Выбрать главу

* Гатунак сыру.

VI. ПАДЗЕННЕ НА ЛЕСВIЦЫ

Гаспадар гатэля не падмануў. Але ўсё-такi перабольшыў: Гранмэзон не ляжаў у ложку.

Калi, адаслаўшы Люка назiраць за драгаю, Мэгрэ падыходзiў да мэравай вiлы, ён заўважыў за адным акном постаць чалавека ў класiчнай позе хворага, вымушанага сядзець дома.

Камiсар не разгледзеў твару. Але, вiдавочна, гэта быў мэр.

Далей ад акна стаяў яшчэ адзiн чалавек, распазнаць якога было немагчыма.

Калi Мэгрэ пазванiў, крокаў у доме пачулася больш, чым калi б нехта проста пайшоў адчыняць. Нарэшце з'явiлася служанка, жанчына сярэднiх гадоў, даволi свавольнага выгляду. Пэўна, яна без меры пагарджала ўсiмi наведнiкамi, бо нават слова не сказала.

Адчынiўшы, яна ўзнялася па прыступках, якiя вялi ў хол, i Мэгрэ прыйшлося самому зачыняць за сабою дзверы. Потым яна пастукалася ў мэраў кабiнет i знiкла, калi камiсар ужо ўваходзiў.

Ва ўсiм гэтым адчувалася штосьцi загадкавае. Гэта быў не той выпадак, калi нешта адразу ж кiдаецца ў вочы. Здзiўлялi розныя дробязi, якiя выдавалi, што ў доме не зусiм спакойна.

Вiла была вялiкая, амаль новая, пабудаваная ў стылi, якi часта сустракаецца на ўзбярэжжы.

Але, улiчваючы той факт, што Гранмэзон быў уладальнiкам амаль усiх акцый буйной Ангельска-Нармандскай кампанii, можна было чакаць большага багацця.

Можа, яго дом у Кане быў раскошнейшы? Мэгрэ ступiў некалькi крокаў, i толькi тады пачуўся голас:

- Гэта вы, камiсар?

Голас даносiўся ад акна. Гранмэзон сядзеў у глыбокiм фатэлi, паклаўшы ногi на крэсла. Супраць святла яго было дрэнна вiдаць, але Мэгрэ ўсё ж прыкмецiў, што замест каўнерыка на шыi ў гаспадара была чорная хустка. Левую шчаку мэр прыкрываў рукою.

- Сядайце, - сказаў ён.

Мэгрэ абышоў пакой i сеў акурат насупраць суднаўладальнiка. Камiсар не без цяжкасцi стрымлiваў усмешку: ён не чакаў сустрэць мэра ў такiм стане.

Яго левая шчака, якую рука закрывала не поўнасцю, прыкметна распухла, як i вусны. Але больш за ўсё мэр стараўся прыкрыць велiзарны сiняк пад вокам.

Усё гэта выглядала б не так камiчна, калi б суднаўладальнiк не стараўся захоўваць важнасць. Нерухомы, ён глядзеў на Мэгрэ варожа i з недаверам.

- Вы прыйшлi паведамiць мне пра вынiкi расследавання?

- Не. Вы так добра прынялi мяне мiнулы раз, што я хацеў падзякаваць вам за гасцiннасць.

Мэгрэ нiколi не ўсмiхаўся iранiчна. Наадварот, чым больш ён насмiхаўся з чалавека, тым больш сур'ёзным здаваўся яго твар.

Ён разглядваў кабiнет. Сцены былi пазавешваны схемамi грузавых суднаў i фатаграфiямi караблёў Ангельска-Нармандскай кампанii. Мэбля была звычайная: чырвонае дрэва добрай якасцi - i толькi. На пiсьмовым стале ляжала некалькi папак, лiсты, тэлеграмы.

Падлога была пакрытая лакам, i, спыняючы раз-пораз вочы на яе гладкай паверхнi, камiсар пачаў задаваць пытаннi.

- З вамi, здаецца, нешта здарылася?

Мэр уздыхнуў, паварушыў нагамi i прабурчаў:

- Спатыкнуўся на лесвiцы.

- Сёння ранiцай? Як, мусiбыць, напалохалася панi Гранмэзон!..

- Жонкi тады ўжо не было.

- Сапраўды, у такое надвор'е няма чаго рабiць каля мора... Хiба што паляваць на качак... Мяркую, панi Гранмэзон цяпер у Кане, разам з дачкою?

- Не, у Парыжы.

Адзеўся суднаўладальнiк не надта вытанчана. Цёмныя штаны, халат на фланелевую кашулю, лямцавыя пантофлi.

- А што было ўнiзе лесвiцы?

- Што вы маеце на ўвазе?

- На што вы ўпалi?

Зласлiвы позiрк, сухi адказ:

- На падлогу.

Гэта была мана, мана вiдавочная! Такi сiняк пад вокам не заробiш, упаўшы проста на падлогу. I ўжо на шыi слядоў таго, што цябе душылi, напэўна не застанецца!

А Мэгрэ выдатна бачыў кожны раз, калi хустка ў мэра хоць трохi збiвалася з шыi, кровападцёкi, якiя спрабаваў той схаваць.

- Вы, вядома, былi ў доме адзiн?

- Чаму "вядома"?

- Ды таму, што няшчасныя выпадкi заўсёды здараюцца, калi няма каму памагчы!

- Служанка пайшла па прадукты.

