- А вы далёка куды едзеце?
- А я i сама не ведаю, цi гэта далёка адсюль, цi блiзка.
- Дзе гэта?
- Туды, за Бабруйскам, у бок Гомеля. ("Не, яна вельмi ахвотна i ветлiва гаворыць".) Ужо з учарашняй ранiцы ў дарозе.
- Вы дадому едзеце цi з дому?
Ён бачыў: яна як бы сумелася. Перш за ўсё яна сапраўды ўпала ў задуму. Яна думала над тым, што зараз скажа. Гэта было не зусiм звычайна. Пасярод дарогi, упершыню, на адну можа хвiлiну, яна ўбачыла незнаёмага ёй Няваду. Тут бы абы-што адказаць, таксама як i ён абы-што пытае. А яна думае. "Чыстая, справядлiвая душа, яна цэнiць сваё слова". Нявада аж ступiў яшчэ крок блiжэй.
- Я-то еду дадому, але таксама i з дому... Я еду з дому да бацькi.
- А дзе ж ваш бацька жыве?
- Дома.
- А вы едзеце да яго з дому?
- З дому.
- Гм... значыцца...
Слова за словам, маўчанне пасля слова i перад iм, яна расказала яму гiсторыю, i хто яго ведае, больш тут было суму цi радасцi? Калiсьцi даўно, калi яе яшчэ на свеце не было, бацька яе паставiў сабе новую хату на панскай зямлi i з панскага лесу. Скончылася там права рэвалюцыi, i ён сюды пайшоў i жыў па гэты бок гранiцы, а хатаю заўладаў пан. Калi скончылася i гэтая гранiца, пан раптам убачыў, што, каб мець шчасце, даволi мець адзiн дом, а тым больш панскiя пакоi, i не канешне ўладаць у дадатак яшчэ сотняю хат, пастаўленых калiсьцi простымi людзьмi.
- Гэта пан сам да гэтага дадумаўся цi гэтак навучылi яго, як цанiць чалавечае шчасце? - панура запытаў Нявада. "Як яна гаворыць, як бы з жорсткай насмешкай".
- Гэтай праўдзе пана навучылi.
Адным словам, бацька яе мае цяпер i тую хату, што ставiў у маладосцi, i тую, у якой тут жыў. А яна ж з першага года свайго жыцця два дзесяткi год пражыла без бацькi.
- Значыцца, i ў твайго бацькi ўкралi тваё маленства?
- А чыйго бацьку яшчэ так абакралi?
- Бацьку мае дачкi.
- Значыцца - вас?
Яна ўстала i з сумнай усмешкай глядзела на яго.
- З тае хаты едзеш у гэтую?
- У гэтую.
- Бацьку бачыла ўжо?
- Ужо мы пазнаёмiлiся.
- То чаго вам на чыгунку? Па шашы ў той бок машын многа. Махнуць рукой, i шафёр падвязе аж да месца.
- Я ўчора, пакуль машыну злавiла, выстаяла на шашы цэлае ранне.
- То чаго ж вы ўсталi? Чаму не спачываеце? Дарога вам яшчэ вялiкая.
Яна паслушна зноў села на ранейшае месца, i вочы яе сталi такiмi даверлiвым.
- Я вырасла без бацькi. А бацька пастарэў без мяне. Нам шкада таго, што мы адзiн без аднаго былi. Гэта бацька мне маю душу на гэта настроiў, i добра ён зрабiў. Цяпер я ведаю, што не можна так жыць, абы жыць. Трэба шукаць таго, каго трэба з замiлаванасцю ведаць i каго трэба ненавiдзець.
- Ненавiдзець? Вы такая маладая i гаворыце аб нянавiсцi?
- Аб чым жа мне гаварыць, калi жыццё майму бацьку скалечылi, i маё маленства...
Яна недагаварыла i як бы засаромелася свае ўспышкi перад незнаёмым чалавекам тут, на дарозе.
Гэта было ўвасабленне наiўнасцi, непасрэднасцi, парыў маладой натуры, калi ўсё, што ляжыць на душы, просiцца ў свет. У маладосцi душа i думкi не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасцi. Стоячы цяпер перад маўклiвым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.
"Яна хоча ведаць, каго ёй ненавiдзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павiнен ненавiдзець за гэта ж самае?" I зноў вобраз малой Волечкi вырысаваўся перад iм. I вобраз гэты раздвоiўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю мацi.
- А чаму ж вы жылi цяпер не з бацькам?
- Я вучылася i на лета еду.
- А як жа вы завецеся?
- Лiзавета.
- Што ж гэта так усё сыходзiцца! У мае дачкi таксама дачка Лiза. Год ёй ужо будзе цi не чатырнаццаць.
- Ой! - крыкнула раптам Лiзавета i шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзiўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам унiз перад сабою, i Нявада глянуў туды. Там быў адзiн з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зараснiку. На дне яго расла густая i высокая трава i цвiлi кветкi. Яны, блакiтныя i жоўтыя, вiдны былi праз трапяткое лiсце зараснiкаў, якiя шчыльнай сцяной купчасцiлiся паабапал рова. Лiсце шумела i траслося на ветры. Нявада ўгнуў твар над ровам i, прыглядаючыся, пачаў заўважаць на дне яго, у траве i пад нахiленым нiзка веццем маладых парасткаў, чалавечыя ногi, абутыя ў боты з вялiкiмi абцасамi. Абцас аднаго бота быў у жвiрыстай зямлi. Гэты абцас i стаптаў тое дрэўца! Нявада шатнуўся ад рова i беспарадна глянуў на дзяўчыну, якая як бы чакала першых захадаў ад Нявады. Але ён стараўся перамагчы ў сабе трывожную прыкрасць i разважыў думкамi сам сябе: "Падарожны нейкi спiць. А чаго ж ён залез у самы роў? У вiльгаць? Калi тут трава сухая? Мала што, - душыў у сабе трывогу Нявада. - Усялякая прыгода з чалавекам можа здарыцца".
- А чаго ж вы самi так устрывожылiся?
- Хiба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.
- То я пайду. На станцыю. Нiякай машыны нiдзе няма.
Нявада ўбачыў, што яна i сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася i перашнуравала свой чаравiк i паправiла на галаве хусцiнку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш нiколi не бачыць яе? Ён i сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваiм расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькi на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў: