- Што я ў вас, пане, такое забраў?
- Золата! Ты абчысцiў мае кiшэнi, пакуль я ляжаў хворы!
- Бойцеся Бога! Я вам сваё аддаваў, што меў!
- З каменнямi крыжык, пярсцёнкi, iмянны гадзiннiк i яшчэ два гадзiннiкi, якiя былi пры мне!
- Бойцеся Бога! Бойцеся Бога!
Разгневаны Палiводскi замахнуўся, каб даць у твар Ракуцьку. Не менш разгневаны Ракуцька стаў на ўвесь рост перад Палiводскiм i прагаварыў, як абухам стукаў у бервяно:
- Я, пане, выратаваў вас i вярнуў вам жыццё, а вы замест падзякi стралялi ў мяне, а цяпер робiце мяне злодзеем. Гэта ж вы самi ў мяне худую кабылу ўкралi. Дык хто з нас злодзей?
Палiводскi адумаўся i сказаў:
- Я прашу ў цябе толькi маё золата.
- Я яго i ў вочы не бачыў!
- Лжэш! Лжэш!
Палiводскi выйшаў. Слуга падвёў яму каня, i ён махнуў ходу i знiк. Аднак жа Ракуцька паспеў заўважыць, што, перад тым як прыняць ад слугi каня, Палiводскi нi то пастаяў у кароткай задуме, нi то нават можа i памалiўся. Ракуцька падумаў: "А можа я яго чым пакрыўдзiў". Калi ён выказаў гэтую думку жонцы, яна, даволi такi энергiчная жанчына, адказала яму, што гэтага Палiводскага варта было б кiем змясiць на калатушу, але найлепш быць цiхiм, бо ён мае сiлу, а наконт крыўды, дык яго нi крыўдаю, нi праўдаю, нават жалезным шворнам не проймеш. Такiм парадкам Ракуцька стаў спакоен душой. Але ненадоўга. У тым жа самым годзе, пад сярэдзiну восенi, ён атрымаў позву ў гмiну. Ён так i ведаў чаго: ён жа жыве на чужой зямлi i з чужога дрэва хату паставiў! Ён жа не мог пайсцi супроць дзяржаўнага закона i першымi замаразкамi выбраўся ў тую самую старую жончыну хату. А новаю яго сялiбай заўладаў маёнтак. Жонка яго чакала трэцяга дзiцяцi, ён жа стаў, як сугней, угнуў галаву i ўсё маўчаў, маўчаў. Колькi год працы загiнула марна! А разам пайшлi ў нябыт i надзеi. Нi ў якую будучыню сваiм дзецям ён ужо не верыў. Лягчэй памерцi, чым астацца навек без надзеi i веры! Сымон Ракуцька пачаў змагацца з бязвер'ем i безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць, каб на чым пэўным спынiцца думкаю. У гэты якраз час i нагадзiлася яму злая прыгода. Жонцы прыйшоў час раджаць. Дзiця радзiлася нежывым, i жанчына асталася на некалькi месяцаў ляжаць у хваробе. Ён высах каля яе i каля дзяцей. Пасля пайшоў па свеце шукаць спосабу, каб жыць. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы i нiчога не знайшоў, але затое наслухаўся ад людзей усялякiх чутак аб жыццi па той бок гранiцы. Больш як паўгода ён думаў, i меркаваў у думках. I нiчога iншага вымеркаваць не мог. Так ужо iм апанавала цвёрдая думка. "Гэта ж не жарты! Там зямлi бяры! Там жывi сабе!" I нарэшце настаў момант. Перш за ўсё ён, як перад каменнай сцяной, стаў перад неабходнасцю вырашыць вялiкую задачу: ён жа не адзiн! З гэтага часу i найшло на яго вялiкае ўтрапенне. Раней ён быў спакойны i цягавiты. Цяпер, праўда, трапяткiм ён не стаў, але спакой свой, як рысу натуры, страцiў. Ён выбраў цёмную ноч, нi зор, нi месяца. Ён назаўсёды пакiнуў тую гнiлую хату, якая дала яму прытулак у цяжкiя часы яго маладосцi. Апошнi раз ён зiрнуў на сваю новую сялiбу, у якой думаў гадаваць дзяцей i якой цяпер заўладаў нехта чужы. Малы Тамаш iшоў подбегам, трымаючыся за бацькаву руку. Яна, спадарожнiца яго жыцця, несла на руках малую Лiзавету. За дзве ночы яны дайшлi да гранiцы. Больш тыдня яны чакалi ў лесе навальнiчнай ночы. Перад самым змрокам, выбiраючы зручнейшае месца, каб з яго рушыць у гэтую страшную дарогу, усе яны ўбачылi чалавечыя ногi. Ракуцька пабялеў i прыгледзеўся. Ужо тхнула адтуль трупным духам. Мярцвяк ляжаў увесь пад накiдам моху. Самога яго не вiдно было. Малады ён цi стары? I хто ён? Можа шпiён, якi iшоў туды i быў падстрэлен чужой цi сваёй куляй? А цi стаў ён шпiёнам ад гадаўскай прыроды свае, цi няшчасце яго павяло па гэтай дарозе, цi стопудовае зло, якому патрэбны гранiцы i шпiёны, прыкавала яго навек да гэтага месца? Цi можа гэта проста няшчасны чалавек тутэйшай зямлi, каля цiхай хаты якога лягла тая гранiца i, як пякельная жудасць, заўсёды была перад яго бяззлобнымi вачыма? Ракуцька анямеў ад жаху, што такi лёс можа спасцiгнуць i яго з усiмi тымi, хто дораг i люб яго сэрцу. Аднак жа хутка i ноч настала. Такое ночы ён толькi i чакаў. Пярун ляскаў кожны момант. Лiло, як з бяздоннага мора. Змучаны Тамаш трымаўся за бацьку i iшоў, як святы на пакуту. Пасля двухгадзiнных блуканняў яны пачулi, што недзе тут поблiзу страляюць. I гэтаму канца няма. Душа яго апала. Яна шапнула яму:
- Назад. У сваю гнiлую хату! Лепш там памерцi з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.
