Выбрать главу

— Як жа яе спілаваць? А ляснік звон пачуе.

— Не пачуе. Трэба вышэй пілы камель шчыльна абкруціць кажухом і цесна перавязаць, а тады пілаваць. І ніякага звону не будзе. Толькі кажуха няма.

— А вон жа! — ускінула яна ўгару плячыма: яна была ў старым, на яе велікаватым кажушку. — Толькі хіба можа ён малы будзе.

— Якраз добра.

Яна ацаніла яго руплівасць. У гэтыя часы свайго жыцця, калі яна многа думала пра бацьку, яна была абыякавая да шулаў і да продажу старога каня, але ёй было шчасце мець каля сябе такога блізкага ўжо і аўтарытэтнага Кастуся Лукашэвіча. Усё, што ён скажа — усё добра. З якой ахвотай яна будзе пілаваць з ім уночы гэтае сухое дрэва! Гэтая гаворка зноў зрабіла іх як бы нейкімі змоўшчыкамі. Яна сядзела наверсе воза, а ён ішоў збоку і павярнуў каня на кругавую дарогу:

— Зробім круг, але паглядзімо, як узышло жыта, — сказаў ён.

Ён хітрыў перад ёю. Ужо разоў некалькі ён хадзіў глядзець жыта, а цяпер таму і павёз сюды Волечку, што яно ўзышло добра. Як сявец ён вытрымаў экзамен як найлепш. Волечка саскочыла з воза і стала над сваім палеткам. Густа і роўна стаяла над прымерзлай зямлёй рунь. Кастусь аж падкінуў каню сена, каб Волечка не спяшалася і як трэба ўгледзелася ў яго работу. У яго быў такі выгляд, як бы гэта ён сам выдумаў на свеце, што раней сеюць, а пасля пасеянае ўзыходзіць. Волечка змерзла стоячы. Раней у іх былі думкі задаволення аб тым, што двор завален дрывамі, пасля некалькі дзён думалася аб добра пасеяным жыце. А пасля надышла чарга той сухой хвоі. Так і праходзілі ў іх дні. Ноч, калі трэба было ехаць спілоўваць хвою, выбрала яна. Ён сумысля маўчаў. Ён такі пабойваўся гэтай, выдуманай ім самім, справы. Хаця каб не здарылася якой-небудзь злой прыгоды! Якой радасцю ўстрапянулася яго сэрца, калі з самага вечара яна сказала яму: — Узняўся вецер, у лесе будзе шумець і трашчаць. Пілу цяжэй чуць будзе. Ці не паехаць сёння?

Не кажучы больш адзін аднаму ні слова, яны, адзетыя, пасядзелі ўпоцемку, паслухалі, як гудзе на дварэ вецер, паглядзелі, як стаіць сярпок месяца, і выехалі з двара. У вышыні лесу гуло і трашчала, быццам над лесам цяглося што гулкае і неспакойнае. Ён адразу знайшоў патрэбнае дрэва. Яшчэ тады, удзень, ён вымеркаваў, у які бок яно павінна ўпасці. І цяпер ён вобмацкам прыставіў пілу. «Няхай сабе звініць, — думаў ён, — абы хутчэй». Але яна не вытрымала. Яна скінула з сябе кажушок, і ён зразумеў яе трывогу. І ў яго душа ныла. Скінуў ён і з сябе світу. Калі кажушком і світай, згамтанымі разам, ён абкруціў дрэва вышэй пілы і перацягнуў сваёю папружкай, звон і сапраўды стаў глушэйшы. Як ні стараліся яны цягаць пілу, прайшло даволі многа часу, пакуль дрэва лягло.

— Пачалі — дык трэба канчаць, — сказала яна, і ён з-за ветру ледзьве пачуў яе. Пакуль яны распілавалі хвою на кавалкі, з абаіх ішоў пот, і вецер працінаў іх.

— Садзіся хутчэй на воз і накідайся паверх кажуха маею світай, — цвёрда скамандаваў ён. — А я хуценька завязу цябе дадому, бо захалодзішся.

— Тут жа недалёка, я шпарка пайду.

— Садзіся! — крыкнуў ён, і яна паслушна села. Дома ён загадаў ёй класціся спаць, а сам зноў пагнаў каня ў лес. Калі ён вярнуўся дадому, ужо спявалі пеўні. Разгрузіўшы воз і паставіўшы каня, ён увайшоў у хату ціхенька, каб не пабудзіць яе, і ўбачыў, што яна не спіць, а стаіць ціха, прыпаўшы да аконнай шыбы. Узбуджана яна сказала, што з трывогай чакала яго і баялася якой-небудзь злой прыгоды.

— Не стой, а кладзіся і каб ты мне да раніцы выспалася! А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенні.

З хаты ён выйшаў не раней як тады, калі яна лягла і сцішылася. Ён доўга важдаўся на двары і ў пуні. Ужо цадзіцца пачынала кастрычніцкае рассвітанне; пеўні галасілі, здавалася, па ўсім свеце. «Ці спіць яна, такая клапатлівая?» Увайшоў у хату і прыслухаўся. Яна цяжка, не так, як заўсёды, дыхала. А ў яго балелі плечы, нылі ногі, цяжэла галава і хіліла на кашаль. З вялікай сілай яго цягнула ў пасцель. Шпарка ён запаліў лучыну і падышоў да Волечкі. Ён здзівіўся — такі чырвоны і неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю. Яна раскрыла вочы, і абыякавасць да ўсяго была відна ў іх. Гэта была небывалая ніколі раней рыса ў яе, і ён жахнуўся:

— Волечка, што з табою. Табе што-небудзь баліць?

— Нічога, толькі ў грудзях.

— А больш?

— Больш не, толькі галава.

— А больш нічога не баліць?

— Нічога, толькі ў горле.

— Ну а яшчэ дзе баліць?

— Ані нідзе.

— Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю і памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось які хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.