Выбрать главу

Ён быў такi ўзбуджаны, што аж заiкаўся:

- Тут на мястэчку будуць чуцца людзi, дык вы не бойцеся. Гэта нашы сумлiчане варочвацьмуцца дадому. Вам лепш сядзець у старой хаце, нават ад вулiцы i дошчак з вокан не знiмайце. Сюды менш дабiвацца будуць. Прыбяжыш, Лiза, зранку да мяне на Драчы Лужок, скажаш, як ноч прайшла.

Ён перацалаваў усiх i пайшоў у канец вулiцы. Утраiх яны вярнулiся ў старую хату i на голых дошках прычакалi ранiцы. Трэба было жыць далей, а яно не жылося. З iх траiх адна Лiза не заўважала, што гэтая старая хата стала над жыццём, як помнiк над магiлаю. Яна нiколi не жыла ў гэтай хаце i не ведала, што ў ёй так было i дваццаць пяць год таму назад i ў ёй пакутавала Волечка. А цяпер Волечка ў новым вобразе зноў вярнулася ў гэтую хату. Але Волечка ўжо гэтулькi пражыла на свеце i назад прыйшла, але не з лёгкiм сэрцам, а з пакутаю ў сто разоў цяжэйшаю, як тады. Лiза нiчога гэтага не ведала. Шчасце гэтай маладой душы было ў тым, што яна жыла тым днём, якi бачыла, i не мела карэнняў для думак у глыбiнi чалавечага веку. Ранiцаю яна знайшла бацьку ў Драчым Лужку i ўбачыла там усiх сваiх сумлiчан. Яна зноў убачыла такi самы кулямёт, якi тады быў у iх доме, i яшчэ такую зброю, якой дагэтуль не ведала. Яна сказала яму, што ноч была спакойная. I вось здарылася тое, што выходзiла за межы звычайнага: бацька прытулiў яе да сябе i цалаваў у галаву, гаворачы:

- Дзяўчынка ты мая, дачушка.

Яна бачыла: прыйшла часiна такая, што нават такi аўтарытэт, як родны бацька, перайначыўся, i рукi яго дрыжэлi, калi ён трымаў яе плечы. Сама не свая, яна iшла назад той сцежкаю праз паплавы i ўбачыла, што брама таго дома, дзе яна радзiлася i вырасла, адчынена i ў двары там поўна людзей, i нiводнага знаёмага твару. Сэрца яе заныла: там, перад вокнамi, на круглай градцы, раслi два кусты ружовага кракосу, якiя яна садзiла i палiвала.

Больш яна ўжо не падыдзе да iх! Каб не гэты кракос, можа яна i не адчула б усяго, што сталася. Калi яна паспрабавала расказаць мацеры, што бачыла дома чужых людзей, мацi ёй сказала:

- На нас вялiкая напасць: нашага тату лiчаць не тым, хто ён ёсць: ён жабы нiколi сумысля не забiў, а думаюць, што ён набраў сабе войска i камандуе iм. Наш дом займае пад пастой палiцыя. Цяпер тата дадому не паткнецца. Iдзi зноў да яго i раскажы гэта яму.

- Я сам пайду! - быццам раззлаваны чым, абазваўся Нявада.

Твар яго быў белы, i плечы калацiлiся. Здавалася, што яго ўразiла громам i ён праз цуд астаўся жывы. Нейкi ўскудлачаны, з дробнаю падстрыжанаю бародкаю, у нязменным сваiм вылiнялым i пазацыроўваным плашчы i высокiх ботах, ён, як вецер, рушыў з хаты. Лiза ледзь паспела гукнуць яму наўздагон:

- У Драчым Лужку! Спяшайся. Бо надвечар iх ужо там не будзе!

На вулiцы было многа людзей: сумлiчане варочалiся дахаты. Гэта спадабалася Няваду i дало яму больш спакою. Хоць i кульгаючы, але вельмi шпарка, даляцеў ён да Драчага Лужка. Кастуся ён знайшоў у заклапочаным небыце. Не зважаючы на гарачае надвор'е, ён стаяў у суконнай жакетцы i курыў, высокi, танклявы паводле росту, з рыжаватым шчацiннем з тыдзень няголенай барады.

- Ну што? - спаткаў ён нават як бы няветлiва Няваду.

Нявада расчырванеўся тварам i, як пачаў гаварыць, закашляўся, i на адным воку ў яго блiснула сляза - ад хвалявання цi ад ветру.

- Костусь, я прыйшоў, каб параiцца з табою. Цяпер стаiць справа так, што трэба дбаць як мага аб тым, што каб жыццё захаваць дзеля таго, што прыйдзе пасля, дзеля будучынi, не мае, не, я ўжо стары, а дзеля твае дачкi Лiзаветы. Яна ж стаiць напроцi свайго веку. Люты звер, што сеў цяпер жалезным азадкам на галаву нашу, не вытрымае век-вечны. Дык хто ж тады будзе жыць, калi жыццё змарнуецца? Чалавеку жыццё раз даецца.

