Выбрать главу

Тры новыя вулiцы пашырылi мястэчка Сумлiчы на поўдзень яшчэ ў першыя гады пасля рэвалюцыi. За ўсе ж апошнiя гады гэтае месца яшчэ разбудавалася, i тут стварылася як бы новае мястэчка пры старым, усё ў маладых, яшчэ невысокiх дрэвах, тады калi над старым мястэчкам узнiмалiся ў неба купчастыя вяршалiны магутных стагоднiх дрэў. Хаты старога мястэчка саступiлi месца дамам i дамкам новага мястэчка, дзе маляваныя вокны i дзверы прасвечвалiся праз зяленiва кустоў, скрозь панасаджваных ад вулiцы i ў дварах. Тут быў адзiн дом, сцены якога, з смольнага кругляка, ужо ад часу пацямнелi, але не так яшчэ, каб скрыць свае годы. Яшчэ ўсюды вiдно было, што дом гэты новы. Дрэвы навокал яго яшчэ толькi ўбiралiся ў сiлу. Яшчэ i смала на бярвеннi не выветрылася i нават не высахла, а блiшчэла сваёй празрыстасцю, так як выступiла з дрэва год, можа, якiх пятнаццаць таму назад. Дом гэты ўвесь скрываўся ў маладых дрэвах. Вузенькая брамка вяла з вулiцы ў сад за задняй сцяной дома. Брамка ўцiснута была ў таўшчэзныя шулы, вымаляваныя зялёнаю фарбаю. Здавалася, што гаспадар меў перад сабою мэту паставiць будынак i абгарадзiць яго навек. З гэтага боку мястэчка пачыналiся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Даўжэзная, можа на кiламетры, сцежка iшла з далёкага поля праз гэтыя паплавы да самага мястэчка. Сцежка канчалася памiж выгараджаных дубовым коллем завулкаў, вулачак, двароў i закуткаў. Доўгая вулачка памiж платамi была працягам гэтай сцежкi i праходзiла паўз сад пры тым бярвенчатым доме. Сад быў абгароджан стаячым плотам з кароткiх аполкаў, па якiх зверху цягнулiся, адна над другой, дзве калючыя драцiны, дзе-нiдзе з шкуматамi з адзежы тых малых смелякоў, што мелi ахвоту бываць без патрэбы гаспадару ў гэтым садзе, у якiм не было анiводнага старога дрэва. Усё маладыя яблынькi i iгрушы. Вiшняк ужо аж плот, здаецца, глушыў, так ён разростаўся тут кустамi на ўсю даўжыню саду, i куры павыгрэбалi пад iм да самага пяску гнёзды на дрымоту гарачым поўднем. У гэтым скрытым вiшняком плоце адзiн аполак быў сарваны з цвiкоў i так стаяў на сваiм месцы, прыстаўлены да жэрдак. Да гэтага месца раз перад вечарам з паплаўной той сцежкi падышоў Нявада. Ён быў такi ж самы, як i тады, калi павёз на шашы параненых дзяцей: у высокiх ботах, у выцертым i злiнялым плашчы, з сукаватаю палкаю. На палку ён апiраўся i злёгку накульгваў. Спачатку ён хацеў увайсцi ў брамку з вулiцы, але яна была ўзята на засаўку з сярэдзiны. Нявада пастукаў i, не прычакаўшы адказу, пайшоў да адарванага аполка. Прыгнуўшыся, ён улез праз дзiрку ў вiшняк i хiстануўся назад ад нечаканасцi: проста перад iм, на перагрэбенай курамi зямлi, пад запыленым вiшняком, ляжаў незнаёмы яму чалавек, i як бы нават нежывы. Нявада адумаўся не адразу. Можа хвiлiн пяць ён стаяў, сагнуўшыся ў дзiрцы, i глядзеў на чалавека. Барада яго была задрана ўгару, i левая рука адкiнута. Дробная птушка спусцiлася на гнуткай галiнцы да самага яго твару i паляцела. Нявада пасмялеў i прайшоў у двор паўз чалавека. Яго ўразiла жудасная цiшыня ўсюды. Свiронак быў адчынены, i на парозе яго спакойна сядзеў пацук i шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Хвост яго звiсаў з парога на самы ганак. Верабей напрамiлы Бог крычаў перад ганкам i дабiваўся таго, каб пацук ачысцiў яму дарогу ў свiран. Гэты малюнак кальнуў Нявадаву душу мацней, як выгляд нежывога чалавека пад вiшняком. Тут ужо было не чалавечае ўладанне, тут ужо няма чаго