Выбрать главу

Усiм пачало здавацца, што ён рабiўся больш гаваркiм, i панурасць сыходзiла з яго. Аднак жа нiхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень пiў атруту. I дзiўная рэч. Хоць час iшоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзiлi босыя Тамашовы ногi, калi ён, у тую навальнiчную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькi малога i Лiзавету толькi ў мацi на руках. Па-сапраўднаму ён нiколi не задумаўся аб тым, што годы iдуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамi ўжо льга было ў iм заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасцi. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная iм усмешка малой Лiзаветы! Маланка, i свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаiць мокры, вада. Босыя ногi яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслiвае! Нехта злы i чорствы, нехта той, што i яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзiў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывiды, а выразна ява: гром i маланка, навальнiца разрывае зямлю i, здаецца, крышыць на ёй усё. I ўсё ахоплена страшным сваiм утрапеннем. Пад громам i агнём, пасярод дарогi, постаць худзенькага хлопчыка.

Аднойчы ён, як i часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыi. Там прадавалiся люстэркi. Адно вiсела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка i сумеўся: ён такi даўно не бачыў сябе i не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сiвыя валасы. "Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькi год?! А колькi? Мусiць, многа?! Як жа гэта я нiколi не лiчыў гадоў?" Увесь той дзень ён правёў у одуме i суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не iшло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькi есцi хлеб, але каб разам з iм елi яго i Тамаш, i Лiзавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо нiколi не глядзеўся ў люстэрка.

IV

У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка i выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькi што мiнулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полi. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, i, калi сонца высвечвала з-за высокiх хмар, адзiнокi падарожны, як здзiўленае дзiця, прыглядаўся да яснай зелянiны, i твар яго свяцiўся, як i шырокi свет у той момант. Ён усё iшоў i iшоў шпарка. За адзiн дзень ён дайшоў да Пiлiпавiч, дзе тырчэлi каля шашы яшчэ некаторыя адзнакi былой гранiцы. Да гэтага месца ён iшоў яшчэ, як бы раздумваючы i сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змянiўся. Каб чалавек, якi добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калi ён, мiнуўшы Пiлiпавiчы, спынiўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скiнуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамi ператваралася ў свядомасцi, як бы нейкай асуджанасцi навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: "Яно было. А вы хiба хочаце, каб нiколi нiякай прыкрасцi не было? Затое цяпер!" Уся яго пастава i выраз твару былi ў часе гэтага падарожжа рухавымi вельмi. На станцыi Гарадзеi ён сеў у поезд i праз паўдня выйшаў з вагона на нейкiм занадта ўжо цiхiм паўстанку. Доўгi рад старых i высокiх дрэў - лiп, дубоў, бяроз, явараў i вязаў - iшоў ад паўстанка проста ў чыстае поле i там канчаўся. Лiсцё пад дрэвамi ляжала яшчэ жоўтае, i, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мiнуў дрэвы i пасля нядоўгiх пошукаў знайшоў у полi вялiкi камень. На абымшэлай яго паверхнi аставалiся сляды таго, што тут начавалi птушкi. I гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень i стаў кiравацца ад яго да вузкай i доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вiлася памiж i навокал кустоў шыпшыны i паўз удзiрванелыя межы. Пасля яна выбiлася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восенi нiколi не было i не будзе. Рудымi жалудамi была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннiк густа стаяў над сваiм уласным лiсцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кiнулася ў куст, драбнюткае лiсце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокiм сцябле звесiла жоўтую галаву. "Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?" А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блiзасць. Недзе тут блiзка iдзе цiхае асенняе сонца! Хiба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць i шукаць i дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!