- Мне трэба iсцi зараз, - сказаў Ракуцька.
- I я пайду, - узбуджаным тонам абазваўся Акаловiч.
- Куды?
- Я з'яўлюся да Палiводскага i вазьму яго за горла.
- А чаго ты такi трапяткi сёння стаў? Учора ты быў вялы, як п'яўка.
- Мне сёння лягчэй. I на душы лягчэй, калi я скiнуў з яе камень гаворкаю з вамi. Мне можна iсцi?
- Пачакай, пачакай. Я цябе павiнен тут раней прыкончыць, а ты сабе iдзi куды хочаш. Гэта ж i ты абкрадаў мяне, калi ад мяне ўкралi маiх дзяцей!
Сымон Ракуцька дастаў з-пад жакеткi рэвальвер. Акаловiч пабялеў i астаўся стаяць. Ракуцька прыгнуўся ў куст i развязаў торбу.
- На i ты жуй, выварак чартоўскi!
Сонца яшчэ не дайшло да паўдня, як Акаловiч папрасiўся ў Ракуцькi, каб той дазволiў яму ляжаць. Ракуцька кiўнуў галавой. Акаловiч быў, мусiць, вельмi абыякавы да свайго стану, бо, як толькi лёг, адразу заснуў, зноў носам у ствол паваленага дрэва. Ракуцька паглядзеў на яго i сеў каля свае торбы. Чалавек, якi доўга быў толькi сам з сабою, можа мець прывычку гаварыць сам сабе. Сымон Ракуцька мыляў губамi i шаптаў сабе пад нос:
- Як сонца нiжэй сплыве - пайду ў дарогу, каб iсцi да позняй ночы. А што з гэтым безгалоўным прайдзiсветам рабiць, перуны яго ведаюць. Можа застрэлiць падлу?.. - Ракуцька абмацаў свой рэвальвер i ўбачыў, што Акаловiч спiць, як улiплы ў зямлю. Ракуцька паглыбiўся ў свае думкi i сцiшыўся. Лёгкая дрымота агарнула яго, а пасля ён i прыснуў трохi. I можа нават больш як трохi, бо, прахапiўшыся, убачыў, што сонца ўжо куды нiжэй стаяла. Шпарка ўстаў ён i з раптоўнай трывогай убачыў, што торбы з хлебам каля яго не было. Машынальна кiнуў ён вачыма да паваленага дрэва. Нiякага там Акаловiча таксама не было, адно прымятая трава сведчыла, што на ёй ляжаў чалавек. Ракуцька ўтрупянеў. Азiрнуўшыся на ўсе бакi, ён у момант сабраўся ў сваю дарогу. Месца гэтае асталося пустое i аставалася так, можа, больш за тыдзень. За гэтыя днi з бярозы нападала на дарогу многа жоўтых лiсткоў. Кожны раз надвечар, калi яснае сонца перад захадам сваiм прабiвалася праз вяршалiны лесу i свяцiла на дарогу, жоўтае лiсце вельмi яскрава выбiвалася з зялёнага колеру травы. Аднойчы ў гэты час дня да гэтага месца падышоў Нявада. Iшоў ён роўнаю i размеранаю хадою, i адзежа на iм, той самы выцерты плашч i ўсё iншае, абтрапалася, абшморгалася аб зямлю i траву. У вялiкай адзiноце ён стаяў пасярод дарогi над жоўтым лiсцем i некалькi разоў уздыхнуў: "Божа мой, Божа, восень". Пасля той жа ранейшай паходкай рушыў далей i скрыўся ў прыдарожных дрэвах. Яшчэ праз колькi дзён гэтай лясной дарогай прайшлi два нямецкiя танкi i густа абстралялi лес паабапал дарогi. А пасля гэтага назаўтра тут праехалi чатыры грузавiкi, паўнюткiя нямецкiмi аўтаматчыкамi. Следам за грузавiкамi iшла лёгкая машына. У ёй сядзеў нямецкi афiцэр, узросту сярэдняга i такой жа афiцэрскай годнасцi. Аўтаматчыкi таксама абстралялi лес паабапал дарогi. Пасля гэтага яны праскочылi праз лес назад i паiмчалiся шляхам на захад. Даехаўшы да Вялiкага скрыжавання, яны выкiравалiся на шашу i спынiлiся на абочыне. Афiцэр закамандаваў чакаць. Салдаты паселi на адкосах, гаварылi, смяялiся i курылi.