рабiць чалавеку. Апанаваны бадай што мiстычным жахам, Нявада ўбег у хату. Дзеля гэтага ён адарваў замок ад прабоя. Замок быў зусiм немудрашчы i пагнуты. А сапраўдным замком, добрым, была замкнута брамка з сярэдзiны, з двара. Брама ж была забiта цвiкамi. Усё было зроблена сталым парадкам i па-гаспадарску, i гэта ўвяло Няваду ў раўнавагу: значыцца, яны пакiнулi дом у добрым одуме, могучы агледзецца. У гэтым ён i цяпер быў упэўнен. А цi дабегла тады малая дадому? Напэўна, бо унь сярод двара валяецца жоўты чаравiк з той пары, у якой яна тады ехала з iм. А як усё адбылося i цi разам усе яны? А чаму ж iм не быць разам? Дзiўная рэч, але ў часе гэтых сваiх меркаванняў ён нават i не падумаў, што гэта за мярцвяк i чаму ляжыць у яго ў двары. Можа ён за гэтыя днi, пакуль вёз дзяцей i назад дадому дабiраўся, нагледзеўся ўсяго i ўтупеў на ўражаннi як мае быць, а можа, натуру меў такую, але цяпер ён разважаў сам з сабою i азiраў усе куткi, як бы развiтваўся з iмi. "О, яны сапраўды добра выйшлi адсюль: шафы пустыя i вешала пустое. Адзежу ўсю пабралi. Вось i куфар стаiць, пусценькi, як ёсць. Нават адчынены. I мае новыя боты забралi. Маладцы. Але ж куды яны выбралiся? Што ж, я ў гэтых старых чаравiках буду? Яшчэ калi я iх i дзе знайду?"

Ён быў упэўнен, што ў адчыненым куфры i прыскрынак пусты, але, пакiдаючы, i (хто ведае), можа, назаўсёды, свой дом, ён адкiнуў у прыскрынку вечка ўгару. Цэлы жмут панчох, як i заўсёды. Зялёныя рукавiчкi. Ён адгроб з месца гэтую драбязу i бадай што не крыкнуў: "Дык яны ж у неспакоi пакiдалi дом! Бо не пакiнулi б яны тут усяго гэтага". Вялiкае ўтрапенне ахапiла яго. Ён выграб з прыскрынка гадзiннiкi, пярсцёнкi i крыж, з бразгатам спусцiў усё гэта ў кiшэнi свайго пiнжака пад плашчом i пакiнуў дом. Як бы яго хто гнаў адгэтуль. "Божа мой, iх можа ўжо i жывых не быць". Зноў ён прайшоў паўз нежывога чалавека i выйшаў з сялiбы праз дзiрку. Нiдзе не было нi душы. Сонца стаяла над захадам. Нявада абстукаў хат дзесяць, i ўсюды панавала цiхая пустэча. "Няма i дазнацца ў каго, дзе яны". Ён iшоў пустымi вулiцамi i нiдзе не спаткаў нi душы. Рой мошак вiўся перад яго тварам. Вялiкая жудасць ад гэтай пустэчы ўладала iм. Няўжо ён дажыўся да поўнай адзiноты на сваю старасць? Пустое паселiшча страшней за ноч над пустыняй. Ён пачаў выходзiць з мястэчка i на самым выхадзе ўбачыў выклееныя аб'явы. Адна была на вялiкiм лiсце паперы, астатнiя - на меншых. Усе яны лiпелi на сцяне самай крайняй хаты, малой i старой. Было падобна, што той, хто выклейваў аб'явы, баяўся ўвайсцi глыбей у мястэчка i, абы-як прыткнуўшы да першай сцяны паперу, даў ходу з вулiчнай пустэльнi. Нявада пачаў чытаць аб'явы. Самая большая была аб тым, як павiнна трымаць сябе насельнiцтва ў занятых нямецкiм войскам вобласцях, а значыцца, i ў тутэйшай акрузе, i дзе па акрузе ўстанаўляюцца камендатуры, воласцi i палiцэйскiм цэнтры. Пасля там гаварылася аб абавязку кожнага, хто не хоча быць расстраляным або павешаным, вывiжоўваць армейскiх камандзiраў, камiсараў i камунiстаў. Аб'ява, цi, праўдзiвей сказаць, загад быў выдрукаваны густымi лiтарамi, а ўнiзе чорнымi лiтарамi стаяла: "Акруговы камiсар цывiльнай нямецкай улады Густаў Шрэдэр". А ўпоперак цераз увесь загад сiнiм алавiком размахнулася рэзалюцыя: "Пацалуй сабаку ў скiвiцу". Побач гэтай была другая, меншая аб'ява. Валасны бургомiстр загадваў усiм сумлiчанам вярнуцца ў мястэчка i ўзяцца кожнаму за сваю работу, а калi гэтага не будзе, то...

Нявада не паспеў дачытаць да канца. Страшны смутак здушыў яму душу. Тады страшны злодзей украў у яго Волеччына маленства. I вось цяпер прыйшоў час развiтацца з усiм тым, што, як трава на руiнах, вырасла на ўтаймаваным болю. Нiчога ўжо няма больш у яго. Ён адзiн. Адарваўшыся ад нямецкай паперыны, ён паклыбаў назад у вулiцу i завярнуў у двор чацвёртай хаты. Гэта была яго старая хата. Ужо многа год яна пуставала з забiтымi дошкамi вокнамi, але не дзвярыма: тут стаялi кросны, i час ад часу Волька прыходзiла сюды ткаць зрэб'е на мяшкi i ручнiкi. Ключа ад дзвярэй у яго не было. Гэта быў вялiкi ключ. Праз дзiрку, пракручаную ў вушаку, ён пасоўваў засаўку з сярэдзiны. Ён ададраў дошкi ад куткавога акна ў двары, улез праз акно ў хату i адчынiў сенцы. Палiцы на сценах, жорны ў кутку, старасвецкая засаўка пры вушаку, лескi на гару, вешала ўздоўж сцяны, шчылiстыя дзверы ў клець i акенца без шкла, прапiлованае ў адным бервяне, - усё захавалася ў гэтых сенцах, як было дваццаць год таму, i нават больш, тады, калi яго Волечка была малая i адна жыла тут, калi ён быў на вайне. Больш таго. Усё гэта было тут i тады, калi ён сам быў зусiм малады. Ён i сваё вяселле гуляў у гэтай хаце. Божа мой, як пражылося гэтулькi часу! I заўважыць цяжка. Успамiны апанавалi яго. Ён зачынiў сенцы, увайшоў у хату i прылёг на голы палок. Зусiм вечарэла. Ён усё ляжаў i думаў. I ўяўлялася яму, што гэта ён павiнен зноў пачаць сваё жыццё спачатку. Але ж не! Тады гэтая хата была новая, а цяпер унь жа трухлiна сыплецца са сцяны! I Волечка ўжо старэць пачала, i малая Лiзавета, Лiза, стаiць перад сваiм юнацтвам, усё ж гэта ўжо заняло навекi сваё месца, i ёсць, i iснуе, i знiкнуць не можа. I калi ўсяго гэтага няма, дык, значыцца, страшны злодзей зноў з'явiўся i адрывае ад душы жывасiлам усё, чым жыве яна. Зноў пустошаць душу! Забiваюць дых! Абкрадаюць! Жывяцца чужой душой i жыццём яе! Нявада прахапiўся i прайшоўся па хаце. Стаяла ранняя ноч. Месяц свяцiў праз адбiтае акно. I ў палавiне хаты даволi вiдно было. Цiшыню, якая стаяла на мястэчку, цяжка было вытрымаць чалавеку. Але горш за цiшыню была адзiнота. Гэта была магiльная адзiнота, але чалавек аставаўся жывы. Нявада рашуча пайшоў да парога, каб зусiм пакiнуць не толькi хату, але i Сумлiчы. Як толькi ён спусцiўся з трох каменняў, якiя на месцы ганка ляжалi пад парогам, ён убачыў, што Волька ўвайшла з вулiцы ў двор i ўбачыла i пазнала яго. Яна пайшла проста да яго. I ў гэты момант скончылася яго адзiнота. З якой радасцю ён цяпер падначалiўся Вольцы, такой, якую ён бадай што i не ведаў. Бачачы гэтую жанчыну, ён адчуваў, як знiкае з яго душы смутак па Волечцы i па яе двайнiку - цяперашняй Лiзе.