- Дзе ж ты так доўга быў? - шпарка шаптала яна.
- Пакуль я знайшоў, хто б гэтых дзяцей адправiў куды лячыць, - як апраўдваўся ён.
- А чаму ты кульгаеш?
- Падбiўся, назад iдучы.
- А чаго ты сядзiш адзiн тут?
- А дзе ж я мог каго знайсцi? Што гэта з нашым домам адбылося? Хто гэта ляжыць там мёртвы пад вiшняком?
- У нашым доме было тое, што i ў iншых дамах. Мы ўжо ведалi, што немцы ўжо мiнулi нас. А ўсе датуль спадзявалiся, што iх адгоняць. Усе i Костусь пайшлi мабiлiзавацца i не знайшлi нiкога нiдзе i вялiкiм натоўпам варочалiся назад. На шашы яны адабралi кулямёт у нейкага лейтэнанта, якi iмчаўся з фронта на грузавiку. Нашто iм быў той кулямёт? "Каб было смялей", - казалi ўсе. Тым часам ён i спатрэбiўся. Iх было чалавек сорак. Немцы зайшлi абходам i сядзелi паўз дарогу. I пачалi iх абстрэльваць. Мужчыны навялi на немцаў кулямёт. Немцы прыцiхлi, i мужчыны з кулямётам вярнулiся ў мястэчка. Наш дом, прызналi, стаiць у глушэйшым месцы, i кулямёт паставiлi да нас, а самi разышлiся па хатах. Прыцiхлi ўсе i занялiся кожны сваiм. А было сярод мужчын чалавек пяць невядомых, што таксама не знайшлi дзе мабiлiзавацца i варочалiся назад. Адзiн з iх пабег да немцаў i навёў iх на мястэчка i на наш дом. Немцы забралi кулямёт i палiчылi, што Костусь, раз у яго кулямёт, камандзiр нейкага атрада супроць немцаў, i ўжо былi забралi яго, але яму ўдалося выскачыць i ўцячы. Невядома, дзе ён цяпер. Немцы запiсалi сабе яго i нас усiх. Яны абчысцiлi наш дом як ёсць - i тое, у што адзявацца, i тое, што есцi. На адыходзе яны ў нас на двары застрэлiлi таго, што навёў iх на мястэчка i паказаў, што ў нас кулямёт, i згiнулi некуды, пакiнуўшы выклееную на нашай браме паперку, пiсаную рукою, што калi наш Костусь сам не явiцца да немцаў, то ўсё мястэчка будзе спалена, а местачкоўцы, кожны дзесяты, будуць расстраляны. Прайшло два днi. Як на тое iшлося, што Костусь увечары прыйшоў дадому. Аж якраз за нашым домам падглядалi i ўбачылi Костуся дома. Ноч прайшла спакойна. А ў познюю ранiцу назаўтра наехала поўнае мястэчка немцаў, але i не толькi немцаў. Былi ўжо i тутэйшыя, каторыя да немцаў у палiцыю паспелi падацца. Сагналi ўсiх, каго запарвалi, бургомiстр загад прачытаў, што каб выказалi ўсiх сумлiцкiх камунiстаў, а некаторых, каторых ведалi, тут жа прозвiшчы i прачыталi з спiсаў. А пасля Костуся ўспомнiлi: ён нават кулямёт меў i арганiзоўваў атрад. Дзе ён? Хто ведае? Мы ўсе стаялi ў натоўпе - я, Костусь i Лiза. Нас як захапiлi дома, так i прыгналi разам з усiмi. "А унь ён!" - паказаў на Костуся пальцам цераз галовы ўсiх адзiн тутэйшы баязлiвы дурань. А кругом натоўпу немцы стаяць з аўтаматамi, густа, як плот. Костусь як стаяў, так i пайшоў праз натоўп скрыцца. Усе расступiлiся, каб яму вальней было. Але за iм ужо беглi два палiцэйскiя i чатыры немцы. Ён бег, па iм стралялi, ён кiнуўся ў разору памiж буракамi, Лiза гэта бачыла. Па ўсiх агародах пачалi страляць. Тым часам усе людзi пачалi разбягацца. Мы з Лiзай яшчэ забеглi дадому, замкнулi сенцы i забiлi цвiкамi браму. Каля таго мерцвяка пралезлi ў дзiрку i з таго часу туляемся па полi i лесе. Некаторыя пачалi варочацца назад у мястэчка. А дзе Костусь мы не ведаем. Можа i ён нас шукае, але натрапiць адно на другое не можам.
