Выбрать главу

- Ваша здароўе!.. Не... нiчога.

- Вы, Луi, ужо спалi?..

- Здаецца, спаў...

- Што вы сказалi?

- Я сказаў, што, здаецца, спаў... I ўжо даўно.

- Вы не заходзiлi да сястры?

- Можа, i заходзiў... Ненадоўга.

- А хiба Жарыс не забаранiў вам прыходзiць у яго дом?

- Пустое!

- Што вы хочаце гэтым сказаць?

- Нiчога... Пустая балбатня - i ўсё... Я вам яшчэ патрэбен?

Нiякiх фактаў супраць яго не было.

- Сёння - не.

Луi сказаў нешта па-брэтонску гаспадару, узняўся, дапiў налiтае i дакрануўся рукою да брыля фуражкi.

- Што ён вам сказаў? - спытаўся камiсар.

- Што я не маю ў iм патрэбы, каб схадзiць у Кан i назад. Я забяру яго па дарозе назад, разгрузiўшыся.

- Куды ён пайшоў?

- Гэтага ён не сказаў.

Дэлькур падышоў да люка, высунуў галаву i прыслухаўся.

- Ён на борце драгi, - сказаў начальнiк порта.

- На борце чаго?

- Вы бачылi дзве драгi, у канале? Яны стаяць на прыколе. Там можна заначаваць. Маракi ахвотней спыняюцца нанач на судне, чым у гатэлi.

- Яшчэ шкляначку? - прапанаваў Ланэк.

Прыплюшчыўшы вочы, Мэгрэ агледзеўся па баках i ўладкаваўся ямчэй на крэсле.

- У якi порт зайшлi вы адразу пасля шаснаццатага верасня, як выйшлi з Вiстрэама?

- У Саўтхэмптан... Мне трэба было выгрузiць там будаўнiчы камень...

- А потым?

- У Булонь.

- А ў Нарвегiю вы не заходзiлi пасля гэтага?

- Я быў там толькi адзiн раз, шэсць гадоў таму...

- Вы добра ведалi Жарыса?..

- Мы тут, вы разумееце, усе няблага знаёмыя... Ад Ля Рашэлi да Ратэрдама... Ваша здароўе! Джын я прывёз якраз адтуль, з Галандыi. Вы цыгары палiце?

Ён дастаў з шуфляды скрыначку з цыгарамi.

- Яны каштуюць там дзесяць цэнтаў... цэлы франк штука!..

Цыгары былi тоўстыя, з залатымi абадкамi.

- Дзiўна! - уздыхнуў Мэгрэ. - Мне сказалi, што Жарыс падымаўся да вас на борт ужо ў порце, разам з нейкiм чалавекам...

Ланэк засяроджана абрэзаў кончык цыгары. Калi ён падняў галаву, твар у яго быў такi ж спакойны, як i да камiсаравай заўвагi.

- Мне не было б сэнсу ўтойваць гэта...

Пачуўся шум - наверсе нехта скочыў на палубу. Над лесвiцай паказалася галава.

- Параход з Гаўра!

Дэлькур ускочыў i ўжо на хаду кiнуў камiсару:

- Трэба падрыхтаваць для яго шлюз... "Сэн-Мiшэль" зараз адправiцца...

- Думаю, што мне можна iсцi далей, - сказаў Ланэк.

- У Кан?

- Ну. Заўтра вечарам закончым, пэўна, разгрузку...

Усе яны здавалiся прастадушнымi. Усе глядзелi адзiн аднаму ў вочы. I ўсё ж такi ва ўсiм адчувалася i нешта фальшывае! Але пачуццё гэтае было настолькi няўлоўнае, што цяжка было сказаць, чаму яно ўзнiкала, ад чаго менавiта патыхала фальшам.

Мiлыя людзi! I Ланэк, i Дэлькур, i Жарыс, i ўсе наведнiкi "Марацкага прытулку" - пра каго з iх можна было сказаць што благое? А хiба Вялiкi Луi не здаваўся ладным марачком?

- Я сам аддам швартоў, Ланэк... Сядзi!

I начальнiк порта пайшоў здымаць трос з кнехта. Стары матрос, якi вылез з будкi, зусiм скалелы i незадаволены, вылаяўшыся, сказаў:

- Вялiкi Луi зноў змыўся!

Ён паставiў ветразi - фок i бом-клiвер, пасля бусаком адштурхнуў шхуну ад прычала. Мэгрэ саскочыў на зямлю ў сама апошнi момант. Цяпер ужо iшоў дождж, якi разагнаў туман. Можна было ўбачыць агнi ў порце, постацi людзей, параход з Гаўра, якi нецярплiва даваў гудкi.

Скрыпелi дзержакi. Вада выцякала са шлюза праз адчыненыя пад'ёмныя засаўкi. Ветразi шхуны перакрывалi перспектыву канала.

Стоячы на мосце, Мэгрэ разгледзеў дзве драгi - жудаснага выгляду збудаваннi з вельмi складанымi контурамi i змрочнымi заржавелымi надбудовамi.

Ён падышоў да iх асцярожна, бо наўкол валялася ўсялякае смецце, старыя канаты, якары, розныя жалязякi. Пасля прайшоў па дошцы, якая служыла сходкамi, i ўбачыў праз шчылiны слабае святло.

- Луi! - паклiкаў ён.

Святло адразу ж пагасла. З люка, якi нiчым не быў прыкрыты, высунуўся Вялiкi Луi i буркнуў:

- Чаго вам?