У той жа самы дзень ранiшнiм цягнiком з захаду ў Бараванiчы прыехала пара пажылых немцаў, ён i яна. Яна яго называла Густавам, а ён яе Гертрудай. Кожнаму з iх было год пад шэсцьдзесят. Паважна гэтая пара выйшла на пляц перад ганкам Баранавiцкага вакзала, i ён некалькi разоў пiльна азiрнуўся, а да яго ўжо iшоў з роўнай выпраўкай плячысты i разам з тым тонкi ў стане, з вясёлым тварам, i, здаецца, вельмi жыццярадасны чалавек у вайсковай форме, але, можа, ён i не быў чыстым вайскоўцам, бо некалькi чалавек цывiльных чыноўнiкаў абкружвала яго. Iшла за iм i вайсковая ахова - салдаты з аўтаматамi i з iншаю зброяй. Гэта быў нейкi паважны чын, з усяго было вiдаць. Ён подбегам падышоў да таго, каго Гертруда звала Густавам, i яны абнялiся i пацалавалiся. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сцiснутых губах абняла санавiтага чалавека i назвала яго таксама Густавам. А той адказаў старой жанчыне доўгiм пацалункам i пад руку падвёў яе да машын, што стаялi з левага боку ад ганка. Ён пасадзiў Гертруду i Густава ў адну з машын, i побач шафёра сеў аўтаматчык. Сам ён з двума аўтаматчыкамi сеў у другую машыну. Гэтыя дзве машыны пайшлi следам за трыма грузавiкамi з салдатамi, а за iмi пайшлi яшчэ тры грузавiкi з салдатамi. Так усе гэтыя паязджане выехалi з Баранавiч на Сiняўку i далей проста iмчалiся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Ехалi яны доўга без прыпынку i толькi спынiлiся на Вялiкiм скрыжаваннi. Пакуль шафёры правяралi машыны i надзiмалi шыны, Густаў старэйшы высунуўся з машыны i ўглядаўся ў вялiкае дрэва. На твары яго ляжала пячаць здзiўлення, напружання думак i як бы смутку, але пасля твар яго запаланiла рыса ўпэўненасцi, спакою i разам з тым цiкаўнасцi i халоднай разважлiвасцi. Было падобна, што на яго найшло многа жыццярадаснай самаўпэўненасцi ад санавiтага Густава маладзейшага, якi ў гэты час праходжваўся па шашы, а пасля падышоў да старэйшага Густава. Зноў, як на Баранавiцкiм вакзале, пачулася памiж iмi нямецкая мова. Маладзейшы Густаў гаварыў так, быццам захлёбваўся. Старэйшы гаварыў спакайней. Ён выказаў думку, што яго агортвае неспакой душы i што яго мучыць трывожнае ўражанне, што ён ужо калiсьцi бачыў гэтае дрэва. Як страшны кашмар пануе ў iм над усiм выразнае ўяўленне гэтага велiчэзнага дрэва. Больш таго. Нават дома, у Германii, праз добрыя два дзесяткi год, часта яго душылi начамi цяжкiя сны, i ў кожным сне заўсёды, над усiм хаатычным i кашмарным, узвышалася гэтае дрэва i унь той нават сук з палявым каршачком на iм. Божа, як усё выразна, дакладна i ясна! Унь жа на суку сапраўды сядзiць каршачок! Стары Густаў аж уздрыгануўся. Гертруда хапiла яго за руку i сама скаланулася. Густаў маладзейшы стаяў прыбянтэжаны.
- Нiчога дзiўнага няма, - сказаў ён, каб падбадзёрыць i падвесялiць старога. - Бывае, што сны што-небудзь такое пакiнуць у галаве i пасля здаецца... Сны яшчэ не даследаваны навукай.
- Не, - адказаў Густаў старэйшы, - гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаваннi дарог я тады ўпаў хворы, калi ў тую вайну мяне расейскi салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!
Гертруда ўздрыганулася i прылiпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлi i голас перарываўся:
- Я ведаю, чаму мы да канца дарогi не едзем цягнiком, а перасядалi ў машыны. На цягнiкi нападаюць невядомыя.
- Няма нiчога дзiўнага, - строга сказаў стары Густаў. - Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краiне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавiкi з салдатамi.
- Ты баiшся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я нiводным словам не папiкну цябе, але доўга тут не буду i назад у Германiю паеду. Заваяваную краiну павiнны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!
Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплiвасцi. Ён схмурнеў i шпарка прагаварыў:
- Ты немка, цi ты не дачка вялiкай Германii?!
- А ты, - аж затрэслася яна, - хiба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як глiна, i аддаваў чужаземцам i ворагам Германii тое, што павiнен быў бы прынесцi ў Германiю! А ты мяне папiкаеш? Тады б мы не шукалi шчасця ў гэтай невядомасцi, а мелi б шчасце дома.
Стары Густаў аж пазелянеў i сцiснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды: