Выбрать главу

На тых сумлiцкiх сенажацях, што былi пры дарожным скрыжаваннi, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагоднiх дрэўцаў. Яны скошвалiся з травою разам штогод i штогод зноў насявалiся i пасля зноў скошвалiся. Без канца i меры iх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаваннi дарог. Гэта быў волат на рост i таўшчыню. Сумлiчане казалi, што на ўсю вялiкую акругу тут не знойдзеш другога такога вялiкага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнiмалася над дарожным скрыжаваннем i вiдно было здалёку, дзе б хто нi ехаў. Кара яго пабiлася на гузы, з якiх ад карэння да вяршалiны раслi парасткi, i так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва i было падобна на магутную скалу, але дзiва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькi насення. На сенажацях штогод густа вылазiлi з зямлi скрозь маладыя дрэўцы i гiнулi пад касою. На навакольным полi плугi выварочвалi iх сотнямi. На абочынах дарог iх тапталi пешаходы. Разам з травой iх усюды з'ядала жывёла. Iх ламалi дзецi дзеля забаўкi. А праз год iх зноў было густа, i зноў усё iшло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзiлi з калясьмi, i куды не дабiвалася жывёла, i дзе не хадзiла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калi завяршылiся i дайшлi да новых сваiх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасцi i радасцi тых людзей, пра якiх я тут расказваў, з Сумлiч да шашы забрукавалi выезд i ў адным месцы клалi мост цераз лог, даволi-такi вялiкi. Падымалi насыпам дарогу i зямлю на гэта бралi з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялiкага дрэва. Там стварылася вялiкая яма i два дугаватыя равы - як дзе капалi. З самай вясны тут стаяла вада, i ўвосень таксама. Берагi да вады былi крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бiтае каменне, кучамi i рассыпанае, i ў гэтым месцы патомства вялiкага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае i само iшло ўгару, а пад iм слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакi i глушыла суседа, якi таксама выбiраўся голлем у разлегласць. Такiм парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснiкам. Зараснiк аблямоўваў яму i спускаўся на самае дно яе i хаваў пад сабою два равы. Над гэтай непраходнай раслiннасцю ўзнiмалася колькi даволi ўжо высокiх таполяў, ужо сапраўдных вялiкiх дрэў, а наводдалек, як асiлак i аглядальнiк на цэлую навакольнасць, узвышалася вялiкае дрэва, усёй вышынёй зялёнае i ўпартае ў бесперапынным змаганнi з навакольным светам за сваё патомства. Толькi адна-адзiнюсенькая галiна на iм пад сярэдзiну яго вышынi, была сухая i вытыркала з густой зелянiны. Гэта было вельмi высока. Чалавек павiнен быў крута закiдаць галаву i трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галiну. На ёй нагледзелi сабе месца адпачываць удзень ад клапатлiвай стомы палявыя каршачкi i заблудлыя здалёку птушкi. Гэты куток на скрыжаваннi дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа на вялiкiх дарогах i ад цяжкiх думак аб невядомасцi канца дарогi. Больш як за дзесяць кiламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалi, цi скора ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вiсеў над зямлёю, а вяршалiна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ужо ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьцi глыбока i далёка.

Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлiчыў, колькi ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзiў з сенажацi некалькi самых большых дрэўцаў блiжэй к вялiкаму дрэву. Калi ён назаўтра паглядзеў на iх, убачыў, што нечыя ногi паспелi ўжо стаптаць iх. Ён зноў перасадзiў некалькi дрэўцаў, але ўжо ў iншае месца. Праз два днi ён выразна ўбачыў: i гэтыя былi стаптаны нечымi ботамi з шырокiмi абцасамi. З таго часу ён наглядаў i бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалi, што дрэўцы тапталiся i ботамi, i лапцямi, i босымi нагамi, i жаночымi абцасiкамi. Гэтыя таптуны хадзiлi тут кожны дзень. Кудысьцi яны iшлi ўсё гэтымi дарогамi. За працаю ў полi i на сенажацi Нявада пачаў кiдаць вачыма на дарогi i глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы i шматлiкi, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён iшоў i ў лапцях, i ў ботах. Адзiн з торбай за плячыма, другi з чамаданчыкам у руках i ў капелюшы. Часамi таптун з'яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмi часта ён садзiўся цi лажыўся пад вялiкiм дрэвам на скрыжаваннi i спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгi час перасаджваць дрэвы. Ён пакiдаў у памяцi на доўгi час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялi машыны i iшлi пад дрэва пiць i закусваць, фурманшчыкi папасвалi сенам i аўсом тут конi. Можа i многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымi. Можа ўжо не сотнi, а тысячы перавярнулася iх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасцi i ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаваннi спынiлася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзiў галаву з кабiны i сачыў, як з самога грузавiка злезла зусiм маладая дзяўчына. Яна скланiлася яму, быццам дзякавала цi развiтвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабiну i паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постацi, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькi машына знiкла, яна вельмi шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася i беспарадна азiрнулася. Позiрк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялiкiм дрэве, яна як бы дзiвiлася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылi Няваду. Ён глядзеў на яе i думаў: няўжо яна, такая дасцiпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзiў. Не больш як паўгадзiны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнiтуры i густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць i моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады:

- Да блiжэйшай станцыi на чыгунцы? Як iсцi? Далёка?

- Унь туды. На Цiмкавiчы... Не. Недалёка.

Яна падзякавала яму i яшчэ акiнула вачыма скрыжаванне дарог. Густы зараснiк над ямай i равамi ўзяў на сябе яе ўвагу. Яна падышла туды. Нявада з непакоем глядзеў, цi зараз стопча яна яго дрэўца. Яна не дайшла да яго, а адразу села на траву пад першым веццем. Яна сядзела на ўдзiрванелым капцы, над якiм i навокал якога дробна траслося на ветры таполевае лiсце, абаперлася локцем на траву i адразу задрамала. "Ага, яна стамiлася за вялiкую дарогу", - думаў Нявада i пачаў шукаць вачыма свайго таго дрэўца. Яно не было блiзка ад соннай дзяўчыны. Паўгадзiны таму яно было на сваiм месцы i ў добрым сваiм стане. Але цi гэта яму здалося, цi сапраўды? Унь ён бачыць яго, утаптанае ў зямлю. Яно ляжыць бокам i тырчыць угару адной галiнкай. Незразумелая трывога разанула яго. Калi ж ён паспеў быць тут, той невядомы падарожны? Нявада падышоў да дрэўца. Яно ўсё было ўвагнана ў зямлю ботам з здаравенным абцасам. След ад абцаса быў глыбокi i шырокi. Незразумелая трывога павялiчылася i ўжо межавалася са страхам перад тым невядомым. Калi ён паспеў прайсцi тут i куды знiкнуць?

Дзяўчына сапраўды-такi спала, прыпаўшы галавой на руку. I яго душа страсянулася. Як быццам ён сумысля шукаў болю на сваю рану, якую не мог да канца залячыць час. К таму ж - трывога i неспакой, што тут хадзiў нейкi невядомы. Ужо адразу яго ўяўленне i думкi нарысавалi карцiну: такая яна маладая i нейкая адзiнокая на гэтых вялiкiх дарогах. Куды яна спяшае, да чаго так нястрымна iмкнецца? I тут ужо адразу з гэтай карцiны паўстала другая, як злая наканаванасць, як смутак яго душы. Ён жа не бачыў i не ведаў калiсьцi, як Волечка, так як цяпер гэтая невядомая, можа, так жа адна спяшалася дарогамi i ў стоме падала на прыдарожную траву. Волечка, не цяперашняя жанчына, а тая дзяўчынка паўставала перад iм. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, цi то ў мiнуўшчыне, цi то ў сучаснасцi, цi то ў будучынi. "Што было, тое прайшло", - мог бы прыдумаць ён сабе ўцеху. Але ж не. Дзе ўжо там да Волечкi! Ужо не Волечка, а другая, вельмi цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад iм. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю мацi i, як жывое ўвасабленне той Волечкi, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучынi. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра. Ён гэта бачыў па сваёй Волечцы i па маленстве гэтай. I яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэтая радзiлася адразу на шчасце. "Тая варта большага замiлавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыццi, як аб вясёлым свяце". З цяжарам на душы, з трывожным адчуваннем, што нешта жудаснае неўзабаве адбудзецца, ён аж прыгнуўся над увагнаным у зямлю дрэўцам, дзе вельмi выразна вызначаўся вельмi глыбокi след ад абцаса. Ён не мог больш быць у адзiноце i нарыхтаваўся iсцi ў Сумлiчы. Калi ён зрабiў першы крок, пачуў, што сонная дзяўчына глыбока кашлянула. Ён бачыў: яна прачнулася i прыўзнялася з локця. "Кашляе, захаладзiлася на вiльготнай зямлi, дзе ж, у нейкiм клопаце, на дарозе, можа, за светам ад свайго месца". Ён быў схiлен бачыць усюды самае горшае. "Мусiць у мяне выгляд дзiўны, што яна на мяне так глядзiць". У высокiх ботах, у выцертым плашчы i чорнай кепцы з гузiкам наверсе, ён рашуча зрабiў колькi крокаў да дзяўчыны, быццам бы маючы да яе самую найпiльнейшую справу. Пячаць асцярогi лягла на дзяўчынiн твар. "Яна мусiць хацела адпачыць адна - i далей у сваю дарогу". Але было позна ўжо моўчкi прайсцi паўз яе.