Звычайна так паводзяць сябе местачковыя "шышкi", якiя ўяўляюць, што яны пуп зямлi. Апранаюцца, як вясковыя арыстакраты, i аддаюць данiну дэмакратыi, пацiскаючы на хаду, бы мiжволi, рукi грамадзянам, кiдаюць iм пры гэтым два-тры нязначныя словы, а зрэдку нават распытваюць збольшага пра дзяцей.
- I вы ўжо знайшлi забойцу?.. Як я разумею, гэта вы прывезлi Жарыса i... Прабачце, калi ласка...
Мэр падышоў да iнспектара рыбааховы, якi, вiдаць, прыслугоўваў яму на паляваннi, бо Гранмэзон сказаў яму цяпер:
- Увесь чарот злева трэба выпрастаць... Адна з падсадных качак нiкуды не вартая, сёння ўранку была ледзь жывая...
- Добра, пан мэр.
Гранмэзон вярнуўся да Мэгрэ. Па дарозе паспеў пацiснуць руку начальнiку порта, спытаўшыся:
- Як тут у вас?
- Нармальна, пан мэр.
- Дык пра што, камiсар, мы гаварылi?.. Колькi праўды ва ўсiх гэтых расказах пра зашыты чэрап, вар'яцтва i ўсё такое?..
- Як вы ставiлiся да капiтана?
- Ён служыў у мяне дваццаць восем гадоў. Слаўны чалавек, бездакорны на службе.
- Сумленны?
- Яны тут амаль усе сумленныя.
- Колькi ён зарабляў?
- Па-рознаму, вайна ж усё пераварушыла... Аднак дастаткова, каб купiць дамок. Iду ў заклад, што ў банку ў яго было сама меней тысяч дваццаць пяць.
- А можа, больш?
- Не думаю. Ну, хiба што тысяч на пяць, але не больш.
У гэты час адчынiлi верхнiя вароты шлюза, i судна выходзiла ў канал, а другое, што прыйшло з Кана, рыхтавалася заняць яго месца ў шлюзе, каб выйсцi пасля ў адкрытае мора.
Стаяла цiшыня. Людзi сачылi вачыма за камiсарам i мэрам. З палубы ангельскага карабля матросы абыякава пазiралi на натоўп, не забываючыся манеўраваць.
- Што вы думаеце пра Жулi Легран, пан мэр?
Пан Гранмэзон прамаўчаў, пасля адказаў:
- Дурнiца, якой ускружыла галаву занадта пачцiвае Жарысава далiкацтва... Думае пра сябе... немаведама што... ва ўсякiм выпадку, зусiм не тое, што яна ёсць на самой справе...
- А яе брат?
- Я яго нiколi не бачыў... Мне казалi, што нягодны чалавек...
Перабраўшыся праз шлюз, яны падыходзiлi цяпер да агароджы Жарысавага дома, каля якой усё яшчэ ашывалiся некалькi хлопчыкаў.
- А чаго ён памёр?
- Стрыхнiн.
Выгляд у Мэгрэ быў сама рашучы. Ён ступаў паволi, засунуўшы рукi ў кiшэнi, у роце была люлька, якая пасавала яго шырокаму твару, - у яе ўваходзiла чвэрць пачка махоркi.
На нагрэтай сонцам агароджы ляжала белая кошка. Прыкмецiўшы людзей, яна ўскочыла i ўцякла.
- Вы не будзеце заходзiць? - здзiвiўся мэр, убачыўшы, што Мэгрэ чамусьцi спынiўся.
- Хвiлiнку! Як вы думаеце, цi была Жулi каханкаю ў капiтана?
- Не ведаю, - з раздражненнем адказаў Гранмэзон.
- Вы часта бывалi ў яго доме?
- Нiколi! Жарыс служыў у мяне, а ў такiх выпадках...
Зрабiўшы невялiкую паўзу, мэр усмiхнуўся - шматзначна, з годнасцю вялiкага пана.
- Пакончым з гэтым хутчэй, - дадаў ён, - калi вы не пярэчыце. Неўзабаве абед, у мяне будуць госцi...
- Вы жанаты?
Мэгрэ ўпарта распытваў мэра, паклаўшы рукi на клямку брамкi.
Гранмэзон паглядзеў на яго зверху ўнiз (ён быў вышэйшы - прыкладна метр восемдзесят пяць). Камiсар заўважыў, што мэр крыху касавокi.
- Мушу вас папярэдзiць, што калi вы i далей будзеце гаварыць са мною такiм тонам, то для вас гэта можа скончыцца непрыемнасцю... Пакажыце мне тое, што вы павiнны паказаць.
Мэр сам адчынiў брамку. Калi ён ступiў на ганак, палявы вартаўнiк, якi ахоўваў дом, пачцiва адышоўся ўбок.
Праз зашклёныя дзверы кухнi Мэгрэ кiнулася ў вочы, што ў пакоi сядзелi абедзве жанчыны, але Жулi не было.
- Дзе яна? - спытаўся камiсар.
- Паднялася да сябе... Зачынiлася i не хоча выходзiць...
- Чаму гэта раптам?..
Жонка дазорцы з маяка растлумачыла:
- Ёй стала лепш... Праўда, яна яшчэ плакала, але ўжо меней, толькi калi гаварыла... Я прапанавала ёй з'есцi што-небудзь, i яна адчынiла шафу...
- Ну i што?
- Не ведаю... Мне здалося, яна спалохалася... Кiнулася адразу ж па лесвiцы, мы i пераглянуцца не паспелi, як яна зачынiлася на ключ...
У шафе не было нiчога асаблiвага: посуд, кошык з яблыкамi, талерка з марынаванымi селядцамi, дзве мiскi з рэшткамi лою - мусiць, нядаўна там было мяса.
- Я чакаю, пакуль вы зробiце ласку заняцца справаю, - нецярплiва сказаў мэр з калiдора. - Ужо ж палова дванаццатай... Мне здаецца, што паводзiны гэтай Жулi...
Мэгрэ замкнуў шафу, паклаў ключ у кiшэню i, цяжка ступаючы, рушыў да лесвiцы.
III. КУХОННАЯ ШАФА
- Адчынiце, Жулi!
Нi слова адказу. Чуваць адно, як дзяўчына кiнулася на ложак.
- Адчынiце!
Зноў маўчанне. Тады Мэгрэ ўдарыў плячом у дзверы, i замок вылецеў.
- Чаму вы не адчынялi?
Яна не плакала. На твары - нiякага хвалявання. Больш таго, яна спакойна скурчылася на ложку i, застылая, глядзела на шклянку вады на крэсле. Калi камiсар падышоў да дзяўчыны, яна ўскочыла i кiнулася да дзвярэй.
- Пакiньце мяне адну! - вымавiла яна.
- Добра. Толькi аддайце мне цыдулку, Жулi.
- Якую цыдулку?
Дзяўчына, пэўна, спадзявалася, што як будзе дзёрзкая, дык не выдасць сябе, што манiць.
- Капiтан дазваляў вашаму брату наведваць вас?
Маўчанне.
- Значыцца, не дазваляў. А ваш брат усё-такi прыходзiў! I, здаецца, прыходзiў той ночы, калi знiк Жарыс.
Яна кiнула на яго злосны позiрк - здавалася, вось-вось выбухне нянавiсцю.
- "Сэн-Мiшэль" стаяў у порце, i, натуральна, брат мог зайсцi да вас. Адно пытанне: калi ён прыходзiць, вы яго кормiце?..
- Жывёлiна! - выцiснула Жулi.
Мэгрэ гаварыў:
- Ён прыходзiў сюды ўчора, калi вы былi ў Парыжы. Не застаўшы вас тут, пакiнуў цыдулку. А для ўпэўненасцi, што вы яе знойдзеце, паклаў у кухонную шафу... Дайце мне гэтую цыдулку.
- У мяне яе ўжо няма!
Мэгрэ паглядзеў на халодны камiн, на зачыненае акно.
- Дайце мне яе!
Жулi ўся сцiснулася i была цяпер падобная не на дарослую дзяўчыну, а на раззлаванае дзiця. Злавiўшы яе позiрк, Мэгрэ зычлiва сказаў:
- Дурнiца!
Цыдулка была пад падушкаю, на якой Жулi толькi што ляжала. Але замест таго, каб прыцiхнуць, упартая дзяўчына зноў пачала наступаць на Мэгрэ, спрабуючы вырваць цыдулку. Яго ж такiя паводзiны проста пацяшалi.
- Ну, годзе! - нарэшце пагрозлiва вымавiў ён, перахапiўшы руку дзяўчыны.
Цыдулка была кароткая. Адразу ж кiнулiся ў вочы нязграбныя лiтары i мноства памылак: "Калi вернешся з гаспадаром, глядзi за iм, бо ёсць чалавек, якi мае на яго зуб. Я вярнуся з суднам праз два-тры днi. Катлет не шукай, я iх з'еў. Твой брат навек".
Мэгрэ апусцiў галаву, настолькi збiты з панталыку, што забыўся ўжо зусiм на дзяўчыну.
Праз чвэрць гадзiны начальнiк порта сказаў яму, што "Сэн-Мiшэль" цяпер, мабыць, у Фекане i прыйдзе сюды, калi не пераменiцца вецер, ноччу.
- Вы ведаеце, дзе якое судна ў якi час?
Мэгрэ занепакоена паглядзеў на зiхоткае мора - недзе ўдалечынi вiднеўся адзiнокi дымок.
- Памiж портамi iснуе сувязь. Паглядзiце, вось спiс суднаў, якiя мы чакаем сёння, - паказаў капiтан Дэлькур на чорную дошку, што вiсела на сцяне партовай канторы: там былi напiсаны крэйдаю назвы суднаў.
- Знайшлi што-небудзь?.. Не верце надта таму, што расказваюць... Нават калi гэта людзi сур'ёзныя!.. Ведалi б вы толькi, колькi тут можа быць розных дробных разлiкаў!.. Зайздрасць, якая-небудзь крыўда, - сказаў Дэлькур, памахаўшы рукой капiтану судна, што выходзiла ў мора. Потым, зiрнуўшы ў бок шынка, уздыхнуў. - Убачыце самi!
Гадзiны ў тры дня прадстаўнiкi пракуратуры закончылi агляд дома нябожчыка, выйшлi на двор, адчынiлi садовую брамку i накiравалiся да сваiх машын, каля якiх сабралася нямала вiстрэамцаў.
- Мабыць, тут багата качак! - сказаў пракурораў намеснiк мэру, акiнуўшы позiркам наваколле.
- Сёлета не вельмi... А вось летась...
Мэр кiнуўся да першае машыны, якая кранулася з месца.
- Спынiмся на хвiлiнку ў мяне, добра? Жонка чакае нас...