- Дык жа жыць не даюць! Але да чаго гэта ты ўсё гаворыш?!

- Я не гавару, я раюся. Як лепш зрабiць? Можа, каб ты прыцiх дзе, каб пра цябе i куры не пяялi, i так доўгi, доўгi час, аж пакуль забудуцца ўсе, што ты ёсць, цi быў на свеце, а тады ўсё мiнецца на свеце, i зноў жыць! Жыцця не ўхаваеш - сам толькi на сябе ў апошнюю хвiлю наракацьмеш. Ты цiхом можаш ад усiх жыць, i ўсе пра цябе забудуць. А ты будзеш чакаць прыходу спакою i радасцi для твае Лiзы. Цi памятаеш ты, як было Волечцы, калi ты застаў яе адну ў хаце? Бо калi натурыцца, то ты адзiн цi вас хоць тысяча збярэцца, цяжка парадзiць што. Бо гэта жалезны звер! Я на дарозе бачыў, як толькi дзiцячыя косцi трашчалi пад жалезным колам. Божа мой, Божа мой, нявiннае дзiцячае вока глядзiць на жалезнае кола i ведае, што над колам чалавечая галава. А галава кiруе кола на дзiця, i трэск дзiцячага чэрапа так страсяне чалавечую душу, што яна павек-вечны спакою мець не будзе, пакуль смерць не выветрыць яе з цела i яна стане нiчым. У маiх вушах стаiць трэск дзiцячых касцей, хоць нада мною цiхае неба ў зорах i захад датлявае спакоем, i цiхая ноч стаiць як шчасце маё, што я сам з сабою...

- Не рвi ты мае душы! - панура i злосна абазваўся Костусь Лукашэвiч. Каб ты не зачапiў мне сэрца, можа б я i паслухаў цябе. Бо я нават лаяцца не мог, а нi тое каб... Цi гэта мая натура такая, што конча мне трэба бадзяцца тут... Здаецца б, зараз пацалаваў бы сваю малую Лiзавету ў ногi i за гэтую пакуту маю нямецкiмi галовамi выбрукаваў бы дарогу, па якой яна iшла б у свой шчаслiвы дом... Давёў ты мяне да слёз, стары. Я цябе не паслухаю. Я не паверу табе, што будзе цiхае чаканне...

- Што цiхае чаканне! А так да чаго ты дойдзеш?! У тваiм доме ўжо асталёўваюцца палiцаi.

- Дык няхай не будзе нi дома, але ж не будзе i палiцаяў! Многа iх?

- Я iх не бачыў.

- Я дрэвы садзiў, i яны раслi разам са мною! Каля твае старое хаты я быў клён пасадзiў. Дык як жа я пакiну iх, каб яны былi, а мяне не будзе! Мне ж жыць не даюць. Дык у мяне кiпiць усё ў душы. Мне хочацца рваць яго на кавалкi за тое, што ён прыйшоў да мяне i хапiў мяне за горла!

Нявада выслухаў i прыгнуўся, быццам бы пераскочыць праз што хацеў.

- Дык хоць дзе ты будзеш, дзе шукаць цябе? I што рабiць Волечцы i Лiзавеце?

- Няхай пабудуць у старой хаце.

Нявада занадта добра ведаў Лукашэвiчаву натуру, каб не бачыць цяпер, што можа хiба толькi калi пасля льга будзе ўцягнуць яго ў цiхае чаканне таго добрага, што прыйдзе.

- Я сам вам абзавуся, - сказаў сумна Кастусь Лукашэвiч, i Нявада пайшоў з прыгнечанай душой. Але ў Сумлiчы ўвайсцi яму не можна было. Усюды стаялi палiцэйскiя вартавыя, мястэчка было абкружана, i па хатах хадзiлi i шукалi зброю. Няваду запынiлi на дарозе i грозна запыталi, цi не ведае ён, дзе тыя, што не варочаюцца ў мястэчка i збiраюць зброю. "Не ведаю, каб я так жыў", так схлусiў ён i таму, што хлусiў, закалацiўся, заныў, спалохаўся.

- А дзе ты быў? - запытаў палiцай.

- Я хадзiў глядзець ягад, можа, ёсць.

- Ягадак захацеў.

- Не, якiя там мне ягады.

- Бач ты, ласунчык на ягадкi! Франт з падстрыжанаю бародкаю, здзекаваўся з Нявады нейкi тутэйшы хамула ў форме нямецкага палiцэйскага. У Нявады ўсё сцiснулася ўсярэдзiне. Быццам бы ён праглынуў жывую жабу i яна ў iм жыве i скача, халодная.