Выбрать главу

I раптам пасля гэтых слоў штосьцi сталася з Кастусём. Незаўважна выйшаў ён з хаты i ўзлёг грудзьмi на бiла ў возе. Цяжкi, як стопудовы камень, смутак навалiўся на яго. Родныя мясцiны на Вiлейшчыне, куды яму прарочыў вярнуцца стары фельчар, звязвалiся ў яго ўяўленнях з бацькам. Як жа ён вернецца туды, калi ўжо бацькi няма? А калi i вернецца, то цяпер гэта ўжо не тое будзе. Конi пацерлiся мысамi аб яго плечы. Ён устрапянуўся i падклаў iм сена. Як увайшоў у хату, убачыў, што Волечка спiць не раздзеўшыся на тапчане пры печы i без нiчога пад галавою. Спяць дзе хто - немец, фельчар i салдат. Ён выйшаў зноў i лёг на воз. I зноў, як i тая ноч - з зорамi i цiшынёй. Яна яму здалася доўгай. I вядома: вераснёвыя ночы доўгiя. На свiтаннi ён моцна заснуў. Сонца пабудзiла яго. Яно бiла яму ў твар, але гэта было восеннае сонца, мяккае i лагоднае, як шчокi любага дзiцяцi. З вулiцы чулiся гукi напоўненай працай ранiцы. З комiна Волеччынай хаты iшоў дым. Ён спалохаўся, што праспаў нешта важнае, усхапiўся i застаў у хаце дзiўную сцэну: у залiтай сонцам хаце цесна было каля той лавы, на якой раней ляжаў хворы немец. У печы палаў агонь. Ружовенькi i свежы тварам немец адной рукой гладзiў па галаве Волечку, а ў другой трымаў сваё ўчарашняе пiсьмо i соваў яго ў фельчаравы рукi i штосьцi ўсё гаварыў, гаварыў, да чаго фельчар прыслухоўваўся.

- Ага, - зразумеў нарэшце фельчар, - ты рад, ты шчаслiвы, што ачуняў i ўжо здаровы? А ты думаў, што памрэш, адзiн сярод чужых людзей? Аж ты ўбачыў, што гэтыя людзi цябе ратавалi i паставiлi на ногi? Ты кажаш, што ў цябе ёсць дома сын, якому цяпер ужо дзесяць год? Ён таксама, як i ты, завецца Густаў Шрэдэр? Тое, што ён ёсць на свеце i што ты ачуняў, радуе цябе? Ага, ты хочаш чым-небудзь аддзякаваць нас усiх i найбольш гэтую малую? Ну дык яна завецца Волька.

Вядома, немец нiчога не ведаў, што кажа фельчар. Але ён, i не чуючы i нiчога не слухаючы, гледзячы сам у сваю душу, раптам прыгарнуў да сваiх грудзей Волеччыну галаву, i твар яго перасмыкнуўся момантным рухам шчасця. У наступны момант ён пачаў шнырыць па патайных кiшэнях i пад падшэўкай свае адзежы. Ён дастаў адтуль два цi, можа, i тры залатыя гадзiннiкi, некалькi залатых пярсцёнкаў, звязаных нiткай, i залаты нацельны крыжык праваслаўнай царквы - васьмiканцовы з мiнiяцюрным абразком на адваротным баку расейскага барадатага святога. Усё гэта ён загарнуў у прыгаршчы i сунуў у рукi Волечцы. Яна збянтэжылася i апусцiла рукi. Немец сiлаю даваў ёй гэты дарагi падарунак. Было вельмi падобна, што гэтыя рэчы душаць яго i ён стараецца выратавацца ад iх.

- Гэта табе, - гаварыў ён, - каб ты была шчаслiвая за маю радасць. Мой Густаў цяпер мае свайго бацьку.

