Кузьма Чорны
Пошукі будучыні
Першая частка
Украдзенае маленства
Пладзецеся і размножвайцеся,
і напаўняйце зямлю…
I
Той дзень быў ціхі, хмурны, сухі і цёплы. Стаяў верасень месяц. І даўно гэта было. Час быў такі, што нашы бацькі былі на вайне. Ішла вайна з немцамі 1914–1918 гадоў. Усе мы былі або малыя, або самыя зялёныя падросткі. Асенні дзень ужо хіліўся да вечара свайго. Мы былі ў полі. Тыя гады прымусілі нас змалку дзён прывучвацца да плуга і касы, да пілы і сякеры, да гэбля і долата, да молата і кавадла. Гэтае начынне і прыладдзе, па якім яшчэ нядаўна хадзілі бацькавы рукі, было яшчэ і цяжкае і вялікае кожнаму з нас, але ў той меры, у якой ішоў час, усё больш звыкласць, як светлы ратунак, прыходзіла да нас, і, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, сталася так, што дзесяцігоднія дзяўчаткі жалі жыта, дванаццацігоднія хлапчукі аралі як мае быць, а пятнаццацігоднія самі вялі гаспадарку, кармілі сем’і працай сваіх рук, ведалі, дзе, што і як сеяць, умелі зрабіць новы панарад і драбіны і давалі слушныя заўвагі кавалю, калі той не так як трэба нацягваў шыну на кола. Шаснаццацігоднія хлопцы хадзілі па пілоўцы, а семнаццацігоднія пачыналі пераймаць цяслярства.
Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправіцца з работаю. Унь на самым крайнім палетку ходзіць за плугам чатырнаццацігодняя Волечка Нявадавых. Сам Нявада больш як паўгода не шле пісем з вайны. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Сама яна даволі рослая, і ранняя праца выраўняла яе, твар абветрыўся, рукі папрутчэлі і паходка стала цвёрдай. Асмугласць ляжала на яе шчоках, і босыя ногі не баяліся ржэўя. Подых восені ціхай задумёнасцю клаўся на поле, і ўдалечыні сіняя істужка лясоў здавалася разасланай цераз усю зямлю. Каржакаватая хвоя, якая расла на фоне лесу і далёка ад яго, здавалася рухавай: яна як бы ішла ў наш бок.
Дзень бадай-што ўжо канчаўся. Наша мястэчка стаяла ў лагчыне і ўжо ледзь відно было ў засцілах першых прыцемкаў. Сярод поля бялелася роўная істужка дарогі — гэта быў вялікі стары шлях паміж усходам і захадам. Нам дзіўна было бачыць, што ён цяпер пусты. Яшчэ некалькі дзён назад тут дзень і ноч грукацелі выгнанскія фурманкі. Тут праехалі польскія сяляне, нашы гародненцы, беластачане, віленцы і вілейчане. Паабапал гэтай дарогі навыростала многа магіл і крыжоў. Усе дні далёкая артылерыйская кананада на той бок Баранавіч глуха аддавалася ў нашых прасторах і абуджвала ў нашых душах трывогу і няясныя чаканні самага горшага.
Ужо Волечка Нявадавых кончыла работу і збіралася дадому. Сонца вісела над яснай далечынёй за нашым мястэчкам. Усе бачылі, як Волечка стаяла тварам на захад і, прыклаўшы руку да лба, углядалася ўдалечыню. Што яна там бачыць? Усе заўважылі нейкі невялікі рух пад тою адзінокаю хвояй. Тры чалавечыя постаці, воз з канём. Добра відно было, што двое паволі ідуць полем да трэцяга, які стаяў на шашы ля воза і трымаў каня. Ад шашы да хвоі зусім недалёка. Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Нешта было пад імі на возе. Трэці ішоў ззаду, а воз набліжаўся да нас.
— Чаго глядзець, — сказала Волечка і рухава сабралася рушыць дадому. Я вельмі добра аж дагэтуль памятаю тыя яе словы: хіба яна магла тады падумаць, што гэта едзе на старой растрэсенай фурманцы яе лёс?..
Фурманка спынілася на дарозе ў мястэчка, непадалёку ад Волечкі, якая ўжо выводзіла на тую ж дарогу свайго каня. Усё гэта было даволі дзіўнае. На старым, пазвязваным дротам і вяроўкамі возе стаяла зачыненая труна, на ёй, у задку воза, спіною к каню, сядзеў нейкі чалавек. Гэта была істота, на якую мы глядзелі з непаразуменнем: вочы чырвоныя і прыпухлыя, позірк вялы, твар спушчан уніз да грудзей, чалавек увесь сціснуты, скамечаны. Чым больш мы прыглядаліся, тым больш здагадваліся: гэта палонны немец. Ззаду за возам прыйшоў і канвойны расейскі салдат. Цяпер ён стаяў з вінтоўкай пры кані і сказаў да Волечкі:
— Што гэта за мястэчка унь відно ў лагчыне?
— Сумлічы, — адказала Волечка.
— А ці знойдзецца там, каб у каго пакласці нанач гэтага немца?
— Дык дзіва што знойдзецца, — адказалі мы ўсе хорам, зацікаўленыя тым, што ў нашым мястэчку будзе начаваць палонны немец.
— Ён хворы, — растлумачыў нам салдат. — Трэба даць яму паляжаць, а то ён не дойдзе да месца. І так дарогаю колькі разоў лажыўся каля дарогі. Унь пад той хваінай у полі нешта гадзін дзве ляжаў. Гэта добра, што гэты хлопец з возам якраз натрапіўся на дарозе. А то мне было хоць скачы каля яго. Не ўстае, дый годзе. А яшчэ далёка асталося мне яго канваіраваць.