— Гэта ж Зямля Каралевы Мод!
— Нарвегія вылучыла прэтэнзіі на суверэнітэт над гэтай тэрыторыяй у трыццаць восьмым. У трыццаць дзявятым быў утвораны «нарвежскі сектар» або «сектар Буве». На наступны год Нарвегію акупавалі гітлераўскія войскі, і ёй давялося трываць Новую Швабію да мая сорак пятага. Пасля вайны тэрыторыя атрымала нарвежскі пратэктарат і была далучана да Зямлі Каралевы Мод... У іншыя раёны нацысты не пракраліся — ішла вайна. Прынамсі, так лічылася да сённяшняга дня.
— Там — уран, а што тут?.. Няўжо іншапланетныя тэхналогіі?
— Глеб Міхайлавіч?
— Прабачце велікадушна, калега! На Зямлі Каралевы Мод размяшчаюцца багатыя радовішчы ўрану, а ён патрабаваўся для «ўранавага праекта» прафесара Гейзенберга — праграмы стварэння ядзернай зброі.
— Нацыстаў магло зацікавіць нешта яшчэ?
— Яны меркавалі, што пад лёдам і ў скалах Антарктыды існуюць велізарныя пустэчы, прыдатныя для стварэння баз падводных лодак і зброевых заводаў. Але амаль у цэнтры Антарктыды... Насуперак шырока распаўсюджанаму меркаванню, нацысты былі больш прагматыкамі. На Паўднёвы полюс недаступнасці іх магло занесці толькі нешта рэальна вартае.
— Напрыклад, фрагмент іншапланетнага зоркалёта?
— Менавіта так!.. Займіцеся аналізам, калега, а я загадаю закрыць вонкавы ход да механізма... Што?
— Хтосьці ведаў, што ёсць яшчэ і другі ўваход.
— Ніхто з персаналу раней на «Полюсе недаступнасці» не быў!
— Дзверы не маглі адчыніцца самі.
Разумеў гэта і Казанцаў.
— Разбяромся з гэтым пазней!.. Я буду ў кают-кампаніі.
Месца прыкметна паменшылася — у навукова-даследчы модуль перанеслі ўсё абсталяванне. У дацэнта сышла амаль гадзіна на тое, каб распакаваць і падрыхтаваць да працы электронны мікраскоп. Дапамога Судзерава была дарэчы.
— Нічога сабе! — ад хвалявання Медзелец не адразу даў рады інтэркому. — Глеб Міхайлавіч, вы не маглі б падысці?
— Ужо скончылі?
— Метал адлілі не на Зямлі!
— Бягу!
Пры з’яўленні прафесара дацэнт саступіў яму месца. Казанцаў адразу прытуліўся да акуляраў. Медзелец з заміраннем сэрца чакаў вердыкту.
— А вы маеце рацыю, калега! Метал сапраўды пазаземнага паходжання... А што з узростам?
— Да гэтага я яшчэ не дайшоў! — панурыўся дацэнт.
— У такім выпадку давайце неадкладна правядзем спектральны аналіз!
Сказана — зроблена.
Новыя даныя ўразілі не менш.
— Дзве тысячы гадоў! — каб выключыць магчымасць памылкі, навукоўцы правялі аналіз паўторна. — Фантастыка!
— Усё-такі прышэльцы? — ажывіўся Судзераў.
— Выходзіць, што так! А нацысты проста выкарыстоўвалі іншапланетныя тэх налогіі для ўласных мэт.
— Яшчэ б ведаць для якіх, калега.
— Гэта павінна быць нешта вельмі важнае.
III
— З вашага дазволу я хацеў бы працягнуць вывучэнне механізма.
— Лічыце, што вы яго атрымалі! — прафесар быў не чужы ганарыстасці. Сам факт наяўнасці рабіў артэфакт сапраўды неацэнным.
— Абсалютна з вамі згодны, калега!
— Мабыць, пачну з ператрусу — савецкія палярнікі відавочна вывучалі тут не толькі льды. Магчыма, засталіся дакументы, фотаздымкі або кінастужкі. Хаця ў такім хаосе знайсці што-небудзь будзе складана... Чаму ж яе пакінулі?
— Што, прабачце?
— Не магу зразумець, па якой прычыне спыніліся даследаванні.
— Магла адбыцца аварыя.
— Адзіная прыкмета, якая паказвае на гэта, — узарваны размеркавальны шчыт. Наўрад ці выхад з ладу часткі абсталявання можа стаць дастатковай падставай для спынення работ і шматгадовага забыцця станцыі. Не, тут нешта іншае... Але што?.. Чаго гадаць? За справу!
— Вам патрэбен памочнік?
— Калі вы не супраць, Глеб Міхайлавіч, хай ім будзе Судзераў! Мне могуць спатрэбіцца яго веды і ўменні.
— Добра!
Прафесар адправіўся каардынаваць працу па навядзенні парадку, а дацэнт і электрык пачалі метадычна абшнарваць модулі і блокі. Шанс быў мінімальным, але і ад такога Медзелец не збіраўся адмаўляцца.
Дакументаў на «Полюсе недаступнасці» было шмат, але ніводзін з іх не праліў святло на прызначэнне ўстаноўкі.
— Або знішчылі, або эвакуявалі!
— Відаць, так... Шкада, няма падключэння. Паспрабавалі б пашукаць інфармацыю ў інтэрнэце.
Мужчыны спусціліся ў пячору.
Усярэдзіне стала халадней. Вецер азвярэла біўся аб брызент.
Святло так і не з’явілася. Спатрэбіліся дадатковыя ліхтары.
Судзераў зладзіў валтузню з узарваным размеркавальным шчытом, а Медзелец вырашыў сфатаграфаваць устаноўку з усіх ракурсаў. За здымкай надышла чарга агляду. Узровень пазаземнай тэхналогіі ўражваў.