Твар яго свяцiўся радасцю. Пячаць вялiкай праўды ляжала на яго вачах: ён уладар свету, бо ўжо зноў ходзiць па зямлi i трохдзённае змрочнае ўтрапенне яго мiнулася навек. А ўсё золата, якое толькi ёсць на свеце, нiкчэмная драбяза i непатрэбшчына перад самiм жыццём. Здавалася, праменне iдзе ад яго ўсмешкi. Усмiхаўся шчасцем i салдат, i фельчар, i нават Кастусь, толькi Волечка стаяла чамусьцi маўклiвая. Гэта была сцэна як бы бурнай чалавечай радасцi.

Салдат раптам сказаў:

- Ну што ж, Бог дасць, скончыцца вайна, i жыць будзем у сваю волю.

Немец усё гаварыў раз-поразу:

- Густаў, Густаў...

Фельчар як бы раiўся сам з сабою i сам сабе ўсмiхаючыся:

- Прыехаўшы дадому - адразу забегчы ў сад... - I тут жа растлумачыў, усё не спускаючы з губ усмешкi.

- Густаў... Густаў... - выварочваў немец перад гэтымi людзьмi сваю душу.

Здавалася, што няма на свеце нi вайны, нi выгнанства, а толькi радасць чалавека жыць сваею воляй.

Раптам салдат спахмурнеў, устаў i сказаў:

- Ну, немец, у дарогу.

Немец здагадаўся i таксама спахмурнеў.

Значыцца, i вайна была, i трэба было мець непрыемны абавязак гнаць палоннага чужынца, якога сюды загнала лiха, i трэба было iсцi пад канвоем.

Немец памахаў рукой Волечцы, i апошнi промень усмешкi патух на яго твары. Салдат апанураў адразу i выйшаў следам за немцам выконваць свой прыкры абавязак. Фельчар устаў, паглядзеў на залатыя рэчы, якiя ляжалi на стале, i панура прамармытаў: - Гэта расейскiя афiцэрскiя рэчы. Эйш, сукiн сын, паздзiраў з мёртвых або раненых. - Тут ён убачыў, што на стале ляжыць тое нямецкае пiсьмо. Ён стаў яго разбiраць, i многа прайшло часу, пакуль ён сказаў:

- Гэта жах, што ён пiша! Ён навек развiтваецца са сваiм Густавам. Дзiва што ён так узрадаваўся, калi ўбачыў, што жыў астаўся. Цi гэта ён мне гэтае пiсьмо даваў, каб я прачытаў яго? Цi яно яму ўжо не трэба? А лiха яго бяры, здам на пошту, няхай iдзе туды, да таго Густава.

Тут пад'ехала фурманка, i хата апусцела. Так гэтыя людзi, якiя не ведалi адзiн аднаго i перажылi разам момант радасцi, сабраўшыся на гэты момант у незнаёмай хаце, разышлiся хто куды, кожны ў свой бок. Залатыя гадзiннiкi, пярсцёнкi i крыжык ляжалi на стале, i двое маладых людзей, якiя стаялi яшчэ перад векам сваiм i толькi што выходзiлi яшчэ з свайго маленства, не ведалi, што рабiць з гэтым золатам. Можна сказаць, што яны не ведалi i цаны яму. Волечка з непаразуменнем падтулiла плечы i адышлася ад стала, трэба сказаць - задаволеная, што, нарэшце, хата была пустая ад чужых людзей i нiхто ёй не перашкаджае цяпер даiць i кармiць карову, прыбiраць у хаце, пазiраць у вокны, цi не сышлi з двара дзве куры, што былi ў яе гаспадарцы. Гэта не гаворачы ўжо аб тым, што адзiн за адным iшлi вераснёвыя днi, а ў яе яшчэ не было пасеяна жыта. Пра непасеянае жыта яна i ўспомнiла цяпер. Парыў смутлiвай заклапочанасцi рвануўся ў яе душы. Яна, як сталая, заламала рукi:

- А Божа мой, жыта не пасеяна. А восень iдзе.

- Дык я табе пасею, - сказаў, устрапянуўшыся, Кастусь.

- А хiба ты ўмееш?

- Я раз авёс сеяў, як бацька мой хварэў.

- А калi ж ты думаеш?

- Калi хочаш. Толькi, каб не марудзiць, мне ж трэба яшчэ i ў сваю дарогу выбрацца.

- Хоць заўтра.

- А насенне ёсць?

- Не намалочана. Снапы я звезла, сама i пажала. А сеяў яшчэ бацька.

- Дык я табе i намалачу.

У хвiлiны гэтай гаворкi ў яго бiлася ў жыццё вострае жаданне хоць якiм заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць ехаць немаведама куды.

Цяпер ён выразна падумаў: пакуль намалоцiцца i пасеецца, то пройдзе некалькi дзён. Якое шчасце яшчэ некалькi дзён спакою!

Вялiкi доктар усялякай хворасцi ў чалавечай душы - час - мае вечнага свайго дапаможнiка - працу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праз гадзiну якую пасля гэтай гаворкi Кастусь Лукашэвiч не меў у душы нi смутку, нi трывогi. Перш за ўсё яны агледзелi з Волечкай пуню з снапамi. У пунi ж быў i ток. Пасля ён праверыў Нявадаўскiя цапы. Вiдаць, добры гаспадар быў Нявада! Бiчы ў цапах былi важкiя i зручныя. Гужы шчыльныя, i завязкi з добрага сурамцу. Цапiльны ж ужо мусiць за цэлыя гады добра абгладзiлiся аб малацьбiтовы рукi. Кастусь выбраў цэп самы размашны, расклаў на таку снапы i пачаў.

- Давай у два цапы, - сказала Волечка.

- Куды ты, малая! Нашто табе тамiцца! Колькi тут той работы! Глядзi лепш хаты.

Браткi мае, што гэта быў за тон! Можна было падумаць, што ён век яе ведаў i быў блiзак ёй. I як гэты тон быў падобен на тон самога Нявады, бацькi, калi, бывала, ён з ласкай загадваў ёй што-небудзь! Апанованая одумам, Волечка i сапраўды пайшла ў хату. Да самага адвячорка яна чула ў хаце, як роўна стукаў на таку цэп. Гэты гук нагадваў ёй яе нядаўняе маленства i восень. Бывала (тады не было вайны i мацi была жыва) асеннiмi днямi бацька ўставаў прыцемкам малацiць, i мацi старалася, каб як найлепш накармiць бацьку. Ва ўспамiнах i iнстынктыўным адчуваннi гэтага стук цэпа еднаўся з тым, бывалiшнiм. Дзецi часта гуляюць у дарослых. Тут жа не было гульнi, была самая бязлiтасная неабходнасць, але Волеччын твар быў цяпер так падобен да твару зусiм малой дзяўчынкi, якая пераймае ўчынкi свае мацi! Пакуль Кастусь збiў два пасады, яна не адыходзiла ад печы. Многа разоў яна ў клопаце хадзiла ў агарод, у клець, у склеп, у прыгрэбку i ўсё думала, i ўсё шукала, i глядзела, чаго б яшчэ пакласцi ў гаршчок, i колькi (каб было ў меру) малака ўлiць, i колькi каб кiпела. Але тут яна ўжо мела практыку. Куды горш было з хлебам. Яна яшчэ не ўмела пячы хлеба. Хлеб кожны раз быў то адпечаны, то ацеслiвы. Цяпер хлеб быў ацеслiвы. Праўда, ён ужо быў трэцi тыдзень, i чорствасць зменшыла ацеслiвасць, але ўсё роўна сорам добрай гаспадынi даваць такi хлеб чужым людзям. А што ж iнакш рабiць? Што ж, няхай ён выбачае. I вось, нарэшце, настала хвiлiна есцi. Як добра ён адчуваў сябе пасля работы! А як была рада яна, калi ён весела сеў за стол. Яны елi з адной мiскi, i абое не заўважалi, што хлеб ацеслiвы. Ён усё гаварыў, гаварыў i наiўнымi, бадай што дзiцячымi жартамi рассмешваў яе, наiўную, малую, рухавую. Кудысьцi далёка, у невядомую туманную далечыню адплыў прыкры клопат думаць, куды б ехаць далей, у тую брадзячую беспрытульнасць.