— Зразумела!.. Віктар Канстанцінавіч?
Лекар выдаткаваў яшчэ некалькі хвілін на агляд і толькі потым сказаў:
— Гіперсалівацыя, тахікардыя, пачашчанае дыханне... Мяркую, нервовы зрыў. Аднак пакуль нічога не магу сказаць пра тое, што яго выклікала. У Едуса першая група здароўя, псіхалагічны клімат у сям’і нармальны, канфліктаў з сябрамі і сваякамі не было, у кіраўніцтва на добрым рахунку.
— Гэта значыць, Пеця проста ўзяў і закаціў істэрыку?
— Нематываванай істэрыкі быць не можа, Фёдар Лукіч. Калі толькі гэта не сімуляцыя!
— Навошта яму сімуляваць? Ён жа мог проста адмовіцца ад удзелу ў экспедыцыі. На яго месца знайшлося б шмат жадаючых — дзе яшчэ заробіш такія грошы?
— Трэба шукаць прычыну... Аляксандр Мікалаевіч, плашч-палатка як нельга дарэчы! Спадары, нясіце Пятра Сцяпанавіча ў медпункт!
Едуса паклалі на ложак і распранулі да бялізны, пасля чаго ўсім, акрамя Казанцава і Медзельца, давялося сысці.
— Паляжыць пакуль, супакоіцца, а потым я з ім паразмаўляю. Блатафобія бярэ пачатак у нейкай жыццёвай сітуацыі, у якой мае месца моцны спалох. Як правіла, гэта траўматычны дзіцячы вопыт, ён мае аўтаматычную і паслядоўную асацыяцыю з прусамі. Для людзей, якія пакутуюць на блатафобію, з’яўленне прусакоў выклікае панічны страх. Паводзіны такога чалавека рэзка змяняюцца. У яго адзначаюцца моцнае хваляванне, пачашчанае сэрцабіццё і галавакружэнне. Асаблівасць блатафобіі ў тым, што сам хворы выдатна разумее, што яго боязь неабгрунтаваная, але самастойна змяніць сітуацыю не можа. Часам блатафобу здаецца, што ён можа нават памерці ад сваіх перажыванняў.
— І як яе лечаць?
— Гіпнатэрапіяй ці кагнітыўнай тэрапіяй. Падыходзіць і дэсэнсібілізацыйны метад.
— Едуса неабходна адправіць на Вялікую зямлю — я вас правільна зразумеў, Віктар Канстанцінавіч?
— Так, Глеб Міхайлавіч. Пасля таго, як Едус ачуецца, ён зразумее неадэкватнасць сваіх паводзін, але гэта зусім не выключае паўтарэння прыступу. Рэакцыя можа быць вельмі сур’ёзнай — аж да паралічу.
— А паблізу можа нікога не аказацца... Бура ў лепшым выпадку скончыцца да вечара, верталёт прыляціць не раней за заўтрашнюю раніцу... Віктар Канстанцінавіч, Едус застаецца пад вашым назіраннем. Трымайце мяне ў курсе!
— Абавязкова!
У калідоры сабраліся ўсе насельнікі «Полюса недаступнасці». На тварах чыталася трывога.
— Спадары, нічога сур’ёзнага не адбылося — у Едуса звычайны нервовы зрыў. Яму патрэбен спакой, таму прашу ўсіх разысціся! — казаў Казанцаў з такой упэўненасцю, што ні ў каго не ўзнікла жадання паставіць пад сумнеў яго словы. Праз некалькі хвілін калідор апусцеў. — Які ўсё ж такі выдатны падабраўся калектыў! Чэрствых душ няма, і гэта не можа не радаваць!.. Што атрымалася высветліць? Дапамаглі паперы Аненербэ?
— Пахваліцца няма чым... — Медзелец тэзісна распавёў пра вечар учорашняга дня.
— Шкада! А я спадзяваўся, што даў вам у рукі ключ...
— Час яшчэ ёсць!
— Гэты адзіны наш актыў неўзабаве скончыцца.
— Гатовы прыступіць да працы неадкладна!
— Пахвальна, калега. Але для пачатку было б нядрэнна памыцца і паснедаць. І не думайце пярэчыць!
Медзелец пакорліва кіўнуў.
У наступнае імгненне дзверы медыцынскага пункта з грукатам адчыніліся, і з праёму з шалёнымі вачыма выскачыў Едус.
— Яны ў маёй галаве! — памочнік кухара прыпусціў па калідоры.
— Трымайце яго! — галава Кабуша была разбіта. Каб не ўпасці, лекар трымаўся за вушакі.
Ні Медзелец, ні ўжо тым больш Казанцаў спыніць Едуса не здолелі — памочнік кухара ўрэзаўся галавой у кут. Прыснула кроў. Цела паваліліся на падлогу.
Кабуш, наколькі мог хутка, паспяшаўся да Едуса. Як высветлілася, толькі за тым, каб канстатаваць:
— Мёртвы... Што з вамі, Глеб Міхайлавіч?
— Сэрца... — прафесар масіраваў грудзі. — Нічога, зараз пройдзе!
— Яўген Святаслававіч, мой сакваяж! Хутчэй!
Серабрысты чамаданчык з чырвоным крыжам стаяў на табурэтцы. Медзелец схапіў яго, машынальна адзначыўшы перакуленыя ложак і стол, пасля чаго вярнуўся да таварышаў.
Кабуш прымусіў Казанцава прыняць нітрагліцэрын і толькі пасля гэтага з дапамогай дацэнта апрацаваў сваю рану.
— Гэтага не магло здарыцца! — лекар быў падаўлены.
— І тым не менш гэта адбылося, Віктар Канстанцінавіч... Як шмат мы яшчэ не ведаем!
— Мяркуючы па ўсім, маштаб блатафобіі быў нашмат шырэйшы, чым я дыягнаставаў.
— Не вініце сябе, Віктар Канстанцінавіч. Вы ж тэрапеўт, а не псіхіятр. Хіба вы маглі зазірнуць яму ў галаву?