказаў на пятым званку жаночы голас.
— Як ён?
— Мужчына, не трэба так крычаць!
— Прабачце!
— Смяротны зыход да прыбыцця ў медыцынскую ўстанову.
Ногі Медзельца падкасіліся...
Ішоў дождж. Гідкі, якім ён можа быць у канцы лістапада. Мінакі спяшаліся па дамах, і ні ў каго не выклікаў цікавасці прамоклы да ніткі малады чалавек, які сядзеў на лаўцы і дурнымі вачыма глядзеў некуды далёка-далёка.
Жыццё страціла ўсялякі сэнс.
— За што, Божа? Чаму гэта здарылася менавіта са мной?
Неба маўчала. Або не чула, або не хацела чуць. Чамусьці больш верылася ў другое.
Слёзы змешваліся з кроплямі і, зрываючыся з падбародка, разбіваліся аб плітку. У нейкі момант рука намацала ў кішэні скрыначку. Медзелец выцягнуў яе і некалькі імгненняў спрабаваў зразумець, што гэта такое.
Бацька галіўся выключна лёзамі.
— Чаму б і не? — дацэнт разарваў паперу і заціснуў лязо паміж указальным і вялікім пальцамі. Выйсце ёсць заўсёды, трэба толькі адысці далей, каб ніхто не перашкодзіў.
Завулак быў брудным і літаральна патанаў у дажджавой вадзе.
Лязо лёгка ўвайшло ў плоць...
VIII
Казанцаў уварваўся ў жылы блок і зачыніў дзверы. Сэрца шалёна калацілася — без нейтралізатара прафесар быў безабаронны супраць крайневысокачастотнага выпраменьвання «вырабу № 890 311— Р». Пройдзе зусім няшмат часу, і псіхатропны выпраменьвальнік ператворыць яго мозг у жэле.
Прафесар Глеб Міхайлавіч Казанцаў знікне назаўжды.
— Сукі! Не маглі зрабіць гэта дзярмо мацнейшым! — ад удару аб падлогу кулон разляцеўся дробнымі аскепкамі. Хацелася плакаць ад крыўды. Нейкая недарэчная бойка парушыла ўсе планы. А якія адкрываліся перспектывы... — І што цяпер?
Страх апаноўваў хвалямі. Ліпкі, гідкі, да роспачы жудасны — Казанцаў не мог адключыць выпраменьвальнік. Проста не ведаў, як гэта зрабіць. Бегчы? Прафесар не быў упэўнены ў тым, што перажыве другі пераход.
У той раз толькі шчаслівая выпадковасць дапамагла яму застацца ў жывых...
Марозны вецер прабіраў да костак, адбіраючы апошнія сілы, але Казанцаў упарта перасоўваў ногі. Інстынкт самазахавання гнаў яго да людзей. Туды, дзе цёпла, дзе можна не баяцца выпраменьвання. Зламаныя лыжы засталіся ў гурбе, цяпер толькі палкі дапамагалі захоўваць вертыкальнае становішча. Смяротная стомленасць ціснула на плечы. Казанцаў ведаў — калі ўпадзе, то больш не ўстане. Да крыві кусаў вусны, каб не заснуць.