У той самы час пад iм, у труме драгi, пачуўся шоргат. Потым асцярожна праслiзнуў нейкi цень. Чуваць было, як чалавек на нешта натыкаўся. Разы са тры празвiнела лiставое жалеза перакрыцця.

- Хто тут з табою?

- Са мною?..

Мэгрэ агледзеўся, зрабiў крок убок i ледзь не ўпаў у трум, на дне якога было цi не па каленi гразi.

Несумненна, тут нехта толькi што быў, але цяпер ужо ён далёка адсюль. Скрып даносiўся з другога боку драгi. Мэгрэ ступiў яшчэ крок i ўдарыўся галавою аб велiзарны коўш.

Не маючы нiякага ўяўлення пра тое, што i дзе тут месцiцца, камiсар адчуваў сябе на дразе бы сляпы.

- Маўчыш?

У адказ пачулася нейкае невыразнае мармытанне, якое, пэўна, азначала: "Не разумею, пра што вы будзеце казаць..."

Каб абшукаць у гэтакай цемрадзi абедзве дарогi, спатрэбiўся б добры дзесятак палiцэйскiх, якiя выдатна ведаюць порт. Мэгрэ адступiў. Праз дождж галасы было чуваць здалёк - проста надзiва. Камiсар пачуў, як нехта ў порце сказаў:

- ...якраз папярок фарватэра...

Мэгрэ падышоў да шлюза. Памочнiк капiтана з гаўрскага парахода паказваў нешта Дэлькуру, якi, убачыўшы камiсара, збянтэжыўся.

- Цяжка паверыць, што яны згубiлi яе i не прыкмецiлi гэтага, - сказаў чалавек з парахода.

- Што згубiлi? - спытаўся Мэгрэ.

- Шлюпку.

- Якую шлюпку?

- Тую, на якую мы натыкнулiся ў порце, - адказаў чалавек з парахода. - З паруснiка, што iшоў наперадзе нас. Назва напiсана на карме "Сэн-Мiшэль".

- Можа, яна сама адвязалася, - уставiў Дэлькур, пацiснуўшы плячыма. Бывае i такое.

- Яна не магла адвязацца з той простай прычыны, што ў дрэннае надвор'е шлюпку трымаюць не на вадзе, за кармою, а падымаюць на палубу.

Шлюзаўшчыкi, кожны на сваiм месцы, па-ранейшаму прыслухоўвалiся да размовы.

- Заўтра паглядзiм. Пакiньце лодку тут.

Павярнуўшыся да Мэгрэ, Дэлькур прамармытаў, ненатуральна ўсмiхнуўшыся:

- Бачыце, што за работа ў нас. Вечна што-небудзь здарыцца.

Але камiсар не ўсмiхнуўся ў адказ. Наадварот, ён сама сур'ёзным тонам сказаў:

- Калi заўтра ў сем цi, скажам, восем гадзiн ранiцы мяне тут не будзе, тэлефануйце ў пракуратуру Кана.

- Што?..

- Дабранач! А шлюпка няхай застанецца тут.

Каб збiць iх з панталыку, Мэгрэ пайшоў уздоўж пiрса, засунуўшы рукi ў кiшэнi i ўзняўшы каўнер. Мора шумела каля яго ног - i ўперадзе, i справа, i злева. Паветра, напоўненае пахам ёду, лагодна лашчыла твар.

Дайшоўшы амаль да канца пiрса, ён нахiлiўся i падняў нешта з зямлi.

V. КАПЛIЦА Ў ДЗЮНАХ

На золку, ледзь цягнучы ногi ад стомы, Мэгрэ вярнуўся ў гатэль. Ад сырасцi яго палiто ацяжэла, у горле пяршыла: усю ноч ён палiў люльку за люлькаю. У гатэлi было пуста. Пахадзiўшы, камiсар знайшоў гаспадара на кухнi - той разводзiў агонь.

- Правялi ўсю ноч у порце?

- Але. Прынясiце мне кавы, i, калi ласка, як мага хутчэй. А ванну ў вас можна прыняць?

- Калi толькi катлы распалiць.

- Тады не варта...

Ранiца была шэрая, усё яшчэ стаяў туман, але ўжо празрысты. Пашчыпвала павекi. Чакаючы, калi гаспадар прынясе каву, Мэгрэ падышоў да адчыненага акна.

Дзiўная ноч. Нiчога асаблiвага ён не знайшоў - хiба што адкрыў колькi больш-менш цiкавых дэталяў. Аднак ён усё ж пасунуўся крыху наперад у расследаваннi гэтай драмы, намацаў у ёй новыя звеннi.

Прыбыццё "Сэн-Мiшэля". Паводзiны Ланэка. Нельга, вядома, сказаць, што яны двухсэнсоўныя. Але ж адчувалася ў iх i нейкая няўпэўненасць. Тое самае можна было сказаць i пра Дэлькура. Дый пра ўсiх астатнiх, хто быў тады ў порце!

Напрыклад, наводзяць на падазрэннi паводзiны Вялiкага Луi. Ён не адправiўся на шхуне ў Кан, а пайшоў начаваць у драг. I было ясна, што быў ён там не адзiн.

А крыху пазней стала вядома, што перад тым, як увайсцi ў порт, "Сэн-Мiшэль" згубiў шлюпку. У канцы пiрса быў знойдзены прадмет, дужа незвычайны для гэтага месца: асадка з залатым пяром.

Пiрс быў драўляны i стаяў на палях. У канцы яго, каля зялёнага сiгнальнага агню, у мора спускалася жалезная лесвiца. Там i знайшлi лодку.