- У доме толькi яна?

- Ёсць яшчэ садоўнiк, але ён паехаў у Кан, таксама нешта купляць...

- Мусiць, i балела ж вам...

Больш за ўсё непакоiла мэра сур'ёзнасць Мэгрэ, яго спагадлiвы голас.

Гадзiннiк паказваў толькi палову чацвёртай, але ўжо цямнела, i мэраў твар стала вiдаць яшчэ горш.

- Вы дазволiце? - выцягнуў Мэгрэ сваю люльку.

- Калi хочаце цыгару - яны на камiне.

Цэлы стос скрыначак з цыгарамi. На падносе - бутэлька старога арманьяку. Мэгрэ звярнуў увагу на высокiя дзверы з пакрытай лакам смольнай сасны, якiя вялi ў гасцёўню.

- Ну, як ваша расследаванне? - спытаўся мэр.

Невыразны жэст камiсара. Мэгрэ стараўся не глядзець на гэтыя дзверы: яны неяк дзiўна пачыналi нi з таго нi з сяго дрыжаць.

- Нiякiх вынiкаў?

- Нiякiх.

- Хочаце пачуць, што я пра гэта думаю? Не трэба было рабiць з гэтай гiсторыi нiчога складанага.

- Ну вядома! - адказаў Мэгрэ. - Што ж тут складанага, у гэтай гiсторыi?! Аднойчы вечарам знiкае чалавек, i паўтара месяца нiхто не ведае, што з iм. Нарэшце яго знаходзяць у Парыжы з разбiтым i залатаным чэрапам, зусiм без памяцi. Яго прывозяць дамоў, i тае ж ночы ён памiрае - атручаны. Тым часам з Гамбурга на яго банкаўскi рахунак прыходзiць трыста тысяч франкаў. Усё проста! Усё ясна!

Нягледзячы на камiсаравы словы i даволi зычлiвы тон, з якiм яны былi сказаны, мэр адказаў яшчэ больш катэгарычна:

- Ва ўсякiм выпадку, справа, можа, усё роўна прасцейшая, чым вы думаеце. I, дапускаючы, што ў ёй нямала дзiўнага, не варта было, лiчу, надаваць ёй такi трывожны характар. Калi разважаць пра гэта ў шынках, дык можна дужа засмуцiць галовы тым, у каго мазгi праз алкаголь i без таго размяклi.

Мэгрэ адчуваў на сабе жорсткi iнквiзiтарскi позiрк. Мэр гаварыў павольна, чаканiў словы, усё роўна як прамаўляў абвiнаваўчы акт.

- З другога боку, палiцыя анi разу не звярнулася да кампетэнтных органаў улады!.. Я, мэр, нiчога не ведаю тое, што адбываецца ў порце...

- Ваш садоўнiк носiць сандалii на вяровачнай падэшве?

Мэр хутка зiрнуў на паркет, дзе вiднелiся сляды. Малюнак вяровачнай падэшвы быў выразны.

- Адкуль я ведаю?

- Прабачце, што перапынiў вас... Проста ў галаву прыйшла адна думка... Дык вы кажаце?..

Але працягваць свой наступ на камiсара мэр не стаў.

- Перадайце мне, калi ласка, скрынку з цыгарамi... Вось гэтую... Дзякую...

Ён запалiў цыгару i прастагнаў, бо занадта шырока разявiў рот.

- Увогуле, што вам удалося даведацца? Вы, напэўна, багата што высветлiлi...

- Так мала!

- Дзiўна... У партавiкоў фантазii хапае, асаблiва пасля некалькiх чарак аперытыву...

- Мяркую, вы адправiлi жонку ў Парыж, каб уберагчы яе ад хваляванняў, звязаных з усiмi гэтымi драматычнымi падзеямi?.. I тымi, што могуць яшчэ здарыцца?..

З абодвух бакоў адчувалася непрыязнасць. Урэшце, камiсар i мэр былi людзi з розных грамадскiх класаў, вельмi непадобныя адзiн на аднаго.

Мэгрэ выпiваў у партовым шынку з рыбакамi i шлюзаўшчыкамi.

Мэр прымаў паноў з пракуратуры, частаваў iх чаем з лiкёрамi i пiрожнымi.

Мэгрэ быў просты чалавек, сацыяльную прыналежнасць якога цяжка было вызначыць.

Пан Гранмэзон належаў да мясцовае знацi, паходзiў са старадаўняй буржуазнай сям'i, меў рэпутацыю самавiтага суднаўладальнiка, прыбыткi якога няспынна растуць.

Вядома, паводзiнам мэра была ўласцiвая дэмакратычнасць. Ён размаўляў на вулiцы з простымi людзьмi. Але гэтая дэмакратычнасць была маскаю, якую трэба надзяваць, каб мець поспех i на наступных выбарах. Гэта была частка абдуманай жыццёвай лiнii.

Камiсар трымаўся вельмi ўпэўнена. А з пухлага ружовага твару пана Гранмэзона спакваля сыходзiла важнасць, саступаючы месца разгубленасцi.

Каб не выдаць сябе, мэр зрабiў выгляд, што сярдуе.

- Пан Мэгрэ, - пачаў ён, вымавiўшы гэтыя два словы так, нiбыта збiраўся дэкламаваць. - Пан Мэгрэ, я дазволю сабе нагадаць вам, што ў якасцi мэра абшчыны...