Выбрать главу

— Я павінен быў прадбачыць!

— Давайце перанясём цела ў медпункт. Людзям няма чаго бачыць такое. Кроў трэба змыць!

— Хіба нам не варта пакінуць усё, як ёсць, да прыбыцця паліцыі?

— Вы хочаце пакінуць заліты крывёю труп у калідоры да раніцы, калега?.. Не самае разумнае рашэнне, магу вас запэўніць. Шукаць забойцу паліцыі не давядзецца.

— Вы маеце рацыю, Глеб Міхайлавіч, — труп выклікаў падсвядомы страх пазбавіцца ад якога было няпроста.

Плашч-палатка спатрэбілася ў другі раз.

— Яўген Святаслававіч, а вы не ведаеце, дзе Аляксандр Мікалаевіч яе ўзяў?

— Думаю, пра гэта лепш спытаць у яго самога.

— Так-так, вядома!.. Узялі!

Здавалася, труп важыў не менш за тону. Дацэнт з агідай глядзеў на кроў, якая капала на падлогу.

Данесці цела да медыцынскага пункта не атрымалася.

— Глеб Міхайлавіч, у нас праблемы!

— Што яшчэ, Аляксандр Мікалаевіч?

— Грабеня замкнуўся ў радыёрубцы і нішчыць абсталяванне. Яму мрояцца чэрці!

— Якія яшчэ чэрці? — з раздражненнем перапытаў Казанцаў і пачаў церабіць горла швэдра.

— Не ведаю. Радыст крычыць, што яны збіраюцца пацягнуць яго ў пекла.

— Вар’яцкі дом нейкі!.. Не стойце як балван, дапамажыце нам занесці Едуса ў медпункт!

— А што з ім? — Судзераў толькі зараз заўважыў кроў.

— Самагубства, — патлумачыў Кабуш і адчыніў нагой дзверы. — У Пятра Сцяпанавіча здарыўся востры крызіс, і ён разбіў сабе галаву аб сцяну.

— Але...

— Віктар Канстанцінавіч зрабіў усё магчымае! — прафесар не жадаў працягу размовы. — Падрабязнасці потым.

— Куды яго? — спытаў дацэнт, які ішоў наперадзе.

— Кладзіце на ложак! Я вазьму сакваяж — Валерыю Іванавічу можа спатрэбіцца дапамога.

Электрык пакасіўся на павязку, аднак нічога казаць не стаў.

Перад радыёрубкай сабраліся некалькі чалавек. Рагін спрабаваў пераканаць Грабеню ў тым, што ніякіх чарцей няма, і прасіў адчыніць дзверы. Радыст маўчаў, затое грукат стаяў страшны.

— Не атрымліваецца...

Казанцаў рашуча адсунуў электрыка і забарабаніў па дзвярах кулаком.

— Спадар Грабеня, неадкладна спыніце гэта бязладдзе і адчыніце дзверы!.. Вы мяне чуеце? — адказу не было. А вось грукат узмацніўся шматкроць. — Ламіце, пакуль ён усё там не разнёс!

Рагін і Кныш, разбегшыся, урэзаліся ў дзверы. Удар атрымаўся моцным, аднак палатно вытрымала.

— Яшчэ! — новы ўдар. Дзверы затрашчалі, але не паддаліся. — Мацней, чорт пабяры!

З трэцяга разу замок не вытрымаў. Палярнікі хлынулі ўнутр радыёрубкі.

— Не падыходзьце! — радыст размахваў нажом. За яго спінай патрэсквала. Смярдзела дымам.

— Што вы сабе дазваляеце? — чаша цярпення Казанцава была перапоўнена. — Зглуздзілі?

— Зарэжу! — Грабеня з такім азвярэннем паласаваў нажом паветра, што ніхто не адважыўся наблізіцца да яго. Яго рукі дрыжалі, а на ілбе выступіў пот.

— Перастаць!

— Сатане не атрымаць маю душу!

— Ды вы ж п’яны! Гэта абуральна! — кулакі прафесара сціснуліся, і ён ступіў да радыста. Грабеня зароў, як паранены звер, і скокнуў на Казанцава.

Медзелец адштурхнуў прафесара і прыняў удар на сябе.

V

Адразу некалькі чалавек кінуліся на радыста. Грабеня замарудзіў і абрынуўся пад цяжарам цел, што наваліліся на яго.

— Рукі трымайце! — крыкнуў Казанцаў.

У радыста не было ніякіх шансаў. Яго перавярнулі на жывот, заламалі рукі за спіну і, адабраўшы нож, звязалі правадамі.

— Патрывайце, Яўген Святаслававіч! — лекар пасадзіў дацэнта на крэсла і асцярожна зняў куртку, пасля чаго заняўся ранай. — Варушыць пальцамі можаце?

— Так, — Медзелец паморшчыўся. — Толькі балюча вельмі!

— Вам пашанцавала, што на вас была тоўстая куртка, а ўдар прыйшоўся мімаходзь! — Кабуш хутка і спрытна наклаў бінтавую павязку. — Выпіце, вам трэба супакоіцца!.. Вось так, добра!

— Як ён?

— Рана лёгкая, але некалькі дзён Яўген Святаслававіч не зможа паўнавартасна карыстацца рукой. — Кабуш накінуў перавязь на шыю Медзельца. Казанцаў з палёгкай выдыхнуў. — Яму патрэбны поўны спакой!

— А што з гэтым?

Радыст працягваў вырывацца, абсыпаючы таварышаў праклёнамі. Словы «чэрці» і «пекла» гучалі лездь не ў кожным сказе.

— Падазраю псіхоз з тымі ж сімптомамі, што і ў Едуса, але дакладней змагу сказаць толькі пасля агляду і апытання.

— Наўрад ці ў такім стане ён дасць вам агледзець сябе, Віктар Канстанцінавіч, не кажучы ўжо пра апытанне.

— Трымайце мацней, я зраблю яму ін’екцыю заспакаяльнага! — радыст затузаўся мацней, але вырвацца яму не дазволілі.