Навукоўцы прабылі ў навукова-даследчым модулі амаль дзве гадзіны — Медзелец не толькі агледзеў, але і абмацаў кожны прыбор.
— Інфармацыю пра тое-сёе давядзецца асвяжыць у памяці, а так — усё знаёмае!
Лямпа дзённага святла некалькі разоў міргнула, пасля чаго запалілася роўным
белым святлом, прымусіўшы навукоўцаў выключыць ліхтары.
— Хутка будзе цёпла... Не люблю холад!
— Гэта вы? — здзівіўся дацэнт. — Вучоны-палярнік?
— Мае карані ў Паўднёвым Казахстане... Хадзем, я пакажу ваш жылы блок.
Пакой, няхай і невялікі, Медзельцу спадабаўся. Сціпла, але з густам. Ёсць і дзе
адпачываць, і дзе працаваць. Трэба толькі надаць памяшканню індывідуальнасці.
— Нядрэнна!
— Рады, што вам спадабалася. На год «Полюс недаступнасці» стане нашым домам. Ваша выбранніца не была супраць камандзіроўкі? Калі мне не змяняе памяць, вы ж збіраліся заручыцца?
— Алёна ўсё разумее і гатова чакаць, колькі спатрэбіцца! — дацэнт не хаваў гонару.
— Вам з ёй пашанцавала, Яўген Святаслававіч. На жаль, цяперашнія дзяўчаты ад ідэалу далёкія. Грамадства змянілася. Вельмі моцна змянілася...
Медзельцу здалося, або ў голасе Казанцава сапраўды прагучала яшчэ нешта, акрамя незадаволенасці?
— Не будзем пра сумнае! — прафесар усміхнуўся. — Наперадзе цэлы год балявання навукі! Паспець бы ўсё зрабіць...
Праграма экспедыцыі была надзвычай насычанай — геадэзічнае і геолага-геафізічнае даследаванне леднікоў; метэаралагічныя і аэралагічныя назіранні; радыёлакацыйнае зандаванне ледзянога покрыва; геамагнітныя і гляцыялагічныя пошукі; геалагічная і геафізічная здымка; бурэнне і яшчэ шмат чаго іншага, не менш цікавага.
— Ні мабільная сувязь, ні інтэрнэт працаваць не будуць, так што давядзецца мець зносіны з Вялікай зямлёй пры дапамозе радыёстанцыі і лістоў. Верталёт будзе прылятаць кожныя тры тыдні.
— Каменны век! — дацэнт прыгнечана паківаў галавой.
— І не кажыце, Яўген Святаслававіч! Нічога не зробіш — каштарыс складалі людзі, далёкія ад патрэб навукі. Нягледзячы на тое, што я задзейнічаў усе свае сувязі, спіс неабходнага зрэзалі да нейкіх двух аркушаў.
— Не хвалюйцеся, Глеб Міхайлавіч! Мы ж пачынаем не на пустым месцы.
— Вы маеце рацыю, калега... Што ў нас з батарэямі? Пайшло цяпло!.. Да вячэры больш за паўтары гадзіны. Паспеем разабраць рэчы і пераапрануцца.
Перш за ўсё Медзелец паставіў на стол фотаздымак Алёны. Думка пра каханую грэла душу. Кнігі знайшлі сваё месца на паліцы, ноўтбук — на засланым ложку. Адзенне і абутак перавандравалі ў насценную шафу.
У запасе заставалася яшчэ гадзіна, таму дацэнт вырашыў трохі папрацаваць. І настолькі захапіўся, што нагадаць пра вячэру давялося памочніку Крагіна.
— Іду! — Медзелец паслаў Алёне паветраны пацалунак і паспяшаўся за Едусам.
— Што ж вы, Яўген Святаслававіч, спазняецеся? Нядобра! Сказана ж было: у дваццаць нуль—нуль. Сядайце!
— Працаздольнасць галаўнога мозга трэба падтрымліваць. Рэгулярнае харча& ванне — залог творчага поспеху. Смачна есці!
— І вам!
— Калі збярэцца поўны склад, давядзецца прымаць ежу ў дзве змены... Файныя аладкі! Як вы іх называеце?.. Дранікі?.. Ніколі не думаў, што смажаная бульба можа -Я быць настолькі смачнай! — калі ўсе паелі, прафесар пастукаў відэльцам па куфлі, пасля чаго ўзняўся. — Спадары, я хацеў бы сказаць тост.
Размовы змоўклі, а галовы прысутных павярнуліся да Казанцава.
— Сябры мае, давайце вып’ем за поспех экспедыцыі! Няхай усё ў нас атрымаецца!
Зазвінелі келіхі.
Дацэнт злавіў сябе на думцы пра тое, што не сказаў бы лепш. Два сказы, а сэнсу ў іх больш, чым у шматгадзіннай гаворцы.
Віно мела вытанчаны букет, але Медзелец вырашыў абмежавацца малым — ён хацеў вярнуцца да дысертацыі.
— Не заседжвайцеся дапазна, калега! Часу ў вас дастаткова!
— Абяцаю, Глеб Міхайлавіч! — дацэнт не быў упэўнены, што стрымае слова. Зрэшты, прафесар наўрад ці стане лаяць яго за гэта.
— Для таго, каб аднавіць падачу вады, Паланкевічу спатрэбіцца мінімум трое сутак, так што давядзецца пажыць у спартанскіх умовах.
— Не прывыкаць — я пяць гадоў пражыў у студэнцкім інтэрнаце. Мы называлі яго «бурса».
— Тонкая іронія! — Казанцаў усміхнуўся. — Рэктар ацаніў?
— Год спрабаваў змагацца, а потым капітуляваў. Калі я паступаў у аспірантуру, назва фігуравала ў афіцыйных дакументах.
— Дабранач, Яўген Святаслававіч!
— Добрых сноў!
Медзелец адправіўся спаць толькі а першай ночы, калі зразумеў, што стомленасць і багацце эмоцый бяруць сваё.
II
Нягледзячы на тое, што пад’ём атрымаўся раннім, прачнуўся дацэнт сам.