- Бо ты, - абазваўся Сымон Ракуцька, - па-сабачы спадзяваўся на сваё шчасце. Няхай бы ты зерне сеяў i хлеб жаў, а то ты бачыў сваю радасць у тым, што нехта пойдзе, як ты кажаш, на ўсход, чалавечыя косцi трушчыць i кроў лiць. Як свет стаiць, то яшчэ не было вядома каб на нянавiсцi вырасла шчасце, а радасць на чужой бядзе.
- Дык куды ты цяпер маеш iсцi? - панура запытаўся Тамаш. - А цi ведаеш ты, што калi разабрацца, то я сам павiнен быў бы табе адразу галаву зняць за тое, што я вырас без права чалавекам звацца на сваёй роднай зямлi!
Акаловiч змоўчаў, а пасля адказаў:
- Куды маю iсцi? Мне цяпер трэба, каб хто павёў мяне за руку. Але ў мяне ажывае i ўжо гарыць прага расквiтацца з Палiводскiм. Ён згубiў мяне. I не толькi мяне аднаго ён пацягнуў на гэтую сцежку.
- А Палiводскi хiба чуцён дзе!? - ажывiўся Сымон Ракуцька.
- Палiводскi начальнiк акругi. I цяпер бывае часта ў тым сваiм маёнтку, якi калiсьцi прагуляў у карты, калi мяне яшчэ на свеце не было. Я спатыкаў тут нашых, а яны ведаюць. Гэты маёнтак тут, па гэтай самай дарозе, мне казалi, там iдуць радзей хваёвыя лясы. Маёнтак захаваўся цалкам, i дом, i паркi, i сады, i ўся будоўля. Але пакуль Палiводскi ўспомнiў пра маёнтак, ваенны начальнiк акругi абгледзеў яго i хоча сабе прысвоiць. Палiводскi жыве ў маёнтку i спрачаецца з ваенным немцам.
- Але куды ты iдзеш?! - крыкнуў Тамаш.
- Я iду ў той маёнтак. Можа мне там пашанцуе расквiтацца з Палiводскiм!
- А тады што?
- А тады куды закiне вецер, або хоць канец.
- А дзе табе жалезам галаву растаўклi?
- У Вялiкiм скрыжаваннi.
- Ты там доўга быў?
- Я там перабыў усе свае хваробы.
- Што там чуваць? Каго ты там баяўся?
- Немцаў баяўся, iм стараўся на вочы не трапляцца. Яны i слухаць не хацелi, што я iм служыў. Тамашнiх людзей баяўся. Там нейкi Лукашэвiч чуцён: якраз на Вялiкiм скрыжаваннi, калi я яшчэ ў тым баку быў, ён напаў на цэлую калону нямецкiх грузавых машын, i ўсе яны там на дарозе i асталiся. Я дрыжаў, каб i яны мяне не ўбачылi дзе. Вось я, як голы, тут перад вамi, я нiчога не ўтаiў i нiчога не выдумаў. Я даўно ўжо так не еў, як цяпер з вашых рук.
- У цябе зброя ёсць?
- Анiякае.
- А чым жа ты з Палiводскiм квiтацца будзеш?
- Я там на месцы што-небудзь прыдумаю, а так мне смялей iсцi.
- Вывернi кiшэнi i пакажы пазухi.
- Добра... Добра...
- Ну вось так. А цяпер скажы, як на споведзi: уночы не ўцячэш, калi цябе не вартаваць?
- А куды мне ад вас уцякаць?!
- Ну дык кладзiся на траву i спi, бо ўжо вечар нахапiўся. Яшчэ пакуль сонца зойдзе, можаш выспацца.
Акаловiч скруцiўся ў жмут i стаў густа дыхаць у ствол паваленага дрэва. Блiжэй к дарозе лёг Тамаш. Сымон Ракуцька прыпёрся плячыма да бярозы i задрамаў. Ноч прайшла, як адзiн момант. Першы прахапiўся Сымон Ракуцька i штурхануў Тамаша.
- Пакiдаю яго табе, - сказаў Тамаш да бацькi i паказваючы на соннага Акаловiча. - Каб ён нам не нашкодзiў. - Яны абнялiся i пацалавалiся, i Тамаш адразу рушыў у дарогу. Ракуцька штурхануў Акаловiча. Той шпарка заварушыўся i ўстаў, нейкi занадта рухавы.