Пошапкам яны дайшлi да згоды. Яна з дзецьмi пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвiлiну i натоўп вялiкi. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у якi iшоў i сям'ю вёў. За кожнай маланкай ён акiдаў вачыма мясцовасць. Iх няма. Але нарэшце - радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялi яны. Яна, любая, родная, разважлiвая, працавiтая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. I маленькая Лiзавета ў яе на руках, маленькая, кiрпаценькая, птушанё... Гэта яны, якiх ён вёў у будучыню. Што яны стаялi на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над iмi гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, i ён убачыў, як яны iшлi далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз i ён рушыць за iмi. Зноў маланка i крык пагранiчнiка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другiм баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногi назаўсёды асталiся ўваччу яго. А першыя Лiзавецiны ўсмешкi! Смутак навалiўся на яго душу. Якая чакае i iх i яго будучыня? Дзе iм суджана знайсцi яе? Але трэба iсцi, пагранiчнiк грозiць, што будзе страляць. Па каленi ў вадзе i ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранiчнiкам. Сцяна, глухая i бязлiтасная, як вечнасць, замкнулася памiж iмi. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзецi! А можа, адбудзецца цуд? Можа, мiне вас лёс без будучынi? Але лепш нi аб чым не думаць, бо навала смутку забiвае душу.
Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькi не ў пагранiчных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзiў як мог, што ён не шпiён, а проста чалавек з той зямлi, па якой прайшла гранiца. А тым часам вялiкi ўпарадкавальнiк усялякiх хiбаў i непарадкаў - час - абтрос i абгладзiў усё, што было не на сваiм месцы, i шмат што забылася, шмат прытупiлася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, i лягчэй яму стала. Але час не меў сiлы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лiзавецiных усмешках i па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, i ад яго не было ратунку.
Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькi зноў звiць сабе гняздо, як ён скiне з душы цяжар свой. Тым часам ужо i хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамi на дарогу, i цiха i спакойна ўсё тут было, i зямлi было на чатыры душы, i не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. "А Тамаш, а Лiзавета!" Сымон Ракуцька наладзiў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго цiхманую працавiтасць льга было ставiць паўсвету ў прыклад, калi лiчыць яе за дабрачыннасць. I дзiўна было. Ён адзiн, а ўпраўляўся з полем i з домам. I яшчэ кожны дзень меў часiну сядзець на калодзе i босы пасярод свайго двара. Цi то прывычка, цi то ашчаджанне абутку, але ён цяплом нiколi абуты не хадзiў. Ён яшчэ людзям i колы рабiў, i драбiны з панарадамi майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой iшоў час, смутак яго ператвараўся ў вялiкую мару. Гэтая мара заўладала iм, ён ёю жыў i служыў ёй. А пачалi нарэшце прыходзiць моманты, калi i вера, i надзея, хоць здалёк, паказвалi яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыццi пачаўся з таго, калi яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмi вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, i цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзi, што поштай можна з Польшчы сюды пiсаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў нi сну, нi спакою, пакуль не паслаў пiсьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпiсаў i цяперашнi свой адрас. Паведамiў аб той мясцiне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць i так, што i адтуль сюды прыйдзе пiсьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пiсьма, пасля - нейкага невядомага лёсу. "Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя i здаровыя, i можа нават не галодныя. А хiба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Палiводскi прасiў ласкi сярод дарогi ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе iх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкi, што зрабiць. Ён будзе думаць, ён будзе раiцца з людзьмi, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!" Самае далёкае, дзе ён бываў - гэта яго поле. Але практыка з самага маленства i iнстынкт падказвалi яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабiць, многае бачыць i чуць i за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкi i фантазii! Гэтым ён цяпер i жыў. Колькi яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзiла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалi заводзiцца грошы. "Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!" Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзiць у кааперацыю i прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купiў з сiняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. "Калi ж небудзь Тамаш будзе такi, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка. А толькi невядома, у якiя годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такiм парадкам за доўгi час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякiя ўзросты: i на дзесяць год, i на дванаццаць, i на пятнаццаць, i на васемнаццаць, i на дваццаць. Усё купляў бацька. Вiселi на вешале ў клецi парамi боты, нагавiцы, вопраткi. Былi плаццi для Лiзаветы i хустачкi, чаравiкi i панчохi... Часамi ж на яго находзiла прасвятленне. Ён як бы адпiхаў ад сябе гэты пусты занятак i ўпадаў у думку, што рабiць, сапраўднае, вялiкае, выразнае i сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго цiхай цярплiвасцi. Нават сядня на калодзе сярод двара пакiнула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей i як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылi ў навакольных мястэчках на кiрмашах, каля цэркваў i касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта i без прычыны. Ён пытаўся i раiўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пiсьмы бадай што цераз дзень.