- А дзе Лiза?
- На вулiцы сочыць, каб не iшоў хто. Мы з ёю пасля заходу сонца прыйшлi дадому - можа, Костусь, а можа, i ты дома. Як аполак да дзiркi прыстаўлен быў ты, бачым, гэта твой спосаб аполак так прыстаўляць. А той нежывы ляжыць, смярдзiць ужо. Божа, увесь двор запаганiць! Мы з Лiзай выкапалi яму пасярод завулка, каб не ў сваiм двары, выцяглi гэтую падлу паскам за ногi i засыпалi ў яму. Як бачыш управiлiся.
- Цi глыбока хаця яму выкапалi? - гаспадарскiм тонам абазваўся Нявада.
- Глыбока. Будзе з яго... Мы падумалi, што ты тут. Дзе ж ты iнакш будзеш.
- Гэта мая родная хата!
- Божачка! Чаго ты! I мне гэтыя сцены многа даюць сцiску ў грудзях... Але цяпер я пайду падмяню Лiзу, няхай прыйдзе паспiць хоць на голым тапчане, а ты таксама паспi, калi аж закульгавеў бродзячы.
Яна адразу знiкла дзесьцi на вулiцы, высокая ў цеменi, тонкая, у гаматной мужчынскай вопратцы. "Божа, хiба я спаць буду", - падумаў ён i шпарка рушыў услед за ёю на вулiцу. Ён ужо ледзь бачыў у змроку яе постаць, але да яго iшла Лiза, яна здалася яму высокай. Было падобна, што ён у момант вылечыўся ад свае балячкi, што так мучыла яго яшчэ здаўных: дарэмна балела яго душа аб ёй, як аб бездапаможнай i беспараднай пакутнiцы, калi яна цягла паскам у яму мерцвяка i нiбыта што. Божа, як ён глядзеў цяпер на яе - яна iшла паволi i як бы не ведаючы, што ён тут. Здаецца, яна зараз пройдзе далей. "У каго ж яна ўдалася такая сталая?" Але ж ён не бачыў i не ведаў, якая была Волечка, калi жыла калiсьцi адна i арала зямлю.
- Ведаеш што, - сказала Лiза да Нявады, - не трэба спаць, нехта iдзе агародамi, я глядзела, як ён то прыгнецца, то выпрастаецца. У вулiцу ён не пайшоў. Мацi стаiць ля канцавой хаты.
- Дык няхай сабе iдзе хто там дзе ходзiць!
- Дык мы ж бацькi чакаем! А можа ён гэта.
Гэта быў ён. I ўся сям'я яго апанавала. Здавалася, што ён сам не чакаў такога шчасця. Вось што ён сказаў: - Немцы злавiлi на дарозе нейкага чалавека. Ён iм здаўся падазроным. Яго пыталi пра тутэйшых камунiстаў. Бургомiстр i пра мяне запытаў. А той, каб трапiць пальцам у неба, сказаў, што ён чуў пра мяне, як пра самага завадатара. Я гэта ведаю вось як: мы злавiлi аднаго палiцая, а ён ад страху ўсё i расказаў нам. То калi мы раней так сабе хавалiся, дык цяпер, рад-няволя, а трэба здабываць зброю. Мне жыцця ўжо не будзе, а праз мяне i вам. Камунiста нiводнага яны цяпер у Сумлiчах не знойдуць, бо iх няма ў